«Няхай жа будзе музыкі багата!»

свитанок“Ой, музыкі дык музыкі! Аж ляцяць да неба зыкі…” І было сапраўды так, як сказалі вядучыя канцэрта, бо на сцэне Буйніцкай дзіцячай школы мастацтваў выступалі сапраўдныя майстры – удзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народной музыкі “Світанак”. Тыя мелодыі, якія гучалі ў іх канцэртнай праграме, “ляцелі” не толькі да неба, але і да сэрцаў гледачоў, знаходзячы там самыя шчырыя водгукі. Гарачыня, якая стаяла ў зале, была хутчэй ад захаплення непаўторнай і адметнай народнай творчасцю, ад радасці за мастацкую ўдачу, поспех артыстаў. Дарэчы, ён пастаянны спадарожнік “Світанка” не толькі на сцэнах Магілёўскага раёна.
Ансамбль быў створаны ў 1985 годзе і ўжо праз чатыры гады атрымаў ганаровае званне “народны”. Спачатку гэта быў калектыў інструменталістаў, потым да яго далучыліся вакальная і танцавальная групы. А складаюць ансамбль выкладчыкі інструментальных і харавых класаў дзіцячых школ мастацтваў, спецыялісты клубных устаноў раёна.
Што іграюць і спяваюць світанкаўцы? Ды тыя песні і найгрышы, якія спрадвеку гучалі на Беларусі. У аснове большасці канцэртных нумароў элементы традыцый, абрадаў, святаў, узораў песеннага і музычнага фальклору, якія і па сённяшні дзень захаваліся ў вёсках Магілёўскага раёна. У рэпертуары ёсць каляндарны абрадавы цыкл “Вяснянкі”, “Каравай”, “Калядная полька”, а таксама нашы мясцовыя песні “А чалом – чалом”, “З-пад белага камушка”, “Кум куму любіў” і інш…
Інструментальная група выконвае “Магілёўскую кадрылю”, “Чэшку – смешку”, “Беларускія найгрышы” і г.д. З гэтымі і многімі іншымі нумарамі ансамбль народнай музыкі “Світанак” неаднаразова выступаў на канцэртных пляцоўках горада Магілёва і вобласці, а таксама на рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях і конкурсах, дзе ўзнагароджваўся граматамі і дыпломамі. За творчыя дасягненні, высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага мастацтва ансамблю “Світанак” у 2006 годзе было прысвоена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Канцэрт, які прайшоў днямі ў Буйніцкай ДШІ якраз і быў наладжаны з мэтай пацвердзіць гэтае высокае званне.
У зале прысутнічалі намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама В.К.Яленскі, начальнік аддзела культуры А.В.Пруднікаў, дырэктар абласнога метадычнага цэнтра навукі, творчасці і культурна-асветніцкай работы А.Ф.Хмялькоў. Ацэньвала сённяшні выканальніцкі ўзровень калектыву спецыяльная камісія з г. Мінска. А гледачамі былі калегі ўдзельнікаў ансамбля.
Канцэрт уяўляў сабой своеасаблівую тэатралізацыю народных звычаяў і абрадаў, якія датычацца розных перыядаў жыцця чалавека, яго працы і адпачынку. Пра ўражанні ад пастаноўкі і музыкі мы гаварылі вышэй. Застаецца толькі дадаць, што мастацкі кіраўнік ансамбля “Світанак” — Уладзімір Сянькоў, хормайстар — Аляксандра Рогалева, рэжысёр праграмы — Зінаіда Білык, а вядучымі былі — Ірына Якаўлева і Ірына Сапожнікава. Пасля канцэрту камісія прыняла заключэнне “Аб мэтазгоднасці пацвердзіць званне “заслужаны” аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь ансамблю народнай музыкі “Світанак”. Што ж, віншуем удзельнікаў гэтага цудоўнага калектыву. А завяршыць хочацца тымі ж словамі, якія сказалі вядучыя: “Няхай жа будзе музыкі багата!..” Нашай самабытнай беларускай музыкі!


Тэкст і фота Наталлі ЧАБАН.

Добавить комментарий