НЕАБЫЯКАВЫЯ НАТАТКІ ПРА РОДНУЮ МОВУ, ЦІ ПАВУЧЫМСЯ БЕЛАРУСКАСЦІ Ў КЛАСІКАЎ!

Слова – радасць, слова – чары,
Вобраз вечна юных вёсен,
Ёсць ты ўсюды: ў сонцы, ў хмары,
Ты глядзіш праз неба просінь.
Лашчыш слух мой, слова-ззянне,
Атуляеш сэрца ласкай,
Ноч і вечар, дзень, світанне
Абняло ты, слова-краска.
Якуб Колас.

Усё ХХ стагоддзе мы, беларусы, змагаліся за матчыну мову, за тое, каб яна заняла нарэшце сваё пачэснае месца, якое і адводзіцца роднаму слову ў любой цывілізаванай дзяржаве. І кажучы чэсна, дасягнулі мы на гэтым фронце не надта багата. На календары – ХХІ стагоддзе. Мне падаецца, што новае стагоддзе стане больш спрыяльным для адраджэння беларускай мовы. А запавет першага класічнага паэта Беларусі Францішка Багушэвіча, які ён абгрунтаваў у прадмове да зборніка “Дудка беларуская”, — “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” – запавет яшчэ з ХІХ стагоддзя!” — стане для нас актуальным лозунгам у гэтай высакароднай справе ў ХХІ стагоддзі. І я лічу, што шмат чаму ў разуменні і вырашэнні гэтай праблемы нас могуць навучыць класікі роднай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас.

Класік украінскай літаратуры Паўло Тычына нездарма параўноўваў Купалу і Коласа з дзвюма вяршынямі “беларускага Эльбруса паэзіі”. Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўды пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры, мастацтве і роднай мове. У гэтых адносінах абодва яны знаходзяцца ў асаблівым становішчы да роднага слова. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша мастацкая літаратура і беларуская літаратурная мова. Нашы класікі, гаворачы афарыстычнымі словамі аднаго з іх, Янкі Купалы, навучылі нас, беларусаў, “з цэлым народам гутарку весці” і адначасова “голасам мільёнаў з светам гаманіці”.

Зробленае імі ў галіне мастацкай літаратуры, фарміравання літаратурнай мовы мае міжнароднае значэнне. У “сусветнай сімфоніі” нацыянальных літаратур і моў добра чуваць непаўторны і самабытны голас Купалы і Коласа, які вельмі натуральна і змястоўна выяўляе сябе на розных рэгістрах паэтычнага гучання, ад самага нізкага да самага высокага, ад глыбока трагічнага да ўзнёсла гераічнага.

Я.Купала атрымаў пачатковую адукацыю на польскай мове і пачынаў пісаць па-польску. Я. Колас вучыўся па-руску і пачаў пісаць вершы на рускай мове. Абодва выраслі ў асяроддзі цэнтральна-беларускіх гаворак, хоць у далейшым яны добра пазнаёміліся і з іншымі гаворкамі беларускай народнай мовы. Безумоўна, у творах на беларускай мове ў Купалы сустракаецца пэўная колькасць паланізмаў, у Коласа – нярэдкія русізмы.

Але дзякуючы працягламу супрацоўніцтву і пастаяннай творчай працы яны выпрацавалі такую форму пісьмовай мовы, якая стала прымальным узорам для ўсіх, хто пачынаў пісаць разам з імі ці пасля іх па-беларуску.

Класікі самі істотна ўзбагацілі моўнастылістычныя сродкі матчынай мовы, зрабіўшы яе літаратурнай, на якой можна выразіць любую думку, перадаць усю гаму чалавечых пачуццяў, адлюстраваць унутраны і знешні свет чалавека.

Гэтыя два геніі народа з’яўляюцца стваральнікамі беларускай літаратурнай мовы. Янка Купала і Якуб Колас актыўна ўдзельнічалі ў працы правапіснай камісіі, якая была створана пасля акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў 1926 г. У моўных пытаннях у гэты перыяд Колас у многім следаваў за Я.Ю.Лёсікам, яго родным дзядзькам па мацярынскай лініі, якога ў 20-я гады называлі старастам беларускай мовы. Будучы нязменным віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па гуманітарнай сферы з 1929 па 1956 г., Колас займаўся і падрыхтоўкай змен і ўдакладненняў правапісу, якія былі ажыццёўлены ў 1957 г. Ён унёс істотны ўклад у стварэнне сучаснага “Русско-белорусского словаря” (М., 1953). Купала і Колас вельмі ўважліва адносіліся таксама і да перавыдання сваіх твораў, удасканальваючы іх, у тым ліку і іх мову.

Мова твораў Коласа і Купалы старанна вывучаецца моваведамі, а само слоўнае багацце іх твораў здзіўляе. Так, у Коласа ўтрымліваецца каля 34 тысяч розных слоў. Як пачынальнікі яны заўсёды шукалі тое патрэбнае слова, якое прыдатна менавіта ў даным кантэксце для выражэння неабходнай думкі. Адрасуючыся да маладых пісьменнікаў, Колас пісаў: “Мы маем вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі, літаратарамі, і з поспехам ужываецца ў народзе. Значыць, перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі – а можа і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і чамусьці забыта ці ўжываецца і невядома нам”.

Нельга і сёння без хвалявання чытаць даследаванне Янкі Купалы “Ці маем мы права выракацца роднай мовы?”: “Сам народ можа падпасці пад чужое сільнейшае ўладарства і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заваяваным ці забраным народзе няможна выдзерці яго душы і яго роднага слова…”. Купала гэта напісаў яшчэ ў 1910 годзе, аднак многае з яго выказванняў не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. У гэтым артыкуле літаратар назваў родную мову народа найвышэйшай каштоўнасцю.

Першыя вершы Янкі Купалы былі напісаны па-польску ў 1902 г. Але ў хуткім часе паэт усвядоміў, што толькі родная беларуская мова — тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб’ёме свае думкі. Рашэнне пісаць па-беларуску ў той час было смелым крокам. Беларуская мова ў Расіі знаходзілася пад забаронаю, спадзявацца на публікацыю не даводзілася. Як пісаў Купала ў аўтабіяграфіі: “У 1904 г. трапляюцца мне ў рукі беларускія пракламацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызначэнне — служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца”.

Дапамагло гэта асэнсаваць і знаёмства з кнігамі беларускіх літаратараў XIX ст. Ф.Багушэвіча і В.Дуніна-Марцінкевіча. Найбольш ранні з вядомых твораў маладога паэта Луцэвіча, напісаных па-беларуску, — верш “Мая доля”, датаваны 15 ліпеня 1904 г., перадае псіхалагічнае самаадчуванне чалавека з народа, яго прыгнечанасць. 15 мая 1905 г. у менскай газеце “Северо-западный край” быў надрукаваны верш “Мужык” — першы апублікаваны твор паэта па-беларуску. 11 мая 1907г. у газеце “Наша ніва” быў змешчаны верш “Касцу”, які стаў першым выступленнем Купалы ў беларускамоўным друку.

У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбурзе выйшаў першы зборнік Купалы — “Жалейка”, дзе былі надрукаваныя вершы 1905-1907 гг. і паэма “Адплата кахання”. У зборніку ўпершыню апублікаваны знакаміты верш “А хто там ідзе?”, які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. Да 1913 г. Купала пераклаў на беларускую мову з рускай асобныя творы І. Крылова, А. Кальцова, М. Някрасава, з украінскай — Т. Шаўчэнкі, з польскай — А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, У. Сыракомлі. У творах песняра ўсё больш выразнымі становяцца матывы нацыянальнага Адраджэння і абароны роднай мовы.

У савецкі час Купала пераклаў на беларускую мову “Слова аб палку Ігаравым”. Узначальваў літаратурна-мастацкую секцыю Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы. У 1930-я гг. Купала пераклаў на беларускую мову паэму “Медны коннік” А. Пушкіна, паэмы і вершы Т. Шаўчэнкі. Заўважым, што творы самога песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш “А хто там ідзе?” перакладзены на 82 мовы народаў свету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя — англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і інш. З 1925 г. рэспубліканская газета «Звязда» пачала змяшчаць частку матэрыялаў на беларускай мове, а з 1927 г. выдаецца толькi на роднай мове – і ў гэтым таксама вялiкая заслуга Купалы.

Пясняр у сваіх творах даў шмат прыгожых, паэтычна-ўзнёслых вызначэнняў роднай мовы, сярод якіх, напрыклад, такія: “выразіцелька душы і думак чалавека”, “душа душы народа” і т.п. У артыкуле “Ці маем мы права выракацца роднай мовы?” класік адзначаў, што “самы важнейшы і непраломны закон жыцця — гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэння пад сонцам”. Далей Купала сцвярджаў, што кожны народ у свеце адрозніваецца адзін ад аднаго найперш яго “адвечнай уласнай мовай, той мовай, якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся”.

Купала сцвярджаў, што беларусам ніколі і ні пры якіх абставінах нельга “выракацца роднай мовы”, а, наадварот, патрэбна імкнуцца ўсяляк пашыраць беларускую мову, развіваць сваю ўласную самабытную культуру праз адраджэнне забытых народных традыцый, звычаяў, абрадаў, святаў, праз стварэнне нацыянальных навучальных і культурна-асветных устаноў, выданне беларускамоўных перыядычных выданняў (кніг, часопісаў, газет). Паэт заклікаў жыхароў краіны заўсёды помніць, што ў нас адна “ядыная Бацькаўшчына — Беларусь, адна мова родная — беларуская, адны звычаі…, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне”.

Вялікі Янка лічыў надзвычай неабходным зрабіць усё магчымае для свабоднага развіцця нацыянальных моў і культур. І таму Паэт слушна сцвярджаў, што ўсе грамадзяне, незалежна ад іх сацыяльнай, этнічнай, канфесійнай і моўнай прыналежнасці, “роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасць і кіруючыся ў сваёй грама-дзянскай працы дабрабытам сваёй агульнай Бацькаўшчыны — Беларусі”.

Купала — гэта наш сапраўдны прарок, бо многія яго ідэі, меркаванні альбо рэалізаваны на Беларусі, альбо яшчэ чакаюць свайго ўвасаблення ў ХХІ стагоддзі. І ад таго, ці збудуцца ў рэчаіснасці запаветы вялікага Купалы, будзе залежаць толькі ад усіх нас, ад нашай сілы волі і нашых супольных намаганняў. Таму і цяпер, як і звыш стагоддзя назад, перад намі, БЕЛАРУСАМІ, стаяць задачы, вырашаць якія неабходна абавязкова і неадкладна, бо ў адваротным выпадку зноў пад пагрозай знікнення апынецца не толькі самабытная беларуская культура і мова, але і ўвесь наш народ як унікальная этнічная супольнасць у свеце. Многія пададзеныя думкі і меркаванні Купалы маглі б і сёння служыць нам сапраўдным арыенцірам, своеасаблівай “пуцяводнай зоркай” у жыцці, у самаадданай дзейнасці на карысць дабрабыту нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны. І асабліва важна, каб узнёслыя заклікі нашага прарока, выказаныя ім у пачатку ХХ ст., пачула і ўспрыняла, як кажуць, усёй душой і сэрцам наша моладзь, якая будзе працаваць дзеля Бацькаўшчыны ўжо ў бягучым ХХІ стагоддзі.

Якуб Колас быў для беларусаў усім: народным песняром і геніем сусветнага маштабу, гордасцю нацыі і найвышэйшым аўтарытэтам. Яшчэ ў юнацкія гады ён рабіў запісы вуснай народнай творчасці. А, працуючы педагогам, пачаў складаць вучэбны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».1 верасня 1906 г. у газеце «Наша ніва» быў надрукаваны першы верш Я.Коласа «Наш родны край». У 1909 г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» (Пецярбург) выйшла першая яго кніга «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», а ў 1910 г. — першы зборнік вершаў «Песні жальбы».

У 1921 г. паводле выкліку ўрада БССР Колас вярнуўся ў Мінск, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы, а з 1922 г. — у літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры. Выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме. Па даручэнні Наркамата асветы БССР чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку (1923 г.). У тым жа годзе быў зацверджаны выкладчыкам беларускай мовы БДУ. І далей праз усё жыццё ён пранясе вернасць роднаму слову.

Я.Колас знайшоў у сабе моц завяршыць жыццё сапраўдным ўчынкам: усяго за некалькі гадзін да смерці ён занёс у ЦК КПБ пратэстны ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы. Над зместам зварота пісьменнік працаваў не адзін месяц. Аднак сакратар ЦК Кампартыі Ц. Гарбуноў, які адказваў за культуру, яго не прыняў… Коласаў зварот на дзесяцігоддзі апынуўся пад грыфам “Совершенно секретно”. На жаль, і сёння гэты запавет гучыць злаба-дзённа, як і ў той далёкі час напісання: “Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце”.

У творах Коласа знайшлі глыбокае мастацкае адлюстраванне жыццё беларускага народа на пераломных этапах гісторыі, барацьба народных мас за сацыяльнае разняволенне і нацыянальную роўнасць. Ён стваральнік неўміручых паэтычных шэдэўраў «Новая зямля» і «Сымон-музыка», адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, беларускага рамана, аўтарытэтны настаўнік некалькіх пакаленняў творчай моладзі, выдатны педагог. У яго сучасным настаўнікам Беларусі і трэба вучыцца беларускасці!

Заслуга дзядзькі Якуба ў тым, што ён расказаў родным словам свету пра беларускі край, пра мужны, свабодалюбівы, гераічны народ, выявіў у мастацкім слове яго сацыяльныя і нацыянальныя iмкменні, невычэрпныя духоўныя магчымасці. Вядучае месца ў творчасці Я.Коласа займае тэма мастака і мастацтва («Не пытайце, не прасеце…», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру…»). Як пісьменнік-наватар ён прыкметна пашырыў ідэйна-тэматычныя, жанрава-стылявыя межы нацыянальнай літаратуры, узбагаціў яе новымі ідэямі, матывамі, вобразамі, моўна-выяўленчымі сродкамі, даў на беларускай мове яскравыя ўзоры грамадзянскай, інтымнай лірыкі, гумарыстычнага, сатырычнага верша, вершаванага фельетона, байкі,вершаванага апавядання. Роднай мове вучыць сваіх вучняў і Андрэй Пятровіч Лабановіч – мой любімы коласаўскі герой, персанаж знакамітай трылогіі “На ростанях”, якую я ўжо перачытаў сем разоў. Дарэчы, менавіта дзякуючы Лабановічу я і абраў прафесію педагога.
Пісьменнік узняў беларускае слова на ўзровень сталага мастацтва, паставіўшы яго побач з развітымі літаратурамі свету, і ў гэтым яго вялікая заслуга. Паэма «Новая зямля» (1911—1923 гг.), ідэйная і жанравая задума якой была істотна пераасэнсавана і паглыблена, стала этапнай з’явай у творчасці Я.Коласа і ўсёй беларускай літаратуры. Тут на матчынай мове з вялікай сілай мастацкага абагульнення адлюстраваны карэнныя сацыяльныя супярэчнасці канца 19 ст., намалявана шырокая эпічная панарама народнага жыцця, створаны тыповыя, непаўторныя характары, раскрыта духоўная веліч, маральная прыгажосць чалавека працы, яго спрадвечная мара аб вольным шчаслівым жыцці, выяўлена імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі.

Колас уздымаў таксама надзённыя пытанні сувязі мастака з рэчаіснасцю, дзейснасці роднага мастацкага слова, выкладання літаратуры ў школе, эстэтычнага выхавання маладога пакалення. Ён — аўтар шматлікіх твораў для дзяцей («У старых дубах», «Міхасёвы прыгоды», «Раніца жыцця», і інш.), якія вучаць нашых дзетак ужо з першых крокаў па зямлі беларускай любіць родную мову.

Творчасць Коласа была цесна звязана з развіццём беларускай педагагічнай думкі. Пісьменнік лічыў, што родная мова, літаратура, гісторыя па-беларуску — дзейсныя сродкі фарміравання маральных, патрыятычных пачуццяў школьнікаў, выхавання ў іх любві да «роднага слова — першай крыніцы, праз якую мы пазнаем акаляючы нас свет». Я.Колас шырока вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міц-кевіча, П.Тычыны. Яго творы таксама перакладзены на многія замежныя мовы. “…Слова для пісьменніка – гэта асноўная канва, па якой ён будуе сваю мастацкую творчасць”, — пісаў Я.Колас. І, сапраўды, вялікім майстрам нацыянальнага слова і сёння дасягнуць спалучэння ў выражэнні ідэй, думак і пачуццяў дапамагаюць вобразнасць, поліфункцыянальнасць, канкрэтнасць нашай мілагучнай мовы.

У свой час французскі пісьменнік Віктор Гюго заўважыў, што “мова вагаецца ад царственнага шэсця вялікіх пісьменнікаў”. Мелася на ўвазе, што моватворчасць буйных пісьменнікаў даволі істотна ўплывае на працэс узбагачэнння нацыянальнай мовы разнастайнымі лексіка-фразеалагічнымі, граматычнымі, словаўтваральнымі і сты-лістычнымi навацыямі. Асабліва вялікі гэты ўплыў ў перыяд фарміравання літаратурнага стрыжня агульнанацыянальнай мовы. Вось чаму ўважлівае вывучэннне індывідуальна-аўтарскіх навацый ў моватворчасці Купалы і Коласа дае нам усё неабходнае для таго, каб рабіць навукова абгрунтаваныя прагнозы адносна магчымых шляхоў будучага развіцця беларускай літаратурнай мовы. У гэтай сувязі зусім не выпадковым з’яўляецца той факт, што першым акадэмічным слоўнікам мовы пісьменніка ў беларускай пісьменніцкай лексікаграфіі стаў шматтомны “Слоўнік мовы твораў Якуба Коласа”. Акрамя таго, прынцыпы, пакладзеныя ў аснову “Слоўніка мовы твораў Якуба Коласа”, пазней былі ўлічаны пры складанні шматтомнага “Слоўніка мовы Янкі Купалы”.

Заўважым, што нармалізацыя, развіццё мовы напрамую залежыць ад яе носьбітаў, у значнай меры ад яркіх прадстаўнікоў нацыянальнай культуры, якімі без перабольшвання былі Купала і Колас.

Сябры! Палюбім родную мову, палюбім яе не на словах, а чэсна і свядома, палюбім так, як яе палюбілі класікі нацыянальнага прыгожага пісьменства Янка Купала і Якуб Колас. І найперш для гэтага звернемся як чытачы да іх высокамастацкіх твораў. Гэта мы проста абавязаны ажыццявіць у святы год – год Кнігі!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий