В.Малініч – Белавежская пушча

Белавежская пушча

Тысячы год непрыкметна прайшлі,
Тысячы змен навакол адбыліся,
Ды першабытныя крокі Зямлі
На Беларусі нашчадкам знайшліся.
Дыхаюць сонна ў пушчы вятры,
Хвойкі з купальніцай к сонцу імкнуцца,
Срэбра з глыбінных крыніц п’юць зубры,
Казкі званочкаў вякам застаюцца.
Сцежкай карэністай ходзяць вяпры
На вадапой да лясное рачулкі,
I вечарамі змаўкаюць вятры,
I мурашы запаўзаюць ў шыпулькі.
Сонейка вочы над пушчай пратрэ —
Зноў закіпае жыццё ў сонных нетрах,
Зноў перасмешніца горла дзярэ,
Носіцца голас яе па ўсіх ветрах.
Тут касачы, распусціўшы хвасты,
На пракаветнай палянцы таўкуцца,
Дзіву даюцца з такой пекнаты
Нашы сучаснікі: ціха смяюцца.
Нават паветра не тое зусім,
Бо без дабавак з Чарнобыльскай зоны.
П’еш — не нап’ешся. Цікава ва ўсім.
Тут у жыцця не такія законы.
Пушча – смарагд у зялёным вянку
Нашага роднага мірнага краю.
Трэба хоць раз пабываць на вяку
Ў гэтым куточку Зямлі, дзікім раю.

В.МАЛІНІЧ,
в.Сідаравічы.

Добавить комментарий