“Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”

Урачыстае мерапрыемства з такой назвай, прымеркаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбылося на мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама. У святочных абставінах лепшыя вучні школ раёна атрымалі свой галоўны дакумент – пашпарт. Гэта падзея ў Год моладзі – своеасаблівы сімвал пачатку новага этапа ў жыцці юнакоў і дзяўчат. Цяпер яны – сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны і могуць уплываць на лёс роднай зямлі, бо ад спраў кожнага з нас, і ад актыўнай пазіцыі моладзі ў першую чаргу залежыць сённяшні дзень і, канешне, наша будучыня. На свяце таксама былі ўручаны білеты членаў БРСМ, а вучні пачатковых класаў урачыста ўступілі ў рады піянераў._MG_2055Павіншаваць юнакоў і дзяўчат са знамянальнай падзеяй прыйшлі старшыня райвыканкама Анатоль Дуцько, старшыня райсавета дэпутатаў Валянцін Салавей, намеснік старшыні райвыканкама Валерый Яленскі, начальнік аддзела ідэялагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Пруднікаў, начальнік аддзела па грамадзянству і міграцыі РАУС Пётр Пушкароў, старшыня райсавета ветэранаў Аляксандр Цароў, в.а. першага сакратара райкома ГА “БРСМ” Наталля Балацько, намеснік старшыні райсавета ГА “БРПА” Крысціна Банадысева.

_MG_2141Са словамі прывітання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Анатоль Дуцько. Старшыня райвыканкама адзначыў,што пашпарт не толькі пацвярджае правы грамадзяніна, але і вызначае грамадзянскія абавязкі, а гэта значыць, што юнакі і дзяўчаты павінны выконваць законы, а таксама добрасумленна вучыцца, паважліва ставіцца да старэйшага пакалення, любіць Айчыну і сваю малую радзіму. “Жыццё чалавека вымяраецца не пражытымі гадамі, а добрымі справамі”, – падкрэсліў кіраўнік раёна, прызваўшы моладзь быць сумленнымі, мэтанакіраванымі, працавітымі._MG_2143Атрымаць свой галоўны дакумент з рук старшыні райвыканкама – высокі гонар! Гэтага права ўдастоіліся пераможцы прадметных алімпіяд, удзельнікі розных конкурсаў і спаборніцтваў, лепшыя спартсмены, валанцёры і актывісты раёна. Большасць з іх вельмi хвалявалася, бо столькі слоў гучала аб тым, што быць грамадзянінам – адказная місія.

Ад імя ўсіх, хто атрымаў пашпарт, вучаніца ДУА “Мастокскі ВПК ДС – СШ” Анастасія Карпека дала абяцанне, што маладое пакаленне беларусаў зробіць сваю зямлю яшчэ больш чыстай і прыгожай, будзе цаніць і памнажаць багацце роднай краіны.

Павіншавалі моладзь з важным момантам у іх жыцці і родныя людзі. Бацькоўскія думкі, надзеі і пажаданні выказала Таццяна Голахава, прызваўшы юнакоў і дзяўчат любіць Радзіму і клапаціцца аб яе росквіце, быць годнымі памяці дзядоў і прадзедаў. Малодшыя сябры школьнікаў парадавалі добрымі вершамі._MG_2159Разам з пашпартамі моладзь атрымала падарункі – кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

У святочных абставінах адбылася і цырымонія ўручэння білетаў членаў БРСМ. Гэта самая масавая грамадская арганізацыя краіны адной з важнейшых сваіх задач лічыць выхаванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Наталля Балацько пажадала юнакам і дзяўчатам праз ўсё жыццё пранесці пачуццё гонару за сваю краіну. Разам з Аляксандрам Царовым яна ўручыла моладзі членскія білеты. Старшыня райсавета ветэранаў прыгадаў слаўныя справы камсамола і выказаў надзею, што сённяшняе маладое пакаленне будзе такім жа ініцыятыўным, клапатлівым і актыўным.

Расчуліў усіх прыём у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Рабяты, якім споўнілася 10 год, далі ўрачыстае абяцанне і запэўнілі, што заўсёды будуць гатовы да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці. Шаноўныя госці павязалі школьнікам піянерскія гальштукі.

Шмат добрых слоў і шчырых песен прагучала пра Радзіму. Няхай жа збудуцца ўсе пажаданні, і яе сыны сапраўды будуць рабіць ўсё, каб яна заўсёды квітнела!

 

Юлія ІВАНЧЫКАВА
Фота Юлii МАРКОВIЧ

Добавить комментарий