За чысціню зямлі роднай

Што можа быць велічней працы на зямлі роднай, у тым ліку, калі чалавек дапамагае ёй аднавіцца пасля доўгай зімы, ачышчаючы ад бруду! Менавіта па гэтай прычыне 21 красавіка людзі выйшлі на рэспубліканскі суботнік. У той дзень нібыта сам Бог падараваў добрае сонечнае надвор’е, спыніўшы праліўны дождж. А вясёлыя твары людзей, смех і добры настрой – усё гэта стала адметнай рысай усенароднага свята працы. Ці то каля сваёй хаты, ці на грамадскіх аб’ектах, але кожны імкнуўся тады зрабіць як мага больш.

У той жа час старшыня райвыканкама Дз.Дз.Гобараў і намеснік старшыні В.К.Яленскі традыцыйна працавалі на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Каласок” разам з работнікамі раённага аддзела адукацыі.

Старшыня райвыканкама вачыма гаспадара паглядзеў, як падрыхтавана кожнае памяшканне да прыёму дзяцей, абмеркаваў з начальнікам РАА А.Б.Заблоцкім, што яшчэ неабходна зрабіць да адкрыцця сезону летняга адпачынку ў “Каласку”, які пачнецца 2 чэрвеня бягучага года.

З асаблівым натхненнем і словамі шчырага пажадання шчасця падрастаючаму пакаленню, кіраўнік раёна пасадзіў дрэўца-бярозку. “Няхай расце на радасць дзецям!”, — сказаў Дз.Дз.Гобараў. У вышыні пачуўся клёкат бусла, які аблюбаваў дрэва на тэрыторыі лагера і штогод сюды прылятае, тым самым сімвалічна ўслаўляючы жыццё і светлую будучыню зямлі…

У дзень суботніка вялікія аб’ёмы работ па добра-ўпарадкаванню былі зроблены на тэрыторыі бліз мемарыяльнай капліцы і ў зоне адпачынку Фатава ў вёсцы Салтанаўка. На дапамогу супрацоўнікам райвыканкама, аддзела культуры, лясгаса, жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыйшла тэхніка, праца спорылася, пакуль не быў наведзены парадак.

Тым днём добраўпарадкаваны: тэрыторыі каля кургана памяці ў вёсцы Дубінка, месцы баявой і воінскай славы, зоны адпачынку, паркі.

З усяго ліку эканамічна актыўнага насельніцтва раёна 19222 чалавека, у суботніку прынялі ўдзел 17207 грамадзян. За гэты дзень выпушчана прамысловай прадукцыі на 120 мільёнаў рублёў. Выкананы аб’ём падрадных работ асабістымі сіламі на 9 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Таксама плануецца пералічыць 102 мільёны заробленых грошай.

Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.

Добавить комментарий