Сцэнка з вясковага жыцця

Для сямейнага тэатра

З хаты выйшла Дар’я, убачыла суседку, якая спраўлялася на падворку:
Дар’я – Алена! Го, Алена!
Алена – Чаго ты там крычыш?
Дар’я – Кажу, ці чула ты, што ў Мар’і здарылася?
Алена – Ну, што там яшчэ ў тваёй Мар’і здарылася?
Дар’я – Ды кажу, карова ў яе звар’яцела!
Алена – Ты сама, здаецца, звар’яцела, крычыш, як рэзаная!
Дар’я – Крычыш, крычыш! Ты паслухай, што Мар’я кажа: пайшла гэта яна сваю Пярэстую даіць, а тая яе не прызнае – хвастом мянташыць, брыкаецца. Мар’я з аднаго боку падыдзе, з другога – трасца яе, рогі настаўляе!
Алена – Хто? Мар’я?
Дар’я – Цьфу! Ды не Мар’я, а карова яе рогі настаўляе, кажу. Ну, Мар’я неяк прымасцілася, падаіла, а тая нагою па вядры як трэснула, дык малако і палілося, а Мар’я прама ў тое малако і села з перапуду. Цяпер вось пайшла да бабкі Фёклы варажыць, мо, падрабіў хто якую трасцу.
Алена – А-я-яй, якое ліха. Во ж бедная Мар’ячка!
Дар’я – Во, бачыш! А ты “звар’яцела, звар’яцела!..” Ну, добра, бывай ужо. Пабягу спраўляцца.
Праз колькі хвілін Алена збачыла, што па вуліцы ідзе Ганна.
Алена – Дзень добры, Ганначка! Куды гэта ты спяшаешся?
Ганна – Ды ў краму сабралася. Кажуць, учоры тавару навезлі, дык, мо, куплю што.
Алена – Пачакай! Паспееш яшчэ з таварам! Лепей паслухай, што раскажу. Бяда з Мар’яй!.. Пайшла гэта яна сваю Пярэстую даіць. А тая стаіць пасярод пуні, з роту – пена, вочы крывёю наліліся, як кінулася на Мар’ю ды рагамі як трэснула! Дык тая ледзь костачкі пасабірала…
Ганна – Якія яшчэ яна костачкі збірала, навошта?
Алена – Ды свае костачкі! Ледзьве паднялася яна! Косці пераламала, як падала. Во!
Ганна – Ай, гора, дык гора! Ну, дзякуй, што расказала, трэба будзе зайсці паглядзець, як яна, мо, доктара якога трэба паклікаць!
Па дарозе ў магазін Ганна даганяе Марфу:
Ганна – Пачакай, Марфа! Ой, якое гора ў нас у вёсцы! Ой, гора! Бедная Мар’я!
Марфа – Ды што здарылся? Захварэла Мар’я ці што?
Ганна – Ой, горш, даражэнькая! (галосіць). Ой, Мар’юшка ты наша, Мар’юшка. Ой, падружанька ты наша дарагая!
Марфа – Ну, хопіць ужо! Кажы, што нарабілася!
Ганна (выціраючы слезы) – Ну, гэта, пайшла Мар’юшка Пярэстую сваю даіць. А тая стаіць сярод пуні: вочы крывёю наліліся, рогі на Мар’ю наставіла, дый раптам чалавечым голасам кажа: “Чаго Мар’я спазнілася? Ужо даўно трэба было мяне падаіць!”. Мар’я адразу – бразь аб зямлю… і ўсё.
Марфа – Няўжо памёрла?
Ганна (усхліпваючы) – Ох, Мар’юшка, Мар’юшка. (Пайшла).
Марфа (ідучы) – Мар’я, Мар’я! Такая працавітая была! А весялуха якая! А вось з-за нейкай дурной каровы Богу душу аддала.
Марфа падымае галаву і бачыць, што насустрач ёй ідзе Мар’я. Марфа не верыць сваім вачам, хрысціцца і адыходзіць назад са словамі:
Марфа – Згінь, халера! Згінь, праклятая!
Мар’я (ідзе прама на яе) – Марфа, што з табою? Чаго ты ад мяне, як ад чорта якога, уцякаеш?
Марфа падае.
Мар’я (крычыць) – Людзі! Дапамажыце, людзі! Ратуйце! (Трасе Марфу).
Марфа (расплюшчвае вочы) – Жывая?
Мар’я – Жывая, жывая!
Марфа, глянуўшы на Мар’ю, зноў падае.
Збіраюцца людзі, прыводзяць Марфу ў прытомнасць…

Святлана ДЗЯДУШКА.

Добавить комментарий