Вынікі віктарыны падведзены!

У красавіку рэдакцыя раённай газеты праводзіла віктарыну, прысвечаную творчасці класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 130-гадовы юбілей якіх будзе адзначацца ў гэтым годзе. Вялікая колькасць адказаў, і ў асноўным правільных, сведчыць аб тым, што вы, паважаныя чытачы, любіце творы і добра ведаеце жыццёвы шлях нашых знакамітых пісьменнікаў.

Актыўны ўдзел у віктарыне прынялі школьнікі. І тут асабіста хочацца адзначыць навучэнцаў “Хонаўскага ВПК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”: Анастасію Шаў-цову, Галіну Карсакову, Дар’ю Асіпёнак і Дзіяну Аўдзееву, якія паасобку даслалі ў рэдакцыю свае лісты з адказамі, прычым з правільнымі, і прадставілі сваю школу.

Іллюстраваную, а галоўнае – змястоўную сумесную творчую работу даслалі нам у рэдакцыю вучаніцы ДУА “Кадзінская СШ” Карына Пузевіч і Дар’я Саўчына. Дзяўчаты вельмі пастараліся не толькі прыгожа ўсё аформіць, але і правільна адказаць.

Атрымалі мы ліст ад вучняў 6 класа Дасовіцкага ВПК “Дзіцячы сад-базавая школа” (настаўнік А.Л. Клімянкова). Праўда, з некаторымі іх адказамі, якія датычаць даты рэдактарства Я. Купалы і аўтара першага беларускага рамана, можна паспрачацца.

Цікава было пазнаёміцца з адказамі на віктарыну вучня ДУА “Рэчкаўская СШ Магілёўскага раёна” Віталя Пятрова: усё правільна. Падрабязна, грунтоўна і таксама правільна адказала на пытанні жыхарка г. Магілёва Т.М. Юркова. У асноўным мы згодныя з адказамі Вікторыі Рошчанка (г.Магілёў), за выключэннем пункта аб першапачатковай адукацыі Коласа.

А вось удзельніку віктарыны Сяргею Пятрову (г. Магілёў) хочацца заўважыць, што ў Якуба Коласа няма паэмы “Дырэктар”.

Цяпер увага: правільныя адказы на пытанні віктарыны:
1. Хто з пісьменнікаў стаў друкавацца раней: Янка Купала ці Якуб Колас?
— Першым пачаў друкавацца Янка Купала. Некалькі яго лірычных твораў на польскай мове былі апублікаваны ў 1903-1904 гадах у часопісе “Ziarno” пад псеўданімам “К-а”. Першы верш на беларускай мове “Мая доля” датуецца 15 ліпеня 1904 года. 15 мая 1905 года ў газеце”Северо-западный край” быў апублікаваны верш “Мужык”.
Я. Колас пачаў друкавацца з 1906 года.
2. Дзе і калі быў выдадзены першы зборнік Купалы, як ён называўся?
— Першы зборнік Я. Купалы — “Жалейка” — быў выдадзены ў 1908 г. у Пецярбурзе ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”.
3. Хто са знакамітых рускіх аўтараў стаў першым перакладчыкам твораў Янкі Купалы на рускую мову?
— Па словах П. Броўкі, шлях Купалу да шырокіх чытальніцкіх мас адкрыў… Максім Горкі, які пераклаў і надрукаваў праграмны верш маладога тады яшчэ беларускага паэта “А хто там ідзе?” (часопіс “Современный мир” №2, 1911 год).
М. Горкі пераклаў толькі адзін гэты верш з першага зборніка Я. Купалы “Жалейка”. А вось Валерый Брусаў, рускі паэт, празаік, драматург і перакладчык, якога Янка Купала лічыў сваім настаўнікам, прыкладна ў той жа час звярнуў увагу на актыўнага беларускага аўтара і пераклаў на рускую мову два яго творы (1914 год, “Вечерняя газета”, Вільня). І таму яго таксама па праву можна лічыць першым перакладчыкам купалаўскай паэзіі, тым больш, што ў пытанні віктарыны размова якраз ідзе не пра адзін твор, а некалькі.
4. Рэдактарам якой дарэвалюцыйнай газеты пэўны час быў Я. Купала?
— Вясной 1914 года Я. Купала стаў рэдактарам газеты “Наша ніва”, з якой раней супрацоўнічаў.
5. З якой паэмай Янкі Купалы звязваюць паходжанне назвы горада Магілёва?
— Гэта вядомая паэма “Магіла льва”.
6. Дзе атрымаў першапачатковую адукацыю Якуб Колас?
— Першапачатковую адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у хатняга настаўніка, так званага дарэктара. Гэтаму нават прыс-вечаны раздзел паэмы Я. Коласа “Новая зямля” – “Дарэктар.”
7. Як называецца першы надрукаваны твор Якуба Коласа?
— Верш “Наш родны край” лічыцца першым друкаваным творам Я. Коласа (газета “Наша доля”, 1 верасня 1906 г.).
8. Якія эпічныя творы Якуба Коласа па праву называюць візітнай карткай беларускай класічнай літаратуры?
— З дзвюма паэмамі Якуба Коласа – “Новая зямля” і “Сымон музыка” – непадзельна звязана не толькі гісторыя беларускай літаратуры, але і ўся культура Беларусі.
9. Назавіце аўтара першага беларускага рамана.
— На гэтае пытанне, сапраўды, няма дакладнага адказу, бо ў даследчыкаў беларускай літаратуры існуюць розныя меркаванні на гэты конт. Хтосьці называе першым раманістам Ядвігіна Ш., а нехта – Цішку Гартнага. Ёсць і трэцяя версія — першы беларускі раманіст — Якуб Колас (трылогія “На ростанях”).
10. Адкуль гэтыя радкі:
“Наш дзядзька, мілы наш Антоні…”?
— Прыведзены ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” (раздзел “Дзядзька-кухар”).
11. Хто аўтар слоў:
“Я не паэта, о крый мяне Божа!
Не рвуся я к славе гэткай німала…”?
— Гэта верш Янкі Купалы “Я не паэта…” (1905-1907 гг.).

Мы віншуем усіх, хто правільна адказаў на пытанні віктарыны: Анастасію Шаўцову, Галіну Карсакову, Дзіяну Аўдзееву і Дар’ю Асіпенак, Карыну Пузевіч і Дар’ю Саўчыну, Віталя Пятрова, Т.М.Юркову, а нас — з тым, што не знікае цікавасць да родных каранёў, беларускай культуры, нашай спадчыны, якую ўславілі вялікія песняры зямлі роднай — Янка Купала і Якуб Колас.

Добавить комментарий