У рэдакцыі газеты “Прыдняпроўская ніва” адкрылася літаратурна-музычная гасцёўня “Узлёт”

У добры час, “Узлёт”!

_MG_765613 лютага ў нашай газеце адбылася гістарычная падзея – адкрылася літаратурна-музычная гасцёўня “Узлёт”, якая з’явілася новай ступенькай аднайменнай літаратурнай старонкі, што вядзецца ў раёнцы больш 50-ці гадоў.

На творчую імпрэзу завіталі госці: начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама А.М.Кунцэвіч, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама В.К.Яленскі, дырэктар філіяла Белдзяржстраха па Магілёўскай вобласці А.Ц.Глаз, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі У.У.Дуктаў, а таксама паэты, якія супрацоўнічаюць з газетай.

Да адкрыцця гасцёўні была распрацавана эмблема, на якой Муза ляціць да зорак. Так і творчы чалавек сваім натхненнем дорыць людзям свет у самых яркіх фарбах, тым самым упрыгожвае сваю Радзіму.

Гасцёўня прызначана стаць духоўнай пляцоўкай для маладых і масцітых аўтараў, якія змогуць прачытаць свае вершы, праспяваць песні, абмеркаваць навіны культуры і проста выказацца на цікавыя тэмы за кубачкам чаю, а таксама для звычайных аматараў літаратуры, музыкі і мастацтва.

Задачы, якія ставіць перад сабой “майстэрня”, — узнёслыя і рэальныя. “Узлёт” павінен стаць не толькі новым подыхам творчасці літаратараў і музыкантаў, але таксама сабраць таленавітую моладзь. І, што вельмі важна, — адрадзіць родную мову.

Шчыры трыумф творчасці_MG_7641

Што датычыцца мерапрыемства, якое адбылося ў памяшканні рэдакцыі газеты, то гэта быў сапраўдны трыумф творчасці. Адпаведнай была і атмасфера, якую стваралі ўдалыя аўтарскія вершы, задушэўныя песні і, канешне, шчырыя апладысменты.
Гарэлі свечкі. Рамантычныя ноты мелодыі “Да Радзімы”, якую выканала на сінтэзатары галоўны рэдактар газеты “Прыдняпроўская ніва” С.Р.Дзядушка, захапілі ў палон літаральна ўсіх. Гэта прызнанне аўтара ў любові да сваіх родных мясцін па эмацыянальнаму ўздыму і прафесіяналізму прысутныя параўналі з вядомым паланэзам Агінскага.

Сімвалічна першыя вершы ў гасцёўні прачыталі аўтары, якіх вядучая назвала надзеяй і будучыняй краіны, — вучні 10 класа ДУА “Кадзінская сярэдняя школа” Лэймі Эрнандэс і Вікторыя Кульгаўчук.

Творчыя людзі знаходзяцца сярод прадстаўнікоў розных прафесій. Нямала іх і сярод кіраўнікоў. Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падтрымлівае тых, хто валодае творчым патэнцыялам.

Ва ўнісон сказанаму і было прад-стаўлена слова начальніку ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага абл-выканкама А.М.Кунцэвічу, які з’яўляецца аўтарам твораў, напісаных на беларускай мове.

Вершы пра вёсачку Чырвоны Бор, што ў Бялыніцкім раёне, увялі ў свет летуценняў, навеяўшы ўспаміны пра такія дарагія сэрцу куточкі. Разам з тым Андрэй Міхайлавіч крэатыўна выказаўся наконт назвы гасцёўні, якую смела інтэрпрэтаваў як “трамплін” для маладых аўтараў мастацтва — своеасаблівы штуршок для творчасці. У той жа час падзякаваў арганізатарам за ажыццяўленне важнай для культуры вобласці ідэі стварэння творчай майстэрні, бо, сапраўды, патрэбна сустракацца таленавітым людзям дзеля натхнення, развіцця мовы і пошуку новых імёнаў.

Мастакі слова і музыкі

_MG_7638_MG_7636У перспектыве на пасяджэннях гасцёўні плануецца прысвячаць тэматычныя блокі аўтарам Магілёўшчыны і нашага раёна. На гэты раз добрым словам успомнілі таленавітага паэта Івана Ягоравіча Пехцерава, якого нядаўна праводзілі ў апошні шлях. Вершы І.Я.Пехцерава прачытаў Віктар Кунцэвіч, які таксама з’яўляецца аўтарам асабістых кніг і калісьці працаваў у нашай газеце.
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Уладзіміравіч Дуктаў узгадаў імёны пісьменнікаў Магілёўскага краю і прадэкламаваў творы любімых “мастакоў слова”.

Адкрыццё гасцёўні праходзіла напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Традыцыйнымі сталі рэгіянальныя сустрэчы, якія прахо-дзяць ў чатырох раёнах Магілёўскай вобласці. Не аднойчы ўдзельнікам такіх сустрэч быў і госць вечарыны дырэктар філіяла Белдзяржстраха па Магілёўскай вобласці Анатоль Ціханавіч Глаз, які, да слова сказаць, грае на гітары, спявае і запісаў з музычнай групай “Каскад” песні, прысвечаныя вайне ў Аўганістане, што і прадэманстраваў прысутным.

Пра “высокае” — у вершах

“Жыццё кароткае, мастацтва вечнае”, — сказаў Гіпакрат. У той жа час, як падкрэсліла вядучая, жыццё – цудоўнае. Яно напоўнена радасцю, шчасцем, любоўю да сваіх родных і блізкіх, сяброў, да любімай Беларусі. І ва ўсім гэтым вялікі сэнс надаецца каханню, якое робіць чалавека ўзнёслым і здольным на праяўленне самых высокіх учынкаў.

Менавіта напярэдадні Дня Святога Валянціна вершы аб вечным прачытаў Аляксандр Казека, паэт, які свой першы твор надрукаваў у літаратурнай старонцы “Узлёт” нашай газеты. Вершы Аляксандра Мікалаевіча сталі цудоўным гімнам вясне і ўсяму таму, што мы называем радасцю жыцця.

* * *
_MG_7668Намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Валерый Казіміравіч Яленскі, падводзячы вынікі, падкрэсліў важнасць такой яркай падзеі для Магілёўскага раёна, адзначыўшы, што ўсё прайшло на высокім узроўні і такія мерапрыемствы дадуць магчымасць газеце папоўніць рады сваіх прыхільнікаў.

Першы дэбютны вечар “Узлёту” завяршыўся выкананнем аўтарскай песні Святланы Дзядушка “Мая Беларусь”, якую падхапілі прысутныя.

Напрыканцы імпрэзы госці разам праспявалі ўсім знаёмы “Стары клён” і пакінулі на памяць “Лісты пажаданняў”, у якіх выказалі свае ўраджанні і парады на перспектыву. У ліку пажаданняў натхнення, палёту думак, пашырэння жанраў, аўдыторыі, — сімвалічным нам падалося меркаванне паэта Віктара Кунцэвіча, які заўважыў містычнасць лічбы 13, што двойчы прысутнічае ў даце адкрыцця (13 лютага 2013 года). Віктар Іванавіч лічыць, што гэта лічба стане шчаслівай і паспрыяе развіццю гасцёўні._MG_7680

У перспектыве плануецца запрашаць на пасяджэнні творчай “майстэрні” дзеячаў мастацтва, артыстаў, якія наведаюцца ў Магілёў, і проста цікавых людзей.

Першы акорд “Узлёту” прагучаў і, думаецца, што ён стане пачаткам прыгожай мелодыі…

Тэкст и фота Алены САВИЦКАЙ.

Добавить комментарий