НЕАБЫЯКАВЫЯ НАТАТКІ: НАВЕДАЕМ АЙЧЫННЫЯ ПАРКІ!

Парк культуры і адпачынку…. Такое звыклае спалучэнне слоў. Як добра, што ў нас паўсюдна створаны не толькі маленькія паркі, але ёсць і вялікія — нацыянальныя, еўрапейскага ўз-роўню. І як шкада, што нярэдка даводзіцца бачыць, што людзі не імкнуцца яшчэ больш упрыгожваць паркі роднага мястэчка, горада, рэгіёна, а пакідаюць за сабой смецце, ламаюць дрэўцы, паляць вогнішча, займаюцца браканьерствам … А гэта ўжо не па-культурнаму, а па-варварску. Зямляне не маюць права так сябе паводзіць!

Паркі і скверы роднага горада. Яны ўсе розныя, але менавіта тут – самыя любімыя месцы адпачынку гара-джан. Вяскоўцам пашанцавала больш – паркі ў сельскай мясцовасці спрадвек замяняе яго вялікасць Лес. Упэўнены: толькі сумеснымі намаганнямі мы можам зрабіць нашы паркі яшчэ больш прыгожымі, больш утульнымі, больш гасціннымі. А прыгожы, дастойны парк – гэта сапраўдная візітная картка любога горада. Сюды мы імкнемся прывесці і гасцей з іншых гарадоў. Менавіта ў Парку з вялікай літары можна адпачыць душой і целам…

Паркі — гэта самыя лепшыя з кніг, напісаныя на спецыфічнай прыроднай мове. Прычым, гэта адкрытая кніга, якую здольны дапаўняць кожны з нас. Гэтую мову трэба вывучаць усё жыццё. Паркі старажытнай Беларусі, якія здолелі выстаяць у віхуры стагоддзяў і дайсці да ХХІ стагоддзя, — гэта сапраўдны скарб нацыі, наша бяздоннае багацце, гонар краіны. Упэўнены: кожны беларус за сваё жыццё павінен пабываць у гэтых культавых мясцінах прыроды-матухны. У добрым парку, як і ў добрай кніжцы, заўсёды знойдуцца непрачытаныя старонкі… Трохсотгадовы ўзрост той жа сасны, напрыклад, адпавядае дзесьці нашым васьмідзесяці. Так што, запрашаю вас у цікавую вандроўку – па парках Беларусі: вялікіх і маленькіх. Хопіць бавіць час ля скрынак-ТБ. Шкада толькі, што ў Беларусі яшчэ амаль няма граматных спецыялістаў па экалагічнаму турызму…

Чым жа адрозніваюцца парк і сквер паміж сабой? Парк — участак з прыроднымі ці штучнымі пасаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны найперш для адпачынку. Сквер — гэта невялікі гарадскі грамадскі сад ці проста невялічкае месца, дзе высаджаны дрэўцы, стаяць лаўкі для адпачываючых. Іншымі словамі, сквер – невялічкі парк.

Нярэдка ў парках і скверах стаяць помнікі знакамітым землякам, ураджэнцам горада, якія здолелі нечым праславіць сваю малую радзіму. Ёсць нават заалагічны парк (сад).

Парк, сквер — гэта такое багацце, на якое, на шчасце, прырода не павесіла пудовага замка. Яна нібы давярае кожнаму новаму пакаленню, нам усім ра-зам гэты бессмяротны скарб — перш за ўсё давярае нашай высакароднасці, розуму, інтэлекту, каб мы ажыццяўлялі тут той справядліва-планавы парадак, які сама яна не ў стане зрабіць. Скажу больш: любоў да Бацькаўшчыны – нішто без любві да роднага парку, лесу маленства, што некалі акрэслівалі наш шлях у дарослае жыццё…

Чалавек у сваёй душы павінен утрымліваць, ашчадна захоўваць усё акаляючае асяроддзе, яго прыгажосць і непаўторнасць, яго загадкі і сакрэты. А самыя прыгожыя мясціны ў любым горадзе – паркі – і вучаць усіх нас разумець цудоўнае, гарманічнае ва ўлонні прыроды-матухны…

У нашай сінявокай Беларусі ёсць ажно пяць нацыянальных паркаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Іх дзейнасць падтрымана ЮНЕСКА.
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» размешчаны на Брэстчыне. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра Белавежскую пушчу датуюцца 983 годам. Парк з’яўляецца самым вялікім лесам у Цэнтральнай Еўропе. Адміністрацыйны цэнтр парку размешчаны ў пасёлку Камянюкі Камянецкага раёна.

Ужо у 13 ст. тут былі ўведзены аб-межаванні на паляванне, а з канца 14 ст. пушча ператвараецца ў запаведны лясны масіў з правам палявання толькі для прывілеяваных асоб. У 1541 го-дзе быў створаны паляўнічы заказнік для аховы зуброў. У 1979 годзе ЮНЕСКА ўключыла Белавежскую пушчу ў спіс Сусветнай спадчыны. Буйнымі ляснымі масівамі з’яўляюцца таксама Ружанская і Шарашоўская пушчы.

Белавежская пушча – гэта рэшткі першабытнага лесу, які распасціраўся некалі ад Балтыйскага мора да ракі Буг і ад Одэра да Дняпра. У 1992 годзе згодна з рашэннем ЮНЕСКА парк быў уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 годзе ён атрымаў статус біясфернага запаведніка. Тут да нашых дзён захаваліся старажытныя дубы, узрост якіх больш як 500 гадоў, ёсць векавыя ясені, сосны і елкі. У парку існуюць разнастайныя жывёлы і птушкі, у тым ліку самая вялікая ў Еўропе папуляцыя рэдкіх зуброў і вялікіх падворлікаў. У запаведных лясах гэтага парку растуць 900 відаў раслін і жывуць 250 відаў жывёл і птушак, у тым ліку рэдкія віды.

Пра жывёльны і раслінны свет Белавежскай пушчы расказвае Музей прыроды, размешчаны на тэрыторыі парку. Зуброў, мядзведзяў, аленяў і іншых жыхароў пу-шчы мы можам убачыць тут у вальерах.

Віцебскую вобласць называюць краем блакітных азёр: амаль уся тэрыторыя размешчана ў межах Беларускага аазер’я. Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, па колькасці і агульнай плошчы азёр. 78 аб’ектаў аб’яўлены помнікамі прыроды. У Віцебску ёсць батанічны сад.

Парк “Бярэзінскі біясферны за-паведнік” (яго большая частка) размешчаны таксама на Віцебшчыне. Ён створаны ў 1925 годзе для аховы рэдкіх відаў раслін і жывёл, якія жывуць на поўначы краіны. Запаведнік уваходзіць у глабальную сетку біясферных запаведнікаў ЮНЕСКА. На тэрыторыі запаведніка размешчаны розныя прыродныя комплексы – лясы, лугі, вадаёмы і балоты.

Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” быў заснаваны ў 1995 годзе на паўночным захадзе Беларусі. На яго тэрыторыі знаходзяцца самыя прыгожыя ў Віцебскай вобласці Браслаўскія азёры. Тэрыторыя парку перавышае 69 000 гектараў. Тут растуць больш як 800 відаў раслін.

Нацыянальны парк «Нарачанскі» размешчаны на Міншчыне, заснаваны ў 1999 годзе. Плошча парку складае каля 94 000 гектараў, больш як трэць яе пакрываюць вельмі прыгожыя сасновыя лясы. Важна і тое, што не ўсе тэрыторыі, што належаць «Нарачанскаму», з’яўляюцца запаведнымі: тут ёсць рэкрэацыйныя зоны з буйнымі азёрамі, дзе мноства разнастайнай рыбы, і таму яны карыстаюцца папулярнасцю ў рыбакоў. Парк таксама вядомы сваімі прыроднымі крыніцамі мінеральнай вады. Тут размешчаны 18 санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў.

Нацыянальны парк “Прыпяцкі” размешчаны на Гомельшчыне. Запаведнік у затапляемай пойме ракі Прыпяць існаваў з 1969 года. Цяпер тэрыторыя парку перавышае 85 000 гектараў. У 1987 годзе ў парку пасялілі зуброў. Парк славіцца журавіннымі мясцінамі: ягады растуць тут на 500 гектарах. На Гомельшчыне — 11 біялагічных, 5 ландшафтных заказнікаў рэспубліканскага значэння. Зарэгістравана 17 батанічных і 71 геалагічны помнік роднай прыроды.

На Гродзеншчыне знаходзяцца буйныя лясныя масівы – Налібоцкая, Ліпічанская, Графская пушчы і частка Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Прынямонне мае 10 прыродных заказнікаў рэспубліканскага значэння, 50 помнікаў роднай прыроды. У Гродне працуе заалагічны парк – старэйшы на Беларусі. Старая частка Гродна сама па сабе з’яляецца своеасаблівым паркам: яна абвешчана помнікам горадабудаўніцтва і культуры. Блукаючы па старажытнай Гародні, адпачываеш і душой, і целам.

На Магілёўшчыне для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў створаны гідралагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння: Заазер’е і Астравы Дулебы, ландшафтны Старыца, 15 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, больш за 70 заказнікаў мясцовага значэння.

Прыгожа-казачная і непаўторна-ўтульная зямля Магілёўскага раёна таксама вядзе гісторыю сваіх паркаў і сквераў са старажытных часоў. Так, у раёне створаны гідралагічныя заказнікі Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Як помнікі роднай прыроды рэспубліканскага значэння ў раёне ахоўваюцца крыніца ў вёсцы Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве. Выдатным помнікамі прыроды ў нас з’яўляецца і парк у вёсцы Дашкаўка. Некалі шыкоўны парк быў і ў сядзібе ў вёсцы Салтанаўка. А паркі ў Магілёве – і сёння любімыя месцы адпачынку жыхароў і гасцей.

Хочацца, каб паркаў і сквераў на роднай зямлі станавілася ўсё больш! Мы павінны імкнуцца да таго, каб кожны двор нашых дамоў паступова набліжаўся да ўзроўню мілагучнага сквера – ціхага і гарманічнага, дзе было б утульна як нашым дзеткам, так і іх бацькам. Для пачатку пасадзіце хоць невялічкую алею на двары – вам будзе радасна назіраць за ростам вашых гадаванцаў, вам за гэта будуць удзячны нашчадкі. Пасадзіце сад – упэўнены: добры сад – не горш за нават самы мудрагеліста-вытанчаны і экзатычны парк. І як агідна, што нярэдка нашы дворыкі – гэта суцэльныя аўтапаркі з іх атрутнымі газамі, а то і яшчэ горш – з рознага віду аўтахламам…

Вялікія і маленькія паркі Беларусі… Усе яны – наша спадчына, наша гісторыя, культура, наша экалогія. Кожны нават самы маленькі парк – гэта сапраўднае духоўнае напаўненне нашага жыцця. Іх берагчы для нашчадкаў – наш святы і пачэсны абавязак!
А мне ўзгадаўся цудоўны верш Алеся Разанава “У парку”:

У парку,
ля раўчука,
ляжалі тры валуны.
Пафарбавалі іх сёлета
ў сіні колер —
і тысячагоддзі памерлі…
Задумаемся пра лёс нашых паркаў і сквераў у 21 стагоддзі?! Людзі! Упрыгожым паркі ў сваіх родных паселішчах – зробім іх сапраўдным раем на зямлі Бацькаўшчыны!

Канстанцiн КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий


Wordpress Social Share Plugin powered by Ultimatelysocial