І адгукнецца ў сэрцах памяць…

На гэтым тыдні наш раён прымаў удзельнікаў ХІІІ рэ-гіянальнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Пачалося мерапрыемства каля памятнага знака загінуўшым воінам, што знаходзіцца на тэрыторыі агралесатэхнічнага каледжа. Тут прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 22-ой гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана. Традыцыйна штогод сюды прыходзяць людзі, каб ушанаваць памяць землякоў, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. На рэгіянальную сустрэчу прыехалі дэлегацыі суседніх Шклоўскага, Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў. Да мемарыяльнага знака былі ўскладзены жывыя кветкі і гірлянды.
Адкрываючы мітынг, старшыня Магілёўскага райвыканкама Д.Д.Гобараў адзначыў, што самая працяглая вайна мінулага стагоддзя, афганская, была і застаецца ўсенародным болем. Назаўсёды ў памяці нашчадкаў застануцца светлыя вобразы воінаў-інтэрнацыяналістаў 80-х гадоў і тых, хто не вярнуўся жывымі з Афганістана.
Праходзяць гады, але жыве памяць аб тых жудасных падзеях. І маладое пакаленне павінна вучыцца на прыкладах мужнасці і адвагі.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранкоў, выступаючы на мітынгу, адзначыў, што мінула 22 гады з пары, як апошні салдат пакінуў Афганскую зямлю. Час бяжыць імкліва. Але ў сэрцах тых, хто прайшоў дарогамі Афганістана, застаўся шчымлівы боль.
Г.М.Лаўранкоў выказаў вялікую ўдзячнасць воінам-інтэрнацыяналістам за патрыятызм, адданасць воінскаму доўгу, за тое, што яны прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні моладзі.
У.І.Каляда, старшыня раённай грамадскай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, сваё выступленне пачаў з верша, у якім яскравымі радкамі ўзгадваецца аб падзеях той жудаснай вайны. Разам з тым адзначалася, што ў Дзень памяці збіраюцца былыя воіны, каб узгадаць баявых таварышаў, падзяліцца ўспамінамі.
Вучань Арцём Тарасаў выказаў словы ўдзячнасці старэйшаму пакаленню за праяўленую мужнасць і адзначыў, што навучэнцы каледжа асабліва ганарацца подзвігам Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава — былога выпускніка гэтай навучальнай установы.
У гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў былі дадзены тры залпы. Страявым маршам прайшлі воіны Магілёўскага гарнізона, прадстаўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Урачыстае мерапрыемства прадоўжылася ў зале Дома культуры агралесатэхнічнага каледжа.
Вядучыя прадставілі ганаровых гасцей. Сярод іх: арганізатар рэгіянальнай сустрэчы, старшыня Федэрацыі гандбола Беларусі У.М.Канаплёў, намеснік старшыні аблвыканкама В.А.Малашка, генерал-палкоўнік, удзельнік падзей у Афганістане У.Д.Ягораў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.І.Разганаў, А.С.Сакадынец, У.І.Сімірскі, старшыня рэспубліканскага савета ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” У.К.Тоесцеў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» У.М.Васіленка, Беларускі транспартны пракурор А.К.Дудкін, ваенны камісар Магілёўскага абласнога ваенкамата, удзельнік падзей у Афганістане М.С.Крыўчэня.
Вядучая зачытала тэлеграму, адрасаваную ўсім удзельнікам рэгіянальнай сустрэчы, якую даслаў на-
меснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь В.М.Іваноў.
Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся У.М.Канаплёў, які адзначыў, што традыцыя збірацца разам усім воінам-інтэрнацыяналістам чатырох раёнаў вытрымана часам.
Перагортваючы старонкі гісторыі, было ўзгадана аб суровых падзеях тых гадоў. У.М.Канаплёў зазначыў, што салдаты і афіцэры паказалі на вайне прыклады гераізму, годнасці і славы. Пры гэтым адзначалася, што ў нашай краіне з глыбокай павагай ставяцца да тых, хто не вярнуўся з Афганістана.
Намеснік старшыні аблвыканкама В.А.Малашка гаварыў аб тым, што беларускаму народу ніколі не забыць мужнасць і адвагу нашых салдат, якія не выбіралі тую «незразумелую» вайну. Больш за 190 ураджэнцаў вобласці ўзнагароджаны ордэнамі, 1300 – медалямі.
В.А.Малашка ўручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама былым “афганцам” за актыўную работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Адбылася прэм’ера песні на словы ўдзельніка афганскіх падзей У.Карпухіна, якую выканаў самадзейны кампазітар М.Яцкоў.
Падзяліцца ўспамінамі вядучыя папрасілі былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прысутнічалі ў зале.
Словы ўдзячнасці за арганізаваную сустрэчу выказалі старшыня абласной грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” У.М.Васіленка і старшыня раённага савета ветэранаў А.Я.Цароў. Ад маладога пакалення выступіў М.Пліндоў.
Работнікі раённага Цэнтра культуры, лепшыя творчыя калектывы раёна падрыхтавалі канцэртную праграму і літаратурна-музычную кампазіцыю.
Святочны канцэрт зорак беларускай эстрады стаў працягам урачыстасці. Гучалі песні ў выкананні народнага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Скорыкава, заслужанай артысткі Іны Афанасьевай, гурта “Тяни-Толкай”, ансамбля “Песняры”, а таксама заслужанага артыста Расіі Валерыя Чарняўскага і многіх іншых.

Алег ДЗЯТЛАЎ.
Фота: Алега ФАЙНІЦКАГА,
Ірыны БАЧКАРОВАЙ.

Добавить комментарий