Пушчанская прыгода (казка для падлеткаў і дарослых)

Жыла між пушчы Васіліса,46
Я не забыў яе абрысаў.
Была квітнеючай бландзінкай
З прыгожымі грудзьмі і спінкай.
Як песня – ножкі, шыйка, тварык…
Маню?! Хай з’есць мяне камарык!
Была прамудрай у дадатак,
Ва ўсім быў у яе дастатак.
Жыла з ёй побач Бабка-ёжка,
Вядома ж, Касцяная ножка.
Была зайдросная страшэнна,
Рабіла людзям дужа дрэнна.
Усе, хто меў з Ягою справу,
Ягусі патраплялі ў страву.
Як выключэнне – ачмурэнне,
Ягіных служак сатварэнне.
Там і Кашчэй жыў Бессмяротны…
Ён лад жыцця вёў бестурботны,
Таму паліў цыгаркі, піпку,
Захожых абдзіраў, як ліпку,
Гарэлку, піва піў, “чарніла”…
Такі жыццёвы лад быў мілым.
Вось Бабцы-ёжцы і Кашчэю
Мяшала болей лесу Фея,
Краса і розум Васілісы.
Яга – страхоцце, Кашчэй – лысы!
І вырашылі яны ў пары
Зімой не ехаць на Канары –
На Васілісе жаніць Кошу,
Ды селі раптам у галошу.
Уперлася, як бык, нявеста,
З такою не замесіш цеста.
Ды Ёжка з Кошам не прастыя,
Па чараўніцтву не пустыя…
Але, як не мяшалі зёлкі, –
Вадою пырскалі з вясёлкі…
Не здолелі дапяцца мэты,
Не памаглі ў тым і газеты
(Ёсць там рэкламныя аб’явы
Пра прыварот, другія справы).
Прапанавала тады Ёжка,
Як разумней за Кошу трошкі,
Прывабіць Васу да іголкі,
Да медыцынскай, а не з ёлкі.
Каб атрымалася затраўка –
Спачатку неабходна “траўка”,
Затым ласкава, быццам коцік,
Прыгрэецца мацней наркотык.
Так дойдзе лёгка без прыгону
Да гераіна, метадону.
Калі ж у Васы будзе ломка,
“Падсцелюць” макавай саломкі…
Яшчэ прыпомніла Ягуся,
Бо з добрай памяццю бабуся,
Што ў пушчы ёсць блатны кабан …
Няхай сабе не наркаман –
Ды добра знае наркатрафік,
Змест грузаў, колькасць іх і графік …
Так поўным ходам пайшло дзейства,
За чараўніцтвам – ліхадзейства.
І хутка іншай стала Васа:
Не п’е ні малака, ні квасу.
Ёй даспадобы толькі доза,
Драўляней стала, чым бяроза.
Так “заляцела” на “запарку” –
Распрадала ўсю гаспадарку,
І скарб хутчэй, чым велькі слон,
Глынулі герач, метадон.
І, як на сонейку раса,
Прапалі маладосць, краса.
Таксама збеглі мудрасць, розум…
Жыццё для Васы – горкай прозай!..
Перыядычнай стала ломка –
Бы кожнай клетачкі паломка.
Не цяміць Васа ну нi кроплі
І дрэмле голая ў каноплях,
На ўсё гатовая за дозу,
Тут не патрэбна і гіпнозу.
Канешне ж, высахла, як вобла, –
Дзяўчына з наркатычнай “шоблы”.
Глядзеў Кашчэй на гэта ліха
Ды заявіў Ягусі ціха:
“Такая лярва мне навошта?
Няма такой нявесце кошту.
На ёй хай жэняцца вар’яты…
А я разумны і багаты.
Ты прыгажэй, Яга, за Васу,
За гэта вып’ю кубак квасу”.
Забылі ў пушчы пра вяселле,
Бо Васа – горш за пустазелле…
Сябры, прабаяў я вам казку.
Але ж вядома, калі ласка,
Нялішнім вам узяць урок
І цвёрды даць навек зарок.

Улад Скамарох.

Добавить комментарий