Звінелі песні ў гонар пераможцаў

Прыемнымі навінамі была адзначана раніца панядзелка 15 жніўня. Магілёўская вобласць пераадолела мільённую планку на ўборцы зерневых. А ў нашым раёне вечарам, 14 жніўня, гераічны экіпаж У.В.Корсака і Р.С.Багачова ўзяў чатырохтысячны рубеж.

У каторы раз на палетках ЗАТ АК “Зара” зазвінелі песні. Радасць перапаўняла сэрцы ўсіх, хто сабраўся на гэта свята, бо нездарма ж кажуць, што хлеб на стале – багацце ў хаце. Вось і скарбонка нашай краіны ў той дзень стала больш важкай аж на цэлы мільён тон зерня.

“Прывітальная” разнеслася па наваколлю, калі на зароўскую зямлю ступілі: старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік, памочнік Прэзі-дэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранкоў, намеснік старшыні аблвыканкама А.М.Ісачанка, старшыня абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню А.І.Чыкіда і старшыні ўсіх раённых выканаўчых камітэтаў вобласці.

Адкрываючы імправізаваны мітынг, губернатар павіншаваў працаўнікоў з пераадоленнем мільённага рубяжа, падзякаваў хлебаробам за самаадданую працу, вынікам якой з’яўляюцца высокія намалоты хлеба, што выступае гарантам харчовай бяспекі нашай дзяржавы. П.М.Руднік выказаў спадзяванне, што раёнамі да канца ўборачнай будзе пераадолена яшчэ не адна стотысячная планка па намалотах зерня. Віншуючы хлебаробаў са святам, кіраўнік вобласці пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага блакітнага неба.

У той жа час самыя цёплыя і шчырыя словы былі адрасаваны непераможнаму экіпажу У.В.Корсака і Р.С.Багачова, якім губернатар уручыў Падзячныя пісьмы аблвыканкама, а таксама, ужо традыцыйна, падарункі жонкам, што забяспечваюць надзейны тыл, – на гэты раз кошыкі з мяснымі вырабамі. Узяць пяцітысячны рубеж — такім было пажаданне.

“Калі б такіх экіпажаў было больш, то наша краіна стала б намнога багацей”, — заўважыў П.М.Руднік і праінфармаваў, што хадайнічае аб прадстаўленні неаднаразовага лідэра рэспубліканскіх “Дажынак” У.В.Корсака да дзяржаўнай узнагароды. Добрая навіна для ЗАТ АК “Зара” і ў цэлым для нашага раёна!

Тым часам свята працягвалася і старшыня абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню А.І.Чыкіда, падзякаваўшы П.М.Рудніку за клопаты аб сельскай гаспадарцы, уручыў сноп і духмяны каравай з мільённага намалоту. У асобе Г.М.Лаўранкова ад аграрыяў А.І.Чыкіда адрасаваў вялікую падзяку Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за дапамогу Магілёўскай вобласці і перадаў сноп новага ўраджаю. Разам з падзячнымі словамі прыгожыя караваі былі ўручаны памочніку Прэзідэнта Г.М.Лаўранкову і намесніку старшыні аблвыканкама А.М.Ісачанку. 

Губернатар выказаў падзяку хлебаробам усіх раёнаў за ўклад у агульную скарбонку вобласці і ўручыў кожнаму па хлебнаму караваю. Як было адзначана, Магілёўскі раён займае першае месца ў вобласці па выніках уборкі ўраджаю, Шклоўскі — на другім, а Горацкі — на трэцім месцах.

Старшыня Магілёўскага райвыканкама Дз.Дз.Гобараў ад усіх калег выказаў кіраўніцтву вобласці словы шчырай падзякі за ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу. Што датычыць Магілёўскага раёна, то, як было заўважана, будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб не толькі ўтрымаць, занятыя пазіцыі, але і памножыць дасягнутыя рэзультаты, тым самым, выканаць усе пастаўленыя задачы.
На гэтым жа свяце Ганаровую грамату аблвыканкама, грашовую прэмію і падарунак П.М.Руднік уручыў старшыні Касцюковіцкага райвыканкама М.Р.Барысаву, які адзначыў 65-гадовы юбілей. Віншуючы юбіляра, губернатар падкрэсліў яго працоўныя дасягненні, а самае галоўнае — запэўніў, што вопыт кіраўніка, яго самаадданасць высока ацэнены і яшчэ доўга будуць запатрабаваныя.

Ліецца песня на прасторы. Зямны паклон вам, хлебаробы! Няхай заўсёды светлым будзе ваша жыццё, як тая раніца, што кліча вас у поле!

Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.

Добавить комментарий