Пра самае дарагое для кожнага беларуса – пра хату

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ШАНОЎНАЯ РЭДАКЦЫЯ!

hataВырашыў падзяліцца ў гэтым абразку сваімі разважаннямі пра самае святое і адвечнае для кожнага беларуса – пра ХАТУ. Нездарма ж трапна, мудрагеліста і па-філасофску засяроджана наш народ-паэт заўважыў: “Усе мы родам з хат”… І сапраўды: менавіта з хаты ідуць нашы карані, хата – гэта і аб’ёмісты вобраз бацькоў нашых. Ад хат, яе маленькіх сцяжынак пачыналіся і нашы дарогі-вандроўкі ў вялікі свет.

І як крыўдна і балюча, што многія з нас здрадзілі сваёй хаце – і такім чынам здрадзілі і малой радзіме. Як агідна, што хаты ў нашых вёсках сталі з вокнамі, забітымі драўлянымі крыжамі – так паміраюць нашы хаты. Як горка, што ў некаторых вёсачках засталося ўсяго некалькі хат.

Чаму? Адказаў шмат. Можна доўга разважаць пра неперспектыўнасць населеных пунктаў, пра эканоміку, пра савецкую спадчыну, шмат яшчэ пра што… Але мне думаецца, што многія беларусы сталі манкуртамі, людзьмі «перакаці-поле», перш за ўсё таму, што ў іх душы пагас агеньчык любові да роднай хаты, якая выхавала і акрэсліла дарогу ў свет.

Наша нацынальная бяда ў тым, што ў мітуслівых вандроўках-по-шуках лепшай долі мы адвярнуліся ад бацькоўскай хаты, ад хаты свайго роду. Мы пачалі шукаць шчасця ў шматпавярховых дамах у гарадах раённых, абласных, сталіцы, але і там не знайшлі запаветнай папараць-кветкі. Ад вёскі многія адбіліся, а ў гарадской духоўнасці сябе так і не знайшлі.

Многія дзесяцігоддзі мы ўцякалі ў гарады, сталіцы, але і там засталіся з вясковай псіхалогіяй. Усё проста! Як некалі трапна напісаў паэт Міхась Губернатараў: «Хоць гарадскі – душою з вёскі…»

Неяк у Мінску я разгаварыўся з адным такім «сталічным» жыхаром, што родам з усё той жа вясковай хаты.

— Чаму збег з вёскі, — пытаюся ў Сяргея.

— Там сумна…

— А як сябе адчуваеш у сталіцы?

— Тут таксама не надта. Цэны кусаюцца. У выхадныя толькі п’яныя кампаніі ў інтэрнаце.

— А чаму ў тэатр, філармонію, оперу не ходзіш?

— Мне гэта нецікава…

Каментарыі, як кажуць, не патрэбны.

А гэта ўжо жыццёвая драма, калі чалавеку адзінока і няўтульна ў вялікім горадзе. Скажу больш: так у многім здарылася таму, што беларусы згубілі культ ХАТЫ. А менавіта яна з даўніх часін для нашых продкаў і ўвасабляла сам сямейны ачаг, яго святасць. Хата сапраўды разумелася многімі як асобная сям’я. Гэта потым ля нашых хат вырасце бур’ян ды чартапалох.

Хата для нашых папярэднікаў – гэта цэлы свет. Прыгожы і паэтычны, гарманічны і разумны. Традыцыйна – гэта жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення.

Некалі прарок нацыі паэт Янка Купала пісаў:

Дзе была адна пустыня –

Елкі ды бярозкі. –

Поле будзе, пушча згіне,

Стануць хаты, вёскі.

Другі класік айчыннага прыгожага пісьменства Якуб Колас так апісвае хату:

На гэты дзень і сама хата
Была прыбрана зухавата:
Памыты лавы, стол, падлога.

Наш народ да свят рыхтаваўся заўсёды скрупулёзна. І пачыналася ўсё з прыбірання хаты. Для нашых папярэднікаў хата была ледзь не святым месцам. Нездарма раней хат без абразоў фактычна не было.

Хаты стараліся не ставіць на месцы, дзе раней пралягала дарога, было папялішча, знойдзены косткі, дзе пралілася кроў. Пад пабудову не бралі дрэвы, паваленыя бурай, рыпучыя. Будаваць пачыналі ў пэўныя часы згодна са станам месяца, у першы дзень клалі толькі адзін вянок, цэлы год не дакрывалі страху ў сенцах. У асобны рытуал разгортвалася і наваселле.

У спрадвечнай беларускай ха-це суіснавалі чалавек і Сусвет, унутранае і вонкавае. Сам Сусвет нашымі продкамі асэнсоўваўся як велізарны дом з належнымі яму атрыбутамі: небам-столлю, цэнтрам, які часцей уяўляўся ў выгля-дзе Сусветнага дрэва, падмуркам. Своеасаблівай воссю хаты і выступае печ, якая адным канцом паказвае на святло, усход, божы бок, а другім – на захад, цемру. Супраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы («бабін») кут, дзе стаялі вёдры, кадушкі…

Адзначу, што дабрабыт і шчасце ў сям’і прагназаваліся ўжо самім будаўніцтвам хаты, якое перш-наперш сімвалічна арыентавалася на тварэнне свету. У беларускай народнай творчасці зафіксаваны ўнікальны звычай аб сямі ахвярных жывёлах у парадку іх сакралізацыі — ад пеўня да каровы і каня.

Універсальны абарончы характар мелі і абходы вакол хаты, накіраваныя на выгнанне насякомых, нечысці наогул, на Благавешчанне ці ў Чысты чацвер. Апекавалі хату продкі: людзі верылі, што душы іх знаходзяцца ў межах хаты — пад печчу, пад парогам. Лічылі, што душы продкаў наведваюць свае хаты на Дзяды, Каляды — для гэтага ім наладжвалі спецыяльнае частаванне. Благім жа знакам, што прадказвае розныя няшчасці, лічылася з’яўленне ў хаце розных птушак, жывёл, ці насякомых. Прылёт да хаты зязюлі, крумкача, савы, улятанне ў акно невялічкай птушкі паказвалі на хуткую бяду. Нават брэх сабакі ў хаце мог выгнаць з яе анёлаў.

У хатах беларусаў спрадвек прыемна пахла свежым хлебам, напаленай печкай. Хату ніяк нельга ўявіць без печкі, у якой патрэскваюць і страляюць чырвонымі вугельчыкамі дровы… У пісьменніка Івана Навуменкі ёсць цікавае апавяданне «Новая хата». Вось як аўтар апісвае хату: «Новая хата, калі ў ёй наслалі падлогу, зляпілі печ і ўставілі вокны, была шырокая і светлая. У ёй пахла смалою, журавінамі і мохам».

Мой народ хату нярэдка называў хаткай, хацінкай — і не таму, што яна была малой па памерах, а таму, што так, памяншальна-ласкальна, хацеў выказаць свае сардэчныя адносіны да ачага. Асабліва беларусы ды беларускі на ўлонні роднай хаты любілі займацца хатняй гаспадаркай: рэзаць і секчы дровы, насіць ваду, майстраваць з дрэва паліцы, табурэткі, лаўкі. А майстроў ды майстрых поўна было ў кожнай хаце — і ўсё яны тварылі той самы адвечны — хатні скарб, за які не сорамна будзе перад людзьмі.

Пра хату народ наш складаў прыказкі, прымаўкі, устойлівыя спалучэнні: «дзе багата гаспа-дыняў, там хата не мецена»; «свая хатка — як родная матка»; «мая хата з краю — нічога не знаю»; «я не я, і хата не мая»… І, канешне, адна з форм ветлівага запрашэння — «чым хата багата». Нават культурна-асветніцкага работніка на вёсцы, загадчыка хаты-чытальні раней называлі хатнікам.

Раней казалі: вёска на дзвесце хат, на сто хат… Сёння, у ХХІ стагоддзі, у такія лічэбнікі маладое пакаленне ўжо нават не паверыць.
І усё ж хочацца верыць, што культ Хаты зноў залунае над Беларуссю. Людзі! Будуйце хаты на роднай зямлі, шануйце хаты свайго роду.

Саджайце вялікія сады ля роднай хаты! Менавіта хата – гэта разумная арганізацыя быту беларуса, яго сям’і.

А мне зноў і зноў узгадваюцца бессмяротныя радкі Аркадзя Куляшова з яго таленавітага верша «Я хаце абавязаны прапіскаю»:

Я хаце абавязаны прапіскаю –
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –
Усім, чым працы абавязан стол…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий