Як дзед у Купальскую ноч рыбу вудзіў

Мой дзед вельмі любіў рыбалку. Не важна, на вуліцы спёка, ці мароз са сцюжаю, а ён усё адно: за вуду ды с хаты на возера бяжыць. Цішком, вядома, каб бабуля не бачыла, бо яна гэту справу не вітала, і рыбалову вельмі даставалася. Бывала часам працаваць трэба, у двары заўсёды работа знойдзецца, а гаспадара няма, як быццам карова языком злізала. Сядзіць, як заўсёды, на сваім месцы, лункі свідруе, бровы, барада і нават каўнер у кажусе збялеў, а дзед і ў вус не дуе, нават мароз яму ні па чым. Толькі і ведае, што глядзіць пільна ў палонку, ды ляску моцна трымае, — і так амаль кожны дзень. I вось аднойчы, здарыўся з дзедам выпадак, пасля якога ён назаўжды забыўся пра сваё захапленне, і ніколі ў той бок нават не глядзеў.

А было гэта так. Выдалася лета вельмі гарачае і засушлівае, вядома, працы ў вёсцы хапае, а тут яшчэ травы ў лузе перастойваюць. Самы час сена нарыхтоўваць. Два дні дзед завіхаўся, касіў, а пасля ўсёй сям’ёй пакосы разбілі, ды сушыць пачалі. Бабуля ж пільна сочыць за гаспадаром, ні на хвіліну не адыходзіць, бо ведае, як толькі момант зручны прадставіцца, дзед адразу ж рыбачыць пабяжыць.

Горача, сонца ў зеніце прыпякае, смага адольвае, купацца ахвота ды вуду некалькі разоў закінуць. Але дзе там, жонка як салдат, побач стаіць і цікуе кожны крок. Дзед толькі ўздыхае, нават у той бок зірнуць баіцца. Дружна павярнулі кожны па пакосу, адпачылі трохі, зноў варушыць трэба, — і так цэлы дзень. Сена, кажуць, на граблях сохне. Ну, а калі сонца спускаецца на верхавіны старога лесу, дык і ў копы час класці. К вечару ўсе сілы на зыходзе. Здаецца, толькі гаспадарку дагледзець, ды як-небудзь да ложка дабрацца. А ў дзядулі адно на розуме, як на возера непрыкметна ўцячы. А тут як раз выдалася свята, і бабулю паклікалі песні спяваць, бо голас у яе быў адзін такі прыгожы і мілагучны на ўсю ваколіцу. Апранула яна самую лепшую спадніцу, хустачку белую павязала i пайшла на гулянне. Дзеду строга загадала ў хаце сядзець, бо прыкмета нядобрая ёсць, што ў Купальскую ноч усякая нячыстая сіла з лесу ды з вады выпаўзае, каб пажывіцца душой чалавечай. Вядома, наш дзед у гэта не верыў, а байкі усялякія пра нячысцікаў лічыў бабскімі забабонамі. Схапіў ён вуду, ды напрасткі цераз агароды на возера падаўся. Месца выбраў прыгожае, на пагорку, пад кустом алешніку. Расклаў свае прыстасаванні, пачапіў чарвяка, ды закінуў далей ад берага. Сядзіць і любуецца наваколлем. Душа нарадавацца не можа, аж сэрца ў грудзях мацней біцца стала. На другім беразе месяц над лесам павіс, круглы пад поўню, вялікі, нават большы за сонца і свеціць ясна, відаць, як днём. А ў небе зорачкі зіхацяць, быццам хто лямпачак маленькіх накруціў, і ў воднай гладзі адлюстроўваюцца. Усю ноч бы тут сядзеў ды любаваўся! Ветрык хвалі гоніць павольна, а яны плюскаюцца ў цёмнай вадзе, нібы купаюцца! 3 боку вёскі адгалоскі песень, гармоніка ды дзявочы смех даносяцца — любата. I вось зусім побач, дзесьці ў чароце, жабы свае спевы пачалі. Спачатку адна — гучна, доўга, на розны манер, а потым сяброўкі далучыліся. I так у іх добра атрымоўваецца, быццам па нотах! Для дзеда гэта кваканне лепей за пошчакі салаўя было. Нічога прыемней для сваёй душы і жадаць не трэба! Паслухаў некалькі хвілін — і на сэрцы цудоўная асалода, нервы адразу супакойваюцца, нават крывяны ціск у норму прыходзіць, і адразу прага да жыцця з’яўляецца.

Вось і цяпер сядзіць дзед і пад спеў гэтых земнаводных пра жыццё разважае і свае вушы чароўнымі песнямі цешыць. А кваканне ўсё гучней і гучней ды такое неверагоднае і асаблівае, што здаецца, гэткага ніколі і не чуў раней. На душы ад яго спакой і адчуванне нейкага дзіўнага шчасця, як быццам крылы за плячыма выраслі і вось-вось паляцець можна. Як ў казцы якой, нават дрэвы і кусты ажылі і загайдалі сваімі галінкамі ў знак прывітання, а поўня зусім на дзявочы твар падобная стала і лагодна ўсміхнулася. Спеў жа працягваецца, і ўсё мілей сэрцу робіцца. I тут дзед зразумеў, што не кваканне гэта зусім, а музыка нейкая вельмі цудоўная, такая цудоўная, што адарвацца нельга, здаецца слухаў бы яе ўсё жыццё.

Наваколле як зачараванае стала, ніводная травінка ад ветру не гайдаецца, ні адзін ліст не шамаціць, знямела даліна і напоўнілася цішынёй. Нават паветра цягучае, як мёд, пакратаць можна, а калі меў бы нож, то мусіць кавалачак адрэзаў. Быццам не на сушы цяпер ен, а ў падводным царстве, толькі што адзежа не мокрая. А самае галоўнае — няма страху ад гэтага дзіва, толькі спакой і задавальненне. Хоча дзед спужацца, закрычаць і ўцячы, а не можа. Цела быццам акамянела, ногі да зямлі прыраслі, рукі наогул, як не яго, нейкія чужыя і спруцянеўшыя. I раптам бязгучна, без адзінага ўсплёску, з вады паказалася дзяўчына. Вельмі прыгожая тварам, з доўгімі валасамі, а на галаве вянок з белых лілей. Ідзе яна па воднай гладзі насустрач, ціха, быццам лебедзь плыве. Сукенка на ёй белая, празрыстая, дзявочы стан бачны. Сама ўсміхаецца, а ў вачах як бы крыўда нейкая і боль. Вабіць яго да сябе рукой, а сама не спяшаецца, нібы падумаць дае. А потым, калі да берага не больш метра засталося, з вуснаў яе дзіўны спеў пачуўся, на душы так добра і святочна зрабілася, нават таксама заспяваць хацелася. Голас гэты на звон срэбранага званочка падобны, такі ж меладычны і цудоўны. Глядзіць дзед, як да яго красуня набліжаецца, і разумее, што трэба драпаку даваць, а сам нават зварухнуцца не можа.

Тады сабраў ён усю сваю моц і волю, ды як кіне вудай у прывід. Ад нечаканасці дзяўчына спынілася і замоўкла, а дзед хрысціцца пачаў, ды словы з малітвы ўзгадваць. I раптам сіла ў яго невядома адкуль узялася, кінуўся ён бегчы ад вады далей, потым спыніўся і назад паглядзеў.

Дзяўчына так і стаяла на тым месцы, дзе прыпынілася, і пазірала дакорліва на ўцекача. А праз хвіліну яе постаць знікла, растварылася, як і не было яе наогул, толькі кругі па воднай гладзі ў розныя бакі пабеглі.
Вярнуўся дзед да хаты і спаць лёг хуценька ў ложак, быццам і не быў нідзе. Толькі праз некалькі гадоў пазней прызнаўся і расказаў гэтую нагоду. На рыбалку з таго дня хадзіць перастаў — як адрэзала.

Галiна ПЯРУН.

Добавить комментарий