Аддзел адукацыі Магілеўскага райвыканкама правеў чытацкую канферэнцыю “Мастацкі свет Я.Купалы і Я.Коласа”

Пад зоркай песняроў беларускай зямлі

Янка Купала і Якуб Колас – два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць і слава.
К.Крапіва.

Сёлетні Год кнігі багаты на знамянальныя даты ў нацыянальнай літаратуры. Найбольш значныя з іх – 130-годдзе з дня нараджэння класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Юбілей народных паэтаў шырока адзначаецца ў краіне і па-за яе межамі.

Я.Купала і Я.Колас – гэта знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся культура і мастацкая літаратура.

Яшчэ адна юбілярка — паэтэса Раіса Баравікова – сцвярджае: Бог паспрыяў беларусам, што ў адзін год у народа з’явіліся два волаты — Янка Купала і Якуб Колас. “Уся нашая літаратура XX і XXI стагоддзяў бярэ пачатак ад Купалы і Коласа. І сяброўства гэтых паэтаў прыгожае і асаблівае, бо ў ім прысутнічае муза, натхненне і нейкі вэлюм таемнасці”, — гаворыць Р.Баравікова.

130-годдзю знакамітых пісьменнікаў прысвячалася чытацкая канферэнцыя “Мастацкі свет Я.Купалы і Я.Коласа: класічна-анталагічнае і непаўторна-інды-відуальнае”, праведзеная 15 кастрычніка аддзелам адукацыі Магілёўскага райвыканкама.

Удзельнікамі гэтага раённага форуму сталі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, для каго роднае купалаўскае і коласаўскае слова не толькі прадмет гутаркі на ўроках, а і найвялікшая духоўная каштоўнасць, якую яны закліканы зберагаць і перадаваць наступным пакаленням.

Перад настаўнікамі стаяла задача: падрыхтаваць цікавыя, яркія, запамінальныя выступленні з пазнаваўчым і выхаваўчым значэннем. Ускладнялася ўсё тым, што патрэбна было сказаць пра Коласа і Купалу нешта сваё, адметнае, каб было заўважана, ацэнена калегамі, а потым выкарастана як перадавы вопыт. Без творчага падыходу тут не абыйшлося. І хочацца падзякаваць усім, хто праявіў максімум таленту, шчырае захапленне вялікім мастацкім словам, любоў і павагу да творчай спадчыны класікаў нашай літаратуры.

На канферэнцыі працавала кампетэнтнае журы, якое і праслухала 19 творчых работ, большасць з якіх ілюстраваліся муль-тымедыйнымі прэзентацыямі.

У выніку адабрана тры лепшыя з іх: “Шляхамі песняроў беларускай зямлі”, аўтар — настаўніца Кадзінскай СШ Т.В.Гаспадарова; аўтар – настаўнік Хонаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа І.М.Сырамалотава, “Мелодыя купалаўскіх радкоў”, аўтар — настаўнік Княжыцкай СШ Н.І.Чабан. Адзначана таксама змястоўнасць выступленняў настаўнікаў С.Ф.Германовіч (Раманавіцкая СШ), А.С.Коча-тавай (Сідаравіцкі ВВК дзіцячы сад – сярэдняя школа), Н.С.Старавойтавай (Цішоўская СШ), В.А.Анішчанка (Бялевіцкі ВВК дзіцячы сад – базавая школа) і іншых. Усе распрацоўкі папоўняць метадычную скарбонку аддзела адукацыі. Па рашэнню журы, абраны і дэлегат на абласную чытацкую канферэнцыю, якая адбудзецца напачатку лістапада: прадстаўляць Магілёўскі раён на мерапрыемстве будзе Таццяна Васільеўна Гаспадарова, заняўшая першае месца ў нашым конкурсе.

Усё далей адыходзяць у мінулае часы, калі жылі і тварылі Янка Купала і Якуб Колас, але значэнне іх паэтычнай спадчыны не страчвае актуальносцi, а пранікнёныя радкі, напоўненыя бязмежнай любоўю да Радзімы, і сёння хвалююць кожнага з нас, з’яўляюцца ўрокам высокага патрыятызму. У чым мы яшчэ раз упэўніліся падчас правядзення чытацкай канферэнцыі.

А.У.Бушмялёва, 

галоўны спецыяліст
аддзела адукацыі Магілёўскага
райвыканкама.

Добавить комментарий