Гісторыю пад нагамі шукаюць магілёўцы на будаўнічых пляцоўках горада

Улица Пионерская. Могилев

Фото: gorad.by

Гэтым летам у Магілёве на адной з цэнтральных вуліц закрыты рух транспарту. Прычына сапраўды ўважлівая: на Піянерскай мяняюць цеплатрасу.

Між тым, што для адных праблемы — то для іншых новыя магчымасці. У прыватнасці, для гісторыкаў і аматараў магілёўскай даўніны. Замена старой цеплатрасы на новую ўжо прынесла карысць музею гісторыі Магілёва.

— У нас была канферэнцыя, і яе ўдзельнікі гулялі па горадзе, — расказаў дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.  — Мы паглядзелі на глыбокія яміны і кар’еры, якія ўтварыліся на Піянерскай, і ў той жа дзень… назбіралі там у адвалах два мяхі розных прадметаў, якія датуюцца ХVІ—ХІХ стагоддзямі. Напрыклад, кафлю і цэглу. І частку «здабычы» ўжо прынялі ў нашы фонды.

Са сваім мехам прыйшоў у музей і Алег Дзьячкоў, старшыня гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

— Я знайшоў гэтыя рэчы, калі гуляў з сябрамі па Магілёве і проста ўважліва глядзеў пад ногі, — гаворыць ён і выкладвае на стол скарб.

Зялёную кафлю, амаль цэлую, Алег называе ўнікальнай. Таму што яна ўпрыгожана стылізаванай выявай двух ільвоў — а гэта магілёўскі знак. Мяркуецца, што кафля была выраблена ў ХVІІ стагоддзі.

А на дне маленькай бутэлечкі з цёмнага шкла стаіць дакладная дата — 1895 год. Верагодна, што ў ёй гаспадары захоўвалі лекі. Нездарма бутэльку ўпрыгожвае падкова — на шчасце.

— Мы проста ходзім і збіраем тое, што ляжыць зверху альбо «выглядвае» з зямлі, — расказаў Алег Дзьячкоў.

Між тым, гарадскія рамонтныя работы натхняюць магілёўскіх гісторыкаў на новыя ідэі. Напрыклад, на той жа Піянерскай знайшлі мураваную кладку, падмуркі старых дамоў.

— Мне падаецца, што можна было б зрабіць музей з нейкага аб’екта старога горада, — лічыць Аляксей Бацюкоў. — Вызваліць ад зямлі падмурак і прывесці ў парадак рэшты старажытнай пабудовы. Напрыклад, Алейнай брамы непадалёку ад гарадской ратушы. Калі зрабіць гэта культурна, то жыхарам і гасцям горада будзе прыемна наведаць яшчэ адзін гістарычны аб’ект.

One thought on “Гісторыю пад нагамі шукаюць магілёўцы на будаўнічых пляцоўках горада

  • 29.07.2013 в 14:18
    Permalink

    Было интересно прочитать эту публикацию. Даже не верится, что там можно найти что-то ценное.

Добавить комментарий для Влад Калина Отменить ответ