Пра каханне (казка-быль)

Бярозка пацягнулася ўсімі сваімі галінкамі і прачнулася. Ад захаплення дрэўца ажно разгубілася: аксамітная маладая траўка пакрыла землю, дзе-нідзе выглядвалі жоўтыя кветкі-зорачкі, ствараючы маляўнічую карціну. У блакітным небе весела смяялася сонейка, забаўляючыся з лёгкімі белымі воблачкамі. Птушыныя галасы запоўнілі наваколле цудоўнай вясенняй мелодыяй. Лёгкі ветрык калыхаў кволыя клейкія яшчэ лісточкі, і яны пераліваліся серабром кропелек расы на сонцы. Бярозцы зрабілася так весела і радасна, што гэтай радасцю захацелася з кім-небудзь падзяліцца.
— Добры дзень, сусед! — звярнулася яна да дуба, што стаяў непадалёку. — Якая прыгажосць вакол! Праўда?
Але дуб нічога не адказаў ёй. Будзе ён размаўляць з нейкай там маляўкай. Яму кожны дзень кланяюцца суседкі-елачкі — самыя багатыя нявесты ў акрузе. А тут нейкая бярозка-недаростак. I хапіла ж нахабства звяртацца да ўладара лесу з розным глупствам. Дуб са знявагаю глянуў зверху ўніз на бярозку, і беднае дрэўца аж зніякавела ад яго погляду.
— Хі-хі-хі, — засмяяліся елачкі, — вось дык дурніца, нават сукенкі добрай не мае, а набіваецца ў сяброўкі да ўладара лесу. У гэтай галоты зусім сораму не стала.
Бярозка паглядзела ў бок елачак, якія выхваляліся адна перад адной сваімі багатымі футрамі, потым на свае маленькія клейкія лісточкі. Яе лісточкі, якія, здавалася ёй, некалькі хвілін назад мелі прыгожы выгляд, цяпер здаваліся такімі нікчэмнымі. Дрэўцу стала неяк няўтульна і сумна, куды падзелася радасць, што напаўняла бярозку зусім нядаўна.
Цягнуліся чарадою дні. Бярозка стаяла адна, сумна апусціўшы галінкі. Усякія спробы яе загаварыць з дубам заканчваліся адным і тым жа: знявагай і насмешкамі. Згубіўшы надзею пасябраваць з ім, яна бавіла час, разглядваючы воблакі, што праляталі над ёю, слухала спеў птушак і шэпт травы. Але сум, нейкі незразумелы сум не пакідаў яе.
Усё часцей і часцей паглядала яна ў бок дуба, уздрыгвала ўсімі сваімі лісточкамі, калі чула яго голас. Недзе ў глыбіні душы яна адчувала зайздрасць да елачак, якія, не хаваючыся, маглі глядзець на яго, размаўляць з ім. Канечне, хто яна такая, каб ён змог звярнуць на яе ўвагу — звычайная маленькая непрыкметная бярозка… А ён… Ён такі магутны, мудры, такі прыгожы ў сваёй велічы, самы найлепшы на ўсёй Зямлі… Так хочацца сказаць яму аб гэтым, але нельга… нельга, бо кожны раз, калі яна хоча загаварыць з ім, ён адварочвае ад яе свае галіны. Вось елачкі — іншая справа, яны перагаворваюцца з дубам, расхвальваюць яго на ўсе лады: і які ён мудры і магутны, якое прыгожае і непаўторнае на ім лісце! Каб дагадзіць дубу, елачкі прыдумваюць усё новыя і новыя пахвальбы, а потым спрачаюцца паміж сабой, каторая з іх болей падабаецца ўладару лесу. Калі ж яны заўважылі, што бярозка часта паглядае ў бок дуба, то ўсю сваю злосць і нянавісць абрушылі на беднае дрэўца.
— Бессаромніца! — шыпелі елачкі. — Бач, вылупілася! Гэта скромніца толькі і думае, як бы падлізацца да ўладара лесу. Ды ён жа нават ў яе бок глядзець не хоча, а яна, сарамотніца, усё ліпне. А можа, яна закахалася ў яго? — здзекліва сказала адна з елачак.
— Хі-хі-хі, ой, не магу, ратуйце мяне! Бярозка закахалася! — засмяялася самая прыгожая елачка. — Гэта дурніца ды закахалася?! Няхай спачатку на сябе паглядзіць. Ды каму яна патрэбна! — прадаўжала смяяцца прыгажуня. Яе падтрымалі суседкі, і вось ўжо рэхам разнёсся па лесе рогат.
— Ха-ха-ха, — смяяўся разам з елачкамі і дуб.
Усе здзекі і насмешкі бярозка цярпела моўчкі, адно толькі здзіўляла яе: адкуль у гэтых пышных паненак столькі злосці, яны ж усё маюць і на выгляд такія прыгожыя. А дуб? Няўжо яму не надакучыла слухаць гэтыя пустыя пахвальбы, глупства, якое нясуць елачкі! Вось каб яна… Яна расказала б яму, аб чым шэпча трава, якія цудоўныя песні спявае вецер! А якія прыгожыя ноччу зоркі, як весела смяюцца яны, гуляючы ў хованкі. Колькі прыгожага вакол і здзіўляючага. Аб усім гэтым хочацца расказаць яму. Яна адчувае, што ён добры і справядлівы, а гонар і самахвальства — гэта ўсё напускное, гэта для елак, якія акружаюць яго і сваімі пахвальбамі вымушаюць быць такім. Абставіны прымушаюць. А з ёю ён быў бы зусім іншым — яна перакананая. Але чаму ж ён не разумее гэтага ці нехоча разумець? Так думала бярозка, суцяшаючы сябе тым, што калі-небудзь ён усё гэта ўсвядоміць, і да іх прыйдзе сапраўднае шчасце.
Яна кахала. Кахала ціха і аддана, нічога не просячы, ні на што не спадзеючыся. Каханне з кожным днём расло і мацнела, яно стала вялікай цудоўнай марай, якая прыцягвала да сябе далёкай недасягальнай зоркай.
Аднойчы разгулялася непагода. Вецер гойдаў-шкумутаў дрэвы, зрываючы лісты і зносячы іх немаведама куды. Чорныя хмары насоўваліся адна на другую, кружыліся нібы ў дзікім танцы. Маланка на імгненне асвятляла неба, і ўсю гэту кругаверць завяршылі раскаты грому. Жудасць панавала навокал.
Бярозку апанаваў страх, унутры ўсё пахаладзела. Яна нахілялася то ў адзін бок, то ў другі пад націскам ветру, але трымалася з усіх сіл. I вецер не мог адолець маленькае дрэўца.
— Глядзіце, глядзіце, — загулі елачкі, — зараз нашай летуценніцы будзе канец, вецер не ўступіць, ён і не такіх ламаў!
Апошнія іх словы патанулі ў бляску маланкі і грукаце грому. I ў тую самую ж хвіліну пачуўся трэск падаючага дрэва — гэта ўпаў дуб, у які трапіла маланка.
На імгненне зрабілася ціха, і толькі чуцен быў перадсмяротны шэпт лісця дуба. Крыкі елачак парушылі цішыню:
— Ой, паглядзіце, унутры дуба дупло, ён жа пусты, зусім пусты. А мы: уладар лесу, уладар лесу! Волат! — перакрыўлівалі свае сказаныя раней словы елачкі. — Перад кім галовы схілялі! Нейкая трухлявая калода! — і елачкі дружна зарагаталі.
Адна толькі бярозка маўчала, яна нават не чула і не бачыла, што робіцца навакол. Нібы зачараваная, з жахам глядзела яна на дуб — на загінуўшае сваё каханне. У думках яна абдымала яго ствол, гладзіла лісты і шаптала:
— Я кахаю цябе…
А па галінках цяклі і цяклі слёзы… А можа, гэта былі дажджынкі?!

Святлана ДЗЯДУШКА.

Добавить комментарий