Сцэнка з вясковага жыцця (Святлана ДЗЯДУШКА)

Сцэнка з вясковага жыцця

kprpva3 хаты выйшла Дар’я, убачыла суседку, якая спраўлялася на падворку.
Дар’я: Алена! Го, Алена!
Алена: Чаго ты там крычыш?
Дар’я: Кажу, ці чула ты, што ў Мар’і здарылася?
Алена: Ну, што там яшчэ ў тваёй Мар’і здарылася?
Дар’я: Ды кажу, карова ў яе звар’яцела!
Алена: Ты сама, здаецца, звар’яцела, крычыш, як рэзаная!
Дар’я: Крычыш, крычыш! Ты паслухай, што Мар’я кажа: пайшла гэта яна сваю Пярэстую даіць, а тая яе не прызнае — хвастом мянташыць, брыкаецца, Мар’я з аднаго боку падыдзе, з другога — трасца яе, рогі настаўляе!
Алена: Хто? Мар’я?
Дар’я: Цьфу! Ды не Мар’я, а карова яе рогі настаўляе, кажу. Ну, Мар’я неяк прымасцілася, падаіла, а тая нагою па вядры як трэснула, дык малако і палілося, а Мар’я прама ў тое малако і села, з перапуду. Цяпер вось пайшла да бабкі Фёклы варажыць, мо, падрабіў хто якую трасцу.
Алена: А-я-яй, якое ліха. Во ж бедная Мар’ячка!
Дар’я: Во, бачыш! А ты «звар’яцела, звар’яцела!..» Ну, добра, бывай ужо. Пабягу спраўляцца.
Праз колькі хвілін Алена ўбачыла, што па вуліцы ідзе Ганна.
Алена: Дзень добры, Ганначка! Куды гэта ты спяшаешся?
Ганна: Ды ў краму сабралася. Кажуць, учоры тавару навезлі, дык, мо, куплю што.
Алена: Пачакай! Паспееш яшчэ з таварам! Лепей пас-лухай, што раскажу. Бяда з Мар’яй!.. Пайшла гэта яна сваю Пярэстую даіць. А тая стаіць пасярод пуні, з роту — пена, вочы крывёю наліліся, як кінулася на Мар’ю ды рагамі як трэснула! Дык тая ледзь костачкі пасабірала…
Ганна: Якія яшчэ яна костачкі збірала, навошта?
Алена: Ды свае костачкі! Ледзьве паднялася яна! Косці пераламала, як падала. Во!
Ганна: Ай, гора, дык гора! Ну, дзякуй, што расказала, трэба будзе зайсці паглядзець, як яна, мо, доктара якога трэба паклікаць!
Па дарозе ў магазін Ганна даганяе Марфу.
Ганна: Пачакай, Марфа! Ой, якое гора ў нас у вёсцы! Ой, гора! Бедная Мар’я!
Марфа: Ды што здарылася? Захварэла Мар’я ці што?
Ганна: Ой, горш, даражэнькая! (галосіць).
Ой, Мар’юшка ты наша, Мар’юшка. Ой, падружанька ты наша дарагая!
Марфа: Ну, хопіць ужо! Кажы, што нарабілася!
Ганна (выціраючы слёзы): Ну, гэта, пайшла Мар’юшка Пярэстую сваю даіць. А тая стаіць сярод пуні: вочы крывёю наліліся, рогі на Мар’ю наставіла, дый раптам чалавечым голасам кажа: «Чаго Мар’я спазнілася? Ужо даўно трэба было мяне падаіць!» Мар’я адразу бразь аб зямлю… і ўсё.
Марфа: Няўжо памёрла?
Ганна (усхліпваючы): Ох, Мар’юшка, Мар’юшка. (Пайшла).
Марфа (ідучы): Мар’я, Мар’я! Такая працавітая была! А весялуха якая! А вось з-за нейкай дурной каровы Богу душу аддала.
Марфа падымае галаву і бачыць, што насустрач ёй ідзе Мар’я. Марфа не верыць сваім вачам, хрысціцца і адыходзіць назад са словамі…
Марфа: Згінь, халера! Згінь, праклятая!
Мар’я (ідзе прама на яе): Марфа, што з табою? Чаго ты ад мяне, як ад чорта якога, уцякаеш?
Марфа падае.
Мар’я (крычыць): Людзі! Дапамажыце, людзі! Ратуйце! (Трасе Марфу).
Марфа (расплюшчвае вочы): Жывая?
Мар’я: Жывая, жывая!
Марфа (глянуўшы на Мар’ю, зноў падае).
Збіраюцца людзі, прыводзяць Марфу ў прытомнасць…

Святлана ДЗЯДУШКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.