Таццяна (апавяданне Алега Дзятлава)

1327317636_shhВечар насунуўся неяк непрыкметна. Здаецца, яшчэ з паўгадзіны назад на двары толькі-толькі збіраліся вячэрнія прыцемкі. Таццяна з цяжкасцю адшукала дзвярную брамку, тузанула яе, крыху адхіліўшыся ўбок. Запаліўшы святло ў калідоры, яна нейкі час выцірала боты. А затым накіравалася ў хату.
За акном ішоў буйны дождж, сцякаў вадзянымі пырскамі па затуманенаму шклу, быццам біў бізунамі. Каплі гучна, пагрозліва, цяжка стукалі па даху. Таццяна, справіўшыся па гаспадарцы, зняла мокрую ватоўку, павесіла яе сушыць над печкай. Змораная, нават забыўшыся на вячэру, яна села на канапу, падціснуўшы пад сябе ногі. Хвіліну-другую сядзела нерухома. «Потым падышла да стала, каб уключыць тэлевізар. У вочы адразу кінуўся паштовы квіток, што прынесла маці. Паглядзела. Перавод ад Сяргея. Аліменты! Неяк зрабілася не па сабе.
За шырмаю на дзіцячым ложку, ціхенька пасопваючы, спаў сын. Яна падышла бліжэй да дзіцяці, паправіла коўдру. Позірк спыніўся на тварыку малога.
“Як падобны на Сяргея, — мільганула ў галаве жанчыны неспакойная думка. — Такія ж вусны, бровы”.
…Пазнаёміліся яны, можна сказаць, выпадкова. Сяргей прыехаў у госці да сябра-аднакурсніка, які працаваў пасля заканчэння інстытута ў вёсцы. Таццяна і цяпер не можа выкінуць з памяці той цёплы, напоўнены пахам чаромхі і бэзу, летні вечар. Свайго “прынца” яна заўважыла на дыскатэцы ў вясковым клубе. Чарнявы, высокага росту ці, як цяпер кажуць, спартыўнага целаскладу, на твары мяккая, лагодная ўсмешка. Такі наўрад ці застанецца па-за ўвагай дзяўчат. А тут яшчэ на танец запрасіў. Увесь вечар былі разам. Пасля дыскатэкі Сяргей прапанаваў праводзіць дадому. Яна ж, вядома, згадзілася.
Толькі старая вярба, што расце непадалёк ад палісадніка, відаць, памятае шчырыя словы прызнання ў каханні. Доўга яшчэ размаўлялі ў тую ноч. А назаўтра раніцай Таццяна нібы на крылах ляцела на работу. Вярнуўшыся, дапамагала маці. А вечарам — на спатканне.
Тыдзень, што гасцяваў Сяргей у сябра, праляцеў нібы адно імгненне. Калі Сяргей ад’язджаў, Таццяна, наперакор вясковым плёткам, сама пайшла праводзіць яго да аўтобуснага прыпынку. Самымі кароткімі здаюцца, напэўна, хвіліны расставання. Так і на гэты раз Таццяна стаяла, прытуліўшыся бліжэй да Сяргея, чакаючы аднаго-адзінага пытання. А ён чамусьці маўчаў, адводзячы позірк у іншы бок. Праўда, патэлефанаваць абяцаў адразу, як прыедзе дадому. І абяцанне сваё выканаў, не прамаруджваючы.
Радасцю поўнілася дзявочае сэрца. А ў хуткім часе яна чакала яго на тым жа аўтобусным прыпынку, дзе некалі развітваліся. На гэты раз Сяргей прыехаў ужо не да сябра, а да Таццяны.
Неўзабаве пасля гэтага шасцімесячнага амаль што завочнага знаёмства і вяселле згулялі. Маленькая вясковая хатка нават не ўмясціла ўсіх запрошаных гасцей. А таму па прапанове суседкі Манькі пагадзіліся на тым, каб некалькі сталоў паставіць у верандзе. Было тут ўсё, як заведзена на звычайным вясковым вяселлі: поўныя сталы розных страў, танцы з песнямі пад гармонік, дружнае “горка”.
А пасля маладая сям’я напоўнілася традыцыйнымі вясковымі клопатамі. Ужо тады Таццяна стала заўважаць, што Сяргей не надта ахвочы да сялянскай працы. Маці, праўда, папрокаў сур’ёзных не рабіла, мяркуючы: навошта ўмешвацца да спраў маладых? Таццяна ж, з маленства звыклая да штодзённай вясковай работы, цягнула “лямку” за дваіх, не адрозніваючы мужчынскай і жаночай справы.
Сяргей, які напачатку называў яе толькі Танечкай, стаў мяняцца літаральна з кожным днём, усё больш спасылаючыся на занятасць на рабоце. Нават вечарам ён, не цікавячыся хатнімі справамі, моўчкі бавіў час каля тэлевізара. Праўда, Таццяна некалькі разоў, імкнучыся разнастаіць сямейны мікраклімат, старалася то пірог спячы, то новую сукенку апрануць. Не дапамагала. Сяргей заставаўся да ўсяго абыякавым. Нават тады, калі Таццяну адвезлі ў радзільнае аддзяленне гарадской бальніцы.
Роды былі складаныя. Паправіўшыся, Таццяна ўсё часцей падыходзіла да акна, спадзеючыся дачакацца Сяргея. А таму першым пытаннем, якім сустрэла яна маці, што прыехала з вёскі, было: “А дзе Сяргей?”
— Захварэў твой Сяргей, не можа прыехаць зараз… — гаварыла тая.
Гэта ніколечкі не суцешыла змарнаванай душы Таццяны. Наадварот, думкі перапляталіся, а сэрца сціскала нейкая неспакойная інтуітыўная жаночая трывога.
— Як жа захварэў, нават патэлефанаваць не можа, — непакоілася жанчына.
Адзінае, што суцяшала і прыдавала ўпэўненасці ў жыцці — гэта нованароджаны сьночак. Схіляючыся над ім, яна адганяла ўсе неспакойныя, часам трывожныя думкі, што часцей прыходзілі ў галаву.
Блізіўся тэрмін выпіскі з бальніцы, казаць, што гэтага дня Таццяна чакала з нецярпеннем, будзе несправядліва. Душу і сэрца ўсё больш агортвала незразумелая трывога. I калі ў калідоры заўважыла згорбленую постаць маці, яшчэ больш аддалася ўласным думкам. Аднак, бачачы непаразумелыя твары медсясцёр, што суправаджалі яе да ганка, нечакана для сябе запытала ў маці: “А чаму Сяргей не прыехаў?”
— Не можа ён прыехаць, у камандзіроўцы зараз, — мовіла старая. І адразу, пераключаючы размову на іншую тэму, дадала: — Дзіця як назавем?
— Сяргеем, — азвалася Таццяна. Гэта імя ёй не толькі падабалася. Яшчэ раней яна цвёрда для сябе вырашыла, што калі народзіцца хлопчык, абавязкова назаве Сярожам.
Дадому дабіраліся моўчкі. Ехалі ў кабіне грузавіка. Таццяна ўвесь час паглядвала ў акно. Маці трымала на руках дзіця, — гэты маленькі, закутаны камочак. I толькі выйшаўшы непадалёк ад дома, яна зірнула ў вочы Таццяны, мовіўшы пры гэтым: “Пайшоў твой Сяргей, сабраў рэчы і да нейкай Любы пайшоў”.
Яна больш не пытала ні аб чым. Ціхенька выцерла слёзы, што навярнуліся на вочы, пераступіла парог роднай хаты, дзе з дзяцінства кожная рэч, кожная маснічка былі знаёмыя і блізкія сэрцу.
… Неяк вясною ў хату завітаў Сяргей. Амаль не сутыкнуліся на гэтым жа парозе.
— Можа, прапусціш, — ціха сказаў ён, апусціўшы вочы.
Таццяна напачатку маўчала. Толькі, павярнуўшыся, яна зачыніла за сабой дзверы, прайшла ў пакой. Сяргей, не чакаючы запрашэння, пакрочыў следам. Каб уступіць у гаворку, адразу вымавіў:
— Ты прабач мне, калі ласка, я нарэшце зразумеў, што шчасце ў сямейным жыцці. Здараецца ж у ім — марыш, кахаеш, памыляешся, шукаеш свайго месца ў неспакойным віры. А гады ідуць. I хочаш ты таго, не — нарэшце прыходзіць роздум. — Ён зрабіў паўзу, цяжка ўздыхнуў. — Не зладзілася ў мяне з Любай, чужая яна мне.
Яны стаялі насупраць адзін аднаго. Таццяна маўчала, нават не запрашаючы прысесці.
— Я вярнуцца да цябе хачу, больш не магу так, не магу, — паўтараў ён.
— Не, адказала амаль шэптам Таццяна.
Сяргей не прасіў больш выслухаць яго тлумачэнні: ён моўчкі пасунуўся да дзвярэй. Яна павярнулася да яго, нібы чакаючы, што азірнецца, але ўсё ж маўчала.
Дзверы ціхенька рыпнулі. За імі знік і Сяргей. На душы спачатку пранёсся адчайны крык, але з грудзей не вырвалася ніводнага слова. Яшчэ хвіліну-другую яна стаяла нерухома, а потым падыйшла да канапы, прысела.
Галаву свідравалі думкі. Чаму Сяргей так ціха і спакойна пакінуў яе, не стаў больш упрошваць, угаворваць? Ды і яна не затрымала, не пацікавілася як след яго жыццём-быццём. А можа, і сапраўды чалавеку цяжка?
Сон не ішоў. Яна ляжала, уткнуўшыся тварам у падушку, і плакала.

Алег ДЗЯТЛАЎ.

Добавить комментарий