“Добры дзень жыту яравому!”

Шчодрая праца хлебаробаў сёлета прынесла добры вынік, і вось ужо буйным зернем каласіцца хлебная ніва.Наступіла самая адказная пара ўборкі ўраджаю, калі менавіта ад зладжанных дзеянняў удзельнікаў жніва залежыць, наколькі важкім будзе каравай. І, вядома ж, усе надзеі – на добрае надвор’е.Яшчэ з даўніх часоў сяляне, перш чым выйсці ў поле, ладзілі “Зажынкі”, звярталіся да сонца, каб даравала цяпло, а неба прасілі не ліць дажджом, пакуль хлеб не будзе звезены ў зернясховішчы.Традыцыя перайшла ў сучаснасць, і на гэтым тыдні, у сераду, на тэрыторыі ААТ “Палыкавічы”, каля вёскі Камінтэрн, было праведзена аднайменнае абласное мерапрыемства. На свята завіталі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Даманеўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Валерый Сямёнаў, старшыня Магілёўскага райвыканкама Анатоль Дуцько.Удзел прынялі лідары абласной і раённай прафсаюзных арганізацый аграпрамысловага комплексу, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі ідэалагічнай структуры, моладзь і інш.Тэатралізаванае дзейства з абрадамі і песнямі было арганізавана работнікамі раённага Цэнтра культуры, але перш з малітвай да Бога за дапамогай добра правесці жніво звярнуўся настаяцель Свята-Троіцкага храма аг.Палыкавічы айцец Аляксандр.“Праведзена вялікая работа, каб мець добры ўраджай зерневых і зернебабовых культур, а таксама лёну, буракоў, бульбы. Цяпер галоўная наша задача – арганізавана і якасна правесці ўборку без страт”, – адзначыў старшыня аблвыканкама, дадаўшы, што многае зараз залежыць ад майстэрства і прафесіяналізму механізатараў, а таксама кіраўнікоў гаспадарак і спецыялістаў, якія павінны забяспечыць належныя ўмовы працы.“На тэрыторыі вобласці будуць убіраць зерне 320 экіпажаў камбайнераў, трэба арганізаваць кадры так, каб не было ніякіх тэхнічных паломак і здарэнняў”, – падкрэсліў губернатар, пажадаў здароўя і дабрабыту.

“Добры дзень жыту яравому!” – заспявалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Праводзячы абрад, пакланіліся буйному коласу, уславілі хлеб ды тры разы першы сноп падкінулі, загадваючы жаданні, каб надвор’е было спрыяльным ды каравай багатым.

Першы сноп новага ўраджаю быў урачыста паднесены гаспадару вобласці Уладзіміру Даманеўскаму.

Павітаў усіх кіраўнік ААТ “Палыкавічы” Сцяпан Палоннікаў, адзначыўшы той факт, што гэта зямля ўзрасціла пяць Герояў Сацыялістычнай Працы. Сапраўды, камінтэрнаўцам ёсць чым ганарыцца! І зараз яны прыкладваюць усе намаганні, каб своечасова завяршыць жніво.Сімвалы дабрабыту – снапы новага ўраджаю былі ўручаны старшыням райвыканкамаў. А каравай з зерня 2016 года губернатару паднеслі, перадаючы эстафету, з надзеяй, што сёлета хлеба будзе яшчэ больш.“Няхай смачна пахне ў хаце духмяным хлебам!” – пажадалі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Славіца”, – няхай у шчасці жывуць людзі!”

Уборку ўраджаю плануецца завяршыць да 20 жніўня. Пажадаем жа нашым хлебаробам лёгкай нівы, здароўя і ўдачы!

У добры шлях!

Святлана ДЗЯДУШКА.

Фота Юліі МАРКОВІЧ.

Добавить комментарий