Яго хлеб пах порахам, Ці вайна – галоўная тэма…

690fa05eda401dcbf2a83d19acfb5ab2У гэтыя зімовыя дні надзвычай цёпла на сэрцы з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння любімага аўтара не аднаго пакалення чытачоў. Іван Пятровіч ШАМЯКІН нарадзіўся 30 студзеня 1921 года. Яго малая радзіма – вёсачка Карма Добрушскага раёна.

Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, 75-годдзе пачатку якой мы адзначым таксама сёлета. Глыбока сімвалічна, што Іван Пятровіч і пачаў друкавацца ў першы год вайны ў армейскай газеце “Часовой Севера”, дзе змясціў свае нарысы і вершы. І тэма Вялікай Айчыннай стане адной з самых важных і галоўных у яго мастацкім празаічным летапісе. Вёў пісьменнік у вайну і дзённік.

Іван Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі гарадамі на поўначы СССР. Быў камандзірам гарматы, камсоргам дывізіёна. Браў удзел у вызваленні Польшчы. Салют Перамогі пачуў на Одэры.

Яго першае апавяданне “У снежнай пустыні” было напісана ў 1944 годзе, апублікавана адразу ж пасля вайны – у 1946 годзе ў часопісе “Полымя”. Галоўная тэма твора – гераізм савецкіх воінаў у барацьбе з ворагам у жорсткіх умовах Поўначы.s000168_508307Аповесць “Помста” (1945 г.) услаўляе вызваленчую місію Чырвонай Арміі. Гэты твор абавязкова трэба прачытаць сёння тым, хто так хоча перакрэсліць заслугі Чырвонай Арміі ў тыя цяжкія 1418 дзён і начэй. Аўтар даказвае нам, што чырвонаармейцам ніколі не была ўласціва сляпая помста, яны прынеслі на сваіх плячах справядлівасць і гуманізм многім народам свету, у тым ліку і нямецкаму… Дарэчы, “Помсту” празаік напісаў у Германіі.

У рамане “Глыбокая плынь” (1947-48 гг.) пісьменнік здолеў паказаць народныя вытокі партызанскага руху, маральна-псіхалагічную асаблівасць вайны ў тыле ворага, стварыць запамінальныя вобразы партызан і камандзіраў (Таццяна і Карп Маеўскія, камісар Лясніцкі), адлюстраваць складанасць умоў жыцця і барацьбы з фашыстамі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, раскрыць масавы гераізм беларускага народа.

images (1)А ў сваёй знакамітай кнізе-пенталогіі “Трывожнае шчасце” (1957-65 гг.), якая найбольш блізкая па змесце да ваеннага і жыццёвага вопыту аўтара і складаецца з пяці аповесцей (“Непаўторная вясна”, “Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі сустрэчы”. “Мост”), лёс герояў Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай таленавіта ўпісаны ў лёс усяго пакалення, што здолела прайсці праз невыносна цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай, змагаючыся як на франтах, так і ў партызанскіх атрадах.

Раман “Сэрца на далоні” (1963 г.) ставіць і вырашае важныя праблемы: сувязь праўды гістарычнага мінулага з сённяшнім днём, узаемадносіны паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, якія актуальныя ва ўсе часы.

Раман “Снежныя зімы” (1968) даследуе лёс былога партызанскага камандзіра Антанюка, які ўсё свядомае жыццё абараняе права чалавека быць Асобай з вялікай літары і не скарацца перад неспрыяльным збегам абставін.

Па кінааповесці аўтара “Эшалон у Германію” (1971 г.) быў пастаўлены кінафільм “Хлеб пахне порахам”.

У аповесцях “Шлюбная ноч” (1975 г.), “Гандлярка і паэт” І.Шамякін зноў вяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. У рамане “Вазьму твой боль” (1978 г.) зноў паказана душэўная драма героя, асірацелага ў вайну. Механізатар Іван Батрак пакутуе ад памяці пра незлічоныя зверствы, учыненыя гітлераўцамі з яго роднымі, трагічным сведкам якіх ён сам і аказаўся. Празаік паказвае нам, што пакуты героя яшчэ больш узмацняюцца з вяртаннем віноўніка смерці яго блізкіх. І такім чынам з’яўляецца новая драма: вайна страляе ў добрых людзей…images

У рамане “Зеніт” (1987 г.) Шамякін паказвае крывавыя падзеі апошняга года Вялікай Айчыннай, раскрывае ўнутраную высакароднасць і гуманізм савецкіх салдат – вызваліцеляў народаў Еўропы. Перачытваеш гэты твор – і проста сэрца болем напаўняецца ад успамінаў пра сучасныя кадры па тэлебачанні, калі паказваецца, што ў многіх кропках гэтай самай Еўропы сёння знішчаецца не толькі памяць, але і руйнуюцца помнікі мінулай вайны. А калі гэта робіцца, то і трэцяя сусветная вайна можа пачацца, якая, на жаль, можа стаць апошняй у гісторыі чалавецтва…

Іншыя творы І.Шамякіна – “Слаўся, Марыя!” “Злая зорка”, “Ахвяры”, “Палеская мадонна”, “Вернісаж”, “Падзенне”, “Без пакаяння”, “Крывінка”, “Зона павышанай радыяцыі”, “Пошукі прытулку”, “Выкармак”, “Звіхрэнне” – таксама складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі, нярэдка складанага і супярэчлівага.

Іван Шамякін у пасляваенны час настаўнічаў, з’яўляўся рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”, галоўным рэдактарам знакамітага выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Мусіць, няма такога чалавека, хто хоць аднойчы не карыстаўся даведнікамі гэтага сур’ёзнага навуковага таварыства. Больш чым паўстагоддзя ён аддаў творчай працы і актыўнай грамадскай дзейнасці.2301031

Майстра нацыянальнай прозы не стала ў 2004 годзе. А праз два гады імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна было прысвоена Мазырскаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту.

Яго жыццё – надзвычай красамоўны прыклад самаадданага служэння айчыннай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу. Ён так пісаў пра галоўныя каштоўнасці жыцця: “Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё – Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў”.

Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Творы І.Шамякіна перакладзены больш чым на 30 моў свету, выдаваліся ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі тыражамі. Напрыканцы 70-х гадоў ён займаў пятае месца па чытабельнасці ў СССР сярод пісьменнікаў.

Не страціла сваёй актуальнасці проза Шамякіна і сёння. Да яе звярталіся многія чытачы ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі. Сёлета, у год 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай мы проста абавязаны зноў і зноў вяртацца да яго неўміручай ваеннай спадчыны, каб хлеб наш больш ніколі не пах порахам, каб драўляныя крыжы на вокнах расстраляных у вайну хат больш ніколі не з’яўляліся.

Падрыхтаваў Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Добавить комментарий