У белай замяці снягоў (апавяданне Святланы ДЗЯДУШКА)

113489-800x600Прысвячаецца М.М.

Снег сыпаў і сыпаў, хаваючы ўхабы і каляіны раскіслай пасля дажджоў зямлі. Галінкі соснаў згіналіся пад цяжарам белых купінаў, страсалі іх, і тыя падалі ўніз, рассыпаючыся снежным пылам. Усё гэта нагадвала кадры казачнага фільма і, здавалася, вось-вось з-за дрэва пакажацца нейкая дзіўная істота.
Нягледзячы на жаданне хутчэй праскочыць лясную дарогу, не засеўшы ў якой-небудзь каляіне, ён усё ж спыніў машыну і выйшаў, удыхнуўшы водар ляснога паветра. “Божа! Якое хараство! І як хочацца захаваць у сабе гэту радасць жыцця!”
Мікалай прайшоў колькі крокаў, і ногі самі збочылі на знаёмую сцяжынку. Уздрыгнуў ад нечаканасці. Як такое можа быць?! Тая ж палянка… і тыя ж дзве елачкі пасярод… цяпер ужо вялікія елкі, трэба ж так вымахаць!..
Не, ён не забыў, ён нічога не забыў… Пасля сельгасакадэміі яго накіравалі ў саўгас “Перамога”, папрацаваў аграномам, а праз колькі гадоў стаў дырэктарам. Да пасады гэтай не імкнуўся, нават, наадварот, але ж ёсць такое разуменне “Трэба – значыць трэба”, – вось і прыйшлося ўзваліць на плечы даволі нялёгкі груз… Цяпер успамінаюцца з усмешкай недарэчныя яго спробы падняць гаспадарку адным махам. Усяго было, і рукі не раз апускаліся, але ж прафесійны гонар і настойлівы характар дапамаглі паступова наладзіць справу. Будаваў жыллё, у саўгас пацягнуліся маладыя спецыялісты. І яна… новы фельчар – уся такая светлая, чыстая — сонцам асвяціла яго кабінет. Зачырванеўшыся, гаварыла пра неабходнасць пашырэння фельчарска-акушэрскага пункта, замены ацяплення і іншае, а ён глядзеў на яе, баючыся спыніць недарэчным словам ці рухам, сапсаваць ураджанне запоўніўшай сэрца радасці. “Гэта яна”, — стукала ў галаве…
На наступны дзень паслаў спецыялістаў на ФАП для рамонту ацяплення, а потым і сам заехаў. Сапраўды, фельчарска-акушэрскі пункт знаходзіўся, мякка кажучы, у заняпадзе. Ён з сорамам для сябе вымушаны быў прызнацца, што вырашаючы вытворчыя пытанні, не ўдзяліў належнай увагі гэтаму. У той жа час клопат пра здароўе людзей, безумоўна, павінны быць не менш важнай задачай для яго. Лізавета Аляксееўна, новы загадчык медыцынскай установы, падштурхнула яго да гэтага разумення, і Мікалай быў удзячны ёй. У той жа час, чаго граха ўтойваць, яго цягнула да доктаркі, як матылька да свету.
Колькі спрабавалі сватаць, знаёміць, – ён не ўспрымаў гэта ў сур’ёз. Будучы ўвесь цалкам у рабоце, не мысліў заводзіць сям’ю, можа так, калі-небудзь… хаця было ўжо за трыццаць. А тут, як хлапчанё, імкнуўся завярнуць на вуліцу, дзе знаходзіўся ФАП, каб праехаць міма.
Абноўлены фельчарска-акушэрскі пункт адкрывалі ўрачыста. Сабралася амаль уся вёска, бабулі надзелі святочныя ўбранні. І ён, звяртаючыся да людзей, адучуў нейкае асаблівае яднанне з імі ды радасць: доб-рую справу зрабіў!
Ліза, у беласнежным халаціку і такой жа шапачцы, нягледзячы на старанне здавацца сур’ёзнай у такі важны момант, выглядала па-дзіцячаму шчаслівай дзяўчынкай. “Мабыць і я цяпер не падобны на адказнага кіраўніка”, – усміхнуўся пра сябе.
Праз тыдзень яму было ўжо не да сардэчных хваляванняў – пачалася ўборка хлеба. У гэты перыяд, калі не паспееш ухапіць спрыяльнае надвор’е, то можна і частку ўраджаю страціць. Вядома, што сітуацыю трэба трымаць у полі зроку, вось ён і імкнуўся пабываць на кожным участку, каб дзе трэба прыняць неадкладныя меры, а дзе – проста добрым словам натхніць на больш актыўную працу.
У рабочым рытме прайшла і восень. Не сказаць, што ён не ўспамінаў пра док-тарку, але, здавалася, паціху супакоіўся. Толькі гэта сапраўды здавалася, бо сэрца зноў закалацілася, калі ўбачыў яе. Праўда, так і не змог нічога трапнага сказаць, не здолеў затрымаць. Нават зазлаваўся на сябе: вось дык дурань, як цяльпух губляецца перад дзяўчом!..
Ён сустрэў яе нечакана на гэтай палянцы, вяртаючыся з райцэнтра. Праязджаючы, убачыў, як мільганула блакітная куртка. Падаў назад, мяркуючы, што магло дзіця заблудзіцца. Адразу не спазнаў Лізу ў спартыўным адзенні. Фігурка, падобная на лялечную, стаяла, як зачараваная каля дзвюх маленькіх елачак, а вакол зацярушваў усё снег. Няйнакш, як казка затрымалася тут на хвіліну, такая была прыгажосць! Пачуўшы крокі, дзяўчына азірнулася і праз момант апынулася ў яго цёплым ахапку. Мікалай на імгненне ўбачыў радаснае здзіўленне ў яе вачах і патануў у хвалі шчасця, пяшчотна цалуючы мяккія, падатлівыя вусны… Здалося, яны закружыліся ў нейкім дзіўным зімовым караго-дзе, а вакол танцавалі сняжынкі і дзве прыгожыя елачкі…
Бабулі каля калодзежа ажывіліся, як толькі ўбачылі выскачыўшую са старшынёўскага “Уазіка” “мядзічку”, дужа ж цікавай была навіна для размовы. Праз дзень гэта падзея абмяркоўвалася на ўсе лады, а праз тыдзень спраўныя на язычок кабеты ўжо выказвалі меркаванні наконт вяселля: “Зімой будзе, ці да вясны дацягнуць?”
Мікалай з Лізай стараліся сустракацца ўпотай – навошта даваць лішні повад для сплётак: ён кіраўнік, ды і яна ўвесь час на людзях. Так прайшла зіма. Вырашылі, што ў сакавіку, пасля таго, як у саўгасе прой-дзе святочнае мерапрыемства з нагоды Міжнароднага жаночага дня, паедуць да бацькоў Лізы, а там, у канцы лета, можна будзе і вяселле згуляць.
Мікалай Андрэевіч змяніўся, стаў больш уважлівым да людзей, падабрэў, —заўважалі вяскоўцы, і гэта было праўдай. Ён па-іншаму пачаў глядзець на ўсё, не только як кіраўнік, гаспадар, якога турбавалі шматлікія праблемы, а проста як шчаслівы чалавек, што знайшоў свой лёс. І Лізу каханне яшчэ больш упрыгожыла, здавалася, асвяціла яе знутры.
Пажылыя людзі, якім прыходзілася часта звяртацца да доктаркі са сваімі хваробамі, з адабрэннем абмяркоўвалі выбар старшыні, заўважаючы: прыгожая, працавітая, ветлівая, хворым спачувае і на дапамогу прыйдзе ў любы час.
Усё было вельмі добра… вельмі… Як бы ён хацеў выкрасліць са свайго жыцця той пракляты дзень! Ці вярнуць, каб крыху раней выйсці з хаты, альбо проста не пусціць да сябе Галю.
У школе яна бегала за ім і блізка не падпускала другіх дзяўчат, Мікалаю гэта прыдавала асаблівы аўтарытэт сярод сяброў. Потым надакучыла і ён часцей стараўся пазбягаць яе, праўда, на выпускным крыху пацалаваліся, падхмялеўшаму было “мора па калена”, як кажуць, закружыў вольны вецер у галаве. Калі ён паехаў вучыцца ў сельгасакадэмію, атрымаў ад Галі некалькі пісьмаў, адказаў раз ці два – і ўсё. Больш яе не сустракаў.
І вось, з раніцы на 8 Сакавіка, Галя з’явілася на парозе яго хаты. Аказалася, за дзень да таго прыехала ў вёску да родзічаў, дазналася, што ён тут. Мікалай якраз збіраўся да Лізы, ды як жа аднакласніцу не прывеціць. Запрасіў скінуць паліто, паставіў чай. Яна ж дастала з сумкі бутэльку чырвонага віна: “Трэба ж сустрэчу адзначыць!” Калі ён прынёс шклянкі, Галя стаяла каля вакна. Падумаў: відавочна, што гады пайшлі ёй на карысць. Модная прычоска вельмі ішла да твару, а кароткая спадніца падкрэслівала зграбнасць ног.
“Мабыць не адна мужчынская галава схілілася перад гэтымі нагамі”, — пажартаваў Мікалай. “Адна твая і засталася не схіленай! — усміхнулася Галя.
Расчырванеўшыся ад выпітага віна, яны смяяліся, успамінаючы школьныя ўцехі, на нейкі час апынуўшыся ў бесклапотным дзяцінстве. Тэлефонны званок вярнуў у рэальнасць, і толькі паспела мільгануць думка, што яго чакае Ліза, як Галя, спрытна падсеўшы да яго, абхапіла за шыю рукамі. Ён спрабаваў сказаць, што кахае другую, але чамусьці не мог адштырхнуць яе…
Калі падхапіўся з дывана, як маланкай стукнула: у дзвярах стаяла Ліза. “Якія вялікія, прыгожыя вочы, — мроілася ў галаве, — чаму ў іх столькі жаху?” Побач пахіхіквала Галя, не спрабуючы нават зашпіліць гузікі на блузцы.
На “Агеньчыку” Лізы не было, не знайшоў Мікола яе і на наступны дзень. Праз які час патэлефанаваў у аддзел аховы здароўя, дзе акрамя “Звольнілася тэрмінова” больш яму нічога не маглі сказаць. Не апраўдалася і надзея знайсці яе ў бацькоў, куды ён дабраўся ноччу, добра што паспеў выкруціцца і не спалохаць іх.
Мікалай хадзіў чорны, як хмара, не ўразумеўшы толкам, як з ім такое магло здарыцца – ён жа так кахае Лізу і нікога яму больш не трэба. Недарэчнасць нейкая, няўжо б яна не зразумела, не даравала? Але знайсці яе ён не мог.
Праз паўгода прыслалі другую фельчарку. Убачыўшы адчыненыя дзверы, ён забег у медустанову, спадзяючыся на цуд, але дарма. Знікла радасць – ен сам загубіў яе. І доўга яшчэ адчуваў на спіне дакорлівыя позіркі людзей.
Цягнуліся дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам. Спрабаваў жыць з Галяй, але нядоўга пратрымаўся, ды і яна сама рада была ўжо збегчы, так і не здолеўшы стаць каханай.
Ён з галавой укінуўся ў работу, усе сілы аддаваў саўгасу, не даючы сабе адпачынку. На павышэнне згадзіўся адразу, не задумваючыся, і толькі ў абласным цэнтры, дзе стаў працаваць, боль у сэрцы паступова стаў заціхаць…
Мікалай яшчэ раз акінуў позіркам цяпер ужо беласнежную палянку, падняў вочы на прыгажуні-елкі: “Ну, расціце!” На нейкі момант здалося, што калі азірнецца, убачыць стройную постаць у блакітнай куртцы, але паварочвацца не стаў. Усё. Зваротнага шляху няма.
Мікалай Андрэевіч ехаў у суседні з былой яго “Перамогай” калгас па запрашэнні добрага сябра Леаніда Сяргеевіча, з якім у свой час, як кажуць, не адзін пуд солі з’елі. Потым шляхі разыйшліся, так, калі-нікалі перакідваліся паштоўкамі на святы з прыпіскамі “Жыў-здароў, чаго і табе жадаю”.
Адзін раз Лёня заязджаў да яго на пару гадзін, але гэтага было вельмі мала, каб проста пагаварыць аб усім ад душы. Так, падзяліліся навінамі. Лёня, былы ўпёрты халасцяк, усё ж ажаніўся, і сын у яго падрастаў. Калі сябра расказваў пра сям’ю і аб тым, якая прыгажуня яго жонка ды гаспадыня на зайздрасць усім, то твар яго проста свяціўся, і не трэба было лішніх слоў, каб зразумець, што ён шчаслівы чалавек.
Пасля таго Мікалай не раз збіраўся з’ездзіць у госці да Леаніда і вось, нарэшце, кінуў усе справы, — іх усёроўна не пераробіш — вырашыў ехаць. У апошнія часы нешта пякуча свідравала сэрца – яго цягнула ў тыя мясціны, якія колькі ўжо гадоў спрабаваў сцерці з памяці. Паездка да сябра была яшчэ і вяртаннем да мінулага – шчаслівага і балючага.
“Ліза. Мая Ліза. Дзе ты цяпер?” — Мікола нават не заўважыў, што паўтарае яе імя ўслых, утрымваючы адной рукой руль, а другой – выціраючы талы снег на шчаках.
Дом Лёні знайшоў хутка, хаця за дванаццаць гадоў вёска змянілася, шмат новых будынкаў павырастала. Завярнуўшы ў правулак, яшчэ здалёк убачыў постаць гаспадара, які завіхаўся каля навесу, адкуль пацягваў дымок.
Націскаўшыся як след ад радасці, пайшлі ў хату. Пах смачнай стравы быў сведчаннем таго, што госця тут чакалі. Гаспадыня, увіхаючыся каля стала, радасна павітала Мікалая. Лёня не хлусіў – сапраўдная прыгажуня яго жонка! З другога пакоя выйшаў хлопчык, гадоў васьмі. “Аляксей”, — адказаў на запытанне як завуць, падзякаваў за падарунак і зацікаўлена стаў асвойвайваць новую машыну.
“Мой сын быў бы старэйшым, калі б тады ўсё склалася з Лізай”, — прамільгнула ў галаве…
Гэта была сустрэча родных людзей, якім шмат аб чым хацелася пагаварыць, над чым пасмяяцца, што абмеркаваць. Мікола даўно не памятаў, калі яму было так добра на душы. Менавіта ў той час ён зразумеў сэнс адчування гармоніі з сусветам. Успаміны пра маладосць зрабілі яшчэ больш яркімі здымкі, якія ўзнавілі шмат падзей. Перагледзеўшы армейскі альбом, перайшлі да сямейнага. Вось Лёня са сваёй нявестай, а вось і вяселле, нараджэнне сына… Раптам Мікалая як маланкай паласнула! Схапіў здымак, на якім маладыя цалуюцца, а побач госці пляскаюць у далоні: “Хто гэта? Адкуль?” — аж крычаў Мікола, махаючы карткай перад тварам нічога не разумеючага сябра.
— Супакойся! Што з табой? — Лёня абняў за плечы ўз’юшанага Мікалая. Нарэшце той здолеў сказать нешта суразнае: “Памятаеш, я расказваў пра сваё каханне? Дык вось гэта яна, мая Ліза!” “Дзе? Якая Ліза? — Лёня паглядзеў на здымак, куды Мікалай паказваў пальцам. — Божа мой, дык гэта ж сяброўка маёй Ані! Лізавета Аляксееўна, сапраўды, Ліза. Трэба ж такое! Ну… яны вучыліся на адным курсе ў медвучылішчы, потым па размеркаванні паехалі на працу. Жонка нешта гаварыла пра няўдалы лёс сяброўкі, якая засталася адна з дзіцем на руках…”
“Якая сяброўка, якое… ты што пляцеш, Ліза з дзіцем на руках?..” — пабялеў Мікалай. Да Лёні, здаецца, нешта дайшло: “Дык, я так разумею, што гэта ты пакінуў цяжарную дзяўчыну?” Леанід і сам не верыў у сказанае, бо добра ведаў таварыша і не ўяўляў, што ён здольны на такое.
“Усё не так, потым аб гэтым, ты толькі скажы, дзе яе знайсці?” — Мікалай чакаў ад сябра адказ, у той жа час баючыся пачуць нешта такое, што перакрэсліць усе яго надзеі на сустрэчу з Лізай.
— Чаго ты трасешся, — усміхнуўся Леанід, уразумеўшы нарэшце сітуацыю, — ды тут яна, твая Лізавета, у бальніцы разам з жонкай працуе, перацягнула мая яе сюды!” Мікалай кінуўся да парога, але рэзка спыніўся: “Пакажы, дзе яна жыве! — І ў той жа момант махнуў рукой — не не трэба, я сам!” Лёня толькі паспеў крыкнуць: “У яе такі ж дом, як наш!”
Хвілін трыццаць Мікалай калясіў па вёсцы: як думаў знайсці, на які цуд спадзяваўся – сам не ведаў. І ўжо стаў сябе дакараць за хлапчукоўскую надзею адчуць сэрцам, як раптам убачыў сапраўдны цуд: за плотам, непадалёк ад кірпічнага дома, падобная да лясной палянка — з дзвюма елачкамі!
“Ліза яго не забыла”, — з такой упэўненасцю ён адчыніў дзверы.
— Хто там? — зазвінеў дзявочы голас. — Сашка, зноў ты прыдурваешся? Дзяўчынка, гадоў чатырнаццаці, здзіўлена паглядала на незнаёмца. У яе былі такія знаёмыя вочы!
— Ты Каця? — запытаў ён сіплым ад хвалявання голасам.
— А адкуль Вы ведаеце?
— Ды мама твая марыла так назваць, у гонар сваёй бабулі, калі першай дзяўчынка народзіцца. Я табе потым, Кацярынка, аб усім раскажу.
— Ідзі ў пакой, замерзнеш! — Ліза мякка падштырхнула дачку да дзвярэй, адкуль выйшла. — Добры дзень, Мікалай Андрэевіч!
— Які я табе Андрэевіч? Я твой Мікола, што ўсё жыццё цябе кахае! Прабач мяне, родная! Я ўсё зраблю, каб ты мяне даравала! Дазволь мне быць разам з вамі!
Ен прытуліў яе да грудзей, цалаваў мокры ад слёў твар і быў у той час шчаслівейшым на зямлі чалавекам!
А за вакном у зімовым карагодзе танцавалі сняжынкі, адзяваючы елачкі ў беласнежныя футры.

Святлана ДЗЯДУШКА.

Добавить комментарий