Прэм’ерны паказ анімацыйнага фільма “Маленькі прынц” адбудзецца ў Магілеве

 

Паглядзець стужку, знятую па твору французкага пісьменніка і авіятара Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, можна будзе 1 верасня ў 18.00 ў кінатэатры «Космас».

У кінамерапрыемстве прымуць удзел кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім і акцёр агучкі фільма Сяргей Жбанкоў. Паказ фільма, прымеркаваны да Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства, пройдзе на беларускай мове.

Мультфільм распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе сяброўства з галоўным героем аповесці-казкі «Маленькі Прынц» – старым лётчыкам. Анімацыйны фільм будзе цікава глядзець не толькі тым, хто ўжо чытаў твор Экзюперы, але і тым, хто яшчэ з ім не знаёмы.  Перапляценне двух самастойных сюжэтаў мультфільма і кнігі ператвараецца ў цікавую і захапляльную гісторыю – адначасова сумную і светлую, казачна добрую і жыццёва шчырую.

Арганізатары праекта «Беларускія ўікэнды» сумесна з кампаніяй velcom перавыдалі кнігу «Маленькі прынц» у перакладзе Ніны Мацяш. Значная частка экзэмпляраў будзе перададзена ў бібліятэкі школ горада Магілёва.

Паказы анімацыйнага фільма «Маленькі прынц» працягнуцца 2 і 3 верасня ў кінатэатры «Космас» (Пушкінскі пр-т, 10) у 16.00.

Добавить комментарий