У ДУА “Камінтэрнаўская сярэдняя школа” прайшоў тыдзень, прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Магілёўскай вобласці

zastavka!!!75Магілеўшчына — край Прыдняпроўя!
Сенажаці, палеткі, гаі.
А нідзе так, здаецца, чароўна
Не пяюць, як у нас, салаўі…..
Васіль Карпечанка

У студзені ў ДУА “Камінтэрнаўская сярэдняя школа” прайшоў тыдзень, прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Магілёўскай вобласці.

15 студзеня 1938 года на карце вялікай у той час краіны — Савецкага Саюза — з’явілася Магілёўская вобласць. Пачаўся адлік сучаснай гісторыі Прыдняпроўскага краю. Якія ж падзеі адбыліся за гэты час? Чым жыла родная Магілёўшчына? Адказ на гэтыя пытанні нам дала настаўніца гісторыі З.М.Атрашэўская, якая 16 студзеня запрасіла вучняў наведаць школьны музей. Заўсёды цікава зазірнуць у мінулае. Мы даведаліся, што вясной 1938 года быў зацверджаны Генеральны план рэканструкцыі горада Магілёва ў сувязі з пераносам сюды сталіцы БССР. Гэты план з’яўляўся перспектыўным на 10 год. Мае аднакласнікі адразу ўявілі сябе жыхарамі сталіцы, але толькі на момант. Зінаіда Мікалаеўна растлумачыла нам, што вайна і тут унесла свае карэктывы — перашкодзіла далейшай рэканструкцыі. У пасляваенны час пытанне аб пераносе сталіцы ўжо не ўздымалася. Першымі ў Магілёве пры савецкай уладзе былі пабудаваны Дом Саветаў і НКУС БССР (зараз там знаходзіцца Беларуска-Расійскі ўніверсітэт). Мы з цікавасцю разглядалі фотаздымкі бу-дынкаў, што зніклі пад час забудовы горада. У завяршэнні экскурсіі настаўніца прапанавала паглядзець прэзентацыю пра наш абласны цэнтр.

Спачатку на экране ўзнікаў від будынка ранейшага, а затым яго сучасны выгляд. Мы навыперадкі спрабавалі пазнаць мясціны роднага горада.
На наступны дзень бібліятэкар А.М.Шаварава пазнаёміла вучняў нашай школы з магілёўскімі паэтамі і пісьменнікамі, правяла віктарыну “Паэтычная Магілёўшчына”. Мы беспамылкова адказалі амаль на ўсе пытанні віктарыны, так як напярэдадні ўважліва прачыталі матэрыялы на школьным стэндзе, прысвечаныя 75-годдзю ўтварэння Магілеўскай вобласці.

Так як за акном, нягледзячы на мароз, днём весела свеціць сонейка, то нашы настаўнікі фізічнай культуры, С.С.Нарышкін і Ю.В.Рэвяка, не захацелі застацца ўбаку ад іншых настаўнікаў і арганізавалі для вучняў лыжныя спаборніцтвы. Мае аднакласнікі са смехам і жартамі пасля ўрокаў накіраваліся на стадыён. Едучы на лыжах, я радавалася сонечнаму надвор’ю, любавалася зімовымі дрэвамі, з задавальненнем дыхала чыстым марозным паветрам. І хоць я не перамагла ў спаборніцтвах, але ад душы павіншавала з перамогай сяброў. У гэты дзень вучні школы атрымалі задавальненне і правялі яго з карысцю для здароўя.

Завяршыўся тыдзень інфармацыйнай гадзінай “75 год Магілёўскай вобласці”. Класны кіраўнік, А.М.Дарошка, правяла бліц-апытванне сярод 9-класнікаў, падрабязна расказала пра знакамітых людзей нашай вёскі, пажадала поспехаў у вучобе.

Валерыя Усцінава,
член клуба юных журналістаў “Паралелі”.

Добавить комментарий