100-тысячны хлебны каравай – дзяржаве

У суботу нават надвор’е змяніла сваю традыцыю і замест дажджу паслала на неба сонца. Промні яго золатам рассыпаліся па хлебнай ніве, ствараючы святочны настрой. І сапраўды, у той дзень хлебаробам было чаму радавацца: 12 жніўня Магілёўскі раён першым ў вобласці пераадолеў 100-тысячны рубеж па намалоту зерня.

Нягледзячы на гарачую пару, гэту падзею нельга было пакінуць без увагі. Ушанаванне перадавікоў адбылося на палетках ЗАТ АК “Зара”, гаспадаркі, якая на працягу ўборачнай кампаніі не ўступае лідэрства, і дзе экіпаж у складзе У.В.Корсака і Р.С.Багачова першым у краіне намалаціў тысячу тон хлеба, а таксама раней за ўсіх у вобласці пераадолеў двух- і трохтысячныя рубяжы і, зноў жа, стаў першым чатырохтысячнікам у рэспубліцы.

У той дзень на свята завіталі: старшыня райвыканкама Дз.Дз.Гобараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.І.Разганаў, кіраўнікі службаў, аддзелаў райвыканкама, сельгаспрадпрыемстваў-лідэраў.

Старшыню Магілёўскага аблвыканкама П.М.Рудніка і ўсіх гасцей народны ансамбль народнай песні “Славіца” Цэнтра культуры сустракаў “Прывітальнай”. “Каб свяціла наша сонца на ўсёй зямлі”, — пажадалі артысты. І сапраўды, сонца сёлета нават з-за хмар асвятляла дарогу хлебаробам Магілёўскага раёна, якія дзякуючы высокай арганізацыі працы, самаадданасці і майстэрству дабіваліся поспехаў.

Як даклаў губернатару старшыня Магілёўскага райвыканкама Дз.Дз.Гобараў, ва ўборачнай кампаніі ў раёне ў гэтым годзе прымае ўдзел больш за 600 чалавек. Працуюць 152 уборачныя экіпажы, 12 з іх намалацілі звыш тысячы тон зерня. Сярод гаспадарак лідыруюць: ЗАТ АК “Зара” (намалочана больш 15 тысяч тон пры ўраджайнасці 73 ц/га), СВК “Палыкавічы” (10 тысяч тон, 60 ц/га), СДП “Авангард” (больш 9 тысяч тон, 57,1 ц/га), ААТ “Магілёўская РАПТ” (больш 7 тысяч тон, 40,4 ц/га), ААТ АК “Усход” (больш 5 тысяч тон, 61,8 ц/га).

Што датычыць дзяржзаказу, то на 13 жніўня ён выкананы раёнам больш чым на 80 працэнтаў. У цэлым жа, як было заўважана, хлебаробы накіраваны на паспяховае завяршэнне ўборкі ўраджаю і выкананне ўсіх пастаўленых задач.

Старшыні аблвыканкама быў паднесены ад працаўнікоў Магілёўскага раёна сноп з сёлетняга ўраджаю і прыгожы духмяны каравай. У сваю чаргу, адзначыўшы вялікую каштоўнасць гэтага падарунка, П.М.Руднік агучыў рашэнне аблвыканкама ўзнагародзіць хлебаробаў Магілёўскага раёна сертыфікатам на 100 мільёнаў рублёў, які губернатар уручыў старшыні райвыканкама Дз.Дз.Гобараву.

Старшыня аблвыканкама нізка пакланіўся хлебаробам за самаадданую працу, пажадаў усім моцнага здароўя, а Магілёўскаму раёну — дасягнуць яшчэ больш высокай планкі па намалоту зерня.

Цёплыя, шчырыя словы падзякі П.М.Руднік адрасаваў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, якім тут жа былі ўручаны майкі “Лідэр жніва”.

“Спявай душа народная”, — палілася над палеткамі песня. У добры час хлебаробы! Няхай ваша праца заўсёды дае плённы ўраджай у імя дабрабыту, радасці і шчасця людзей, працвітання нашай любімай Радзімы.

Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.

Добавить комментарий