У каторы раз на палетках ЗАТ АК “Зара” зазвінелі песні. Радасць перапаўняла сэрцы ўсіх, хто сабраўся на гэта свята, бо нездарма ж кажуць, што хлеб на стале – багацце ў хаце. Вось і скарбонка нашай краіны ў той дзень стала больш важкай аж на цэлы мільён тон зерня.
“Прывітальная” разнеслася па наваколлю, калі на зароўскую зямлю ступілі: старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік, памочнік Прэзі-дэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранкоў, намеснік старшыні аблвыканкама А.М.Ісачанка, старшыня абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню А.І.Чыкіда і старшыні ўсіх раённых выканаўчых камітэтаў вобласці.
У той жа час самыя цёплыя і шчырыя словы былі адрасаваны непераможнаму экіпажу У.В.Корсака і Р.С.Багачова, якім губернатар уручыў Падзячныя пісьмы аблвыканкама, а таксама, ужо традыцыйна, падарункі жонкам, што забяспечваюць надзейны тыл, – на гэты раз кошыкі з мяснымі вырабамі. Узяць пяцітысячны рубеж — такім было пажаданне.
“Калі б такіх экіпажаў было больш, то наша краіна стала б намнога багацей”, — заўважыў П.М.Руднік і праінфармаваў, што хадайнічае аб прадстаўленні неаднаразовага лідэра рэспубліканскіх “Дажынак” У.В.Корсака да дзяржаўнай узнагароды. Добрая навіна для ЗАТ АК “Зара” і ў цэлым для нашага раёна!
Тым часам свята працягвалася і старшыня абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню А.І.Чыкіда, падзякаваўшы П.М.Рудніку за клопаты аб сельскай гаспадарцы, уручыў сноп і духмяны каравай з мільённага намалоту. У асобе Г.М.Лаўранкова ад аграрыяў А.І.Чыкіда адрасаваў вялікую падзяку Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за дапамогу Магілёўскай вобласці і перадаў сноп новага ўраджаю. Разам з падзячнымі словамі прыгожыя караваі былі ўручаны памочніку Прэзідэнта Г.М.Лаўранкову і намесніку старшыні аблвыканкама А.М.Ісачанку.
Губернатар выказаў падзяку хлебаробам усіх раёнаў за ўклад у агульную скарбонку вобласці і ўручыў кожнаму па хлебнаму караваю. Як было адзначана, Магілёўскі раён займае першае месца ў вобласці па выніках уборкі ўраджаю, Шклоўскі — на другім, а Горацкі — на трэцім месцах.
Старшыня Магілёўскага райвыканкама Дз.Дз.Гобараў ад усіх калег выказаў кіраўніцтву вобласці словы шчырай падзякі за ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу. Што датычыць Магілёўскага раёна, то, як было заўважана, будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб не толькі ўтрымаць, занятыя пазіцыі, але і памножыць дасягнутыя рэзультаты, тым самым, выканаць усе пастаўленыя задачы.
На гэтым жа свяце Ганаровую грамату аблвыканкама, грашовую прэмію і падарунак П.М.Руднік уручыў старшыні Касцюковіцкага райвыканкама М.Р.Барысаву, які адзначыў 65-гадовы юбілей. Віншуючы юбіляра, губернатар падкрэсліў яго працоўныя дасягненні, а самае галоўнае — запэўніў, што вопыт кіраўніка, яго самаадданасць высока ацэнены і яшчэ доўга будуць запатрабаваныя.
Ліецца песня на прасторы. Зямны паклон вам, хлебаробы! Няхай заўсёды светлым будзе ваша жыццё, як тая раніца, што кліча вас у поле!
Святлана ДЗЯДУШКА.
Фота Алены САВІЦКАЙ.