У добры час, “Узлёт”!
На творчую імпрэзу завіталі госці: начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама А.М.Кунцэвіч, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама В.К.Яленскі, дырэктар філіяла Белдзяржстраха па Магілёўскай вобласці А.Ц.Глаз, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі У.У.Дуктаў, а таксама паэты, якія супрацоўнічаюць з газетай.
Да адкрыцця гасцёўні была распрацавана эмблема, на якой Муза ляціць да зорак. Так і творчы чалавек сваім натхненнем дорыць людзям свет у самых яркіх фарбах, тым самым упрыгожвае сваю Радзіму.
Гасцёўня прызначана стаць духоўнай пляцоўкай для маладых і масцітых аўтараў, якія змогуць прачытаць свае вершы, праспяваць песні, абмеркаваць навіны культуры і проста выказацца на цікавыя тэмы за кубачкам чаю, а таксама для звычайных аматараў літаратуры, музыкі і мастацтва.
Задачы, якія ставіць перад сабой “майстэрня”, — узнёслыя і рэальныя. “Узлёт” павінен стаць не толькі новым подыхам творчасці літаратараў і музыкантаў, але таксама сабраць таленавітую моладзь. І, што вельмі важна, — адрадзіць родную мову.
Што датычыцца мерапрыемства, якое адбылося ў памяшканні рэдакцыі газеты, то гэта быў сапраўдны трыумф творчасці. Адпаведнай была і атмасфера, якую стваралі ўдалыя аўтарскія вершы, задушэўныя песні і, канешне, шчырыя апладысменты.
Гарэлі свечкі. Рамантычныя ноты мелодыі “Да Радзімы”, якую выканала на сінтэзатары галоўны рэдактар газеты “Прыдняпроўская ніва” С.Р.Дзядушка, захапілі ў палон літаральна ўсіх. Гэта прызнанне аўтара ў любові да сваіх родных мясцін па эмацыянальнаму ўздыму і прафесіяналізму прысутныя параўналі з вядомым паланэзам Агінскага.
Сімвалічна першыя вершы ў гасцёўні прачыталі аўтары, якіх вядучая назвала надзеяй і будучыняй краіны, — вучні 10 класа ДУА “Кадзінская сярэдняя школа” Лэймі Эрнандэс і Вікторыя Кульгаўчук.
Творчыя людзі знаходзяцца сярод прадстаўнікоў розных прафесій. Нямала іх і сярод кіраўнікоў. Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падтрымлівае тых, хто валодае творчым патэнцыялам.
Ва ўнісон сказанаму і было прад-стаўлена слова начальніку ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага абл-выканкама А.М.Кунцэвічу, які з’яўляецца аўтарам твораў, напісаных на беларускай мове.
Вершы пра вёсачку Чырвоны Бор, што ў Бялыніцкім раёне, увялі ў свет летуценняў, навеяўшы ўспаміны пра такія дарагія сэрцу куточкі. Разам з тым Андрэй Міхайлавіч крэатыўна выказаўся наконт назвы гасцёўні, якую смела інтэрпрэтаваў як “трамплін” для маладых аўтараў мастацтва — своеасаблівы штуршок для творчасці. У той жа час падзякаваў арганізатарам за ажыццяўленне важнай для культуры вобласці ідэі стварэння творчай майстэрні, бо, сапраўды, патрэбна сустракацца таленавітым людзям дзеля натхнення, развіцця мовы і пошуку новых імёнаў.
Мастакі слова і музыкі
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Уладзіміравіч Дуктаў узгадаў імёны пісьменнікаў Магілёўскага краю і прадэкламаваў творы любімых “мастакоў слова”.
Адкрыццё гасцёўні праходзіла напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Традыцыйнымі сталі рэгіянальныя сустрэчы, якія прахо-дзяць ў чатырох раёнах Магілёўскай вобласці. Не аднойчы ўдзельнікам такіх сустрэч быў і госць вечарыны дырэктар філіяла Белдзяржстраха па Магілёўскай вобласці Анатоль Ціханавіч Глаз, які, да слова сказаць, грае на гітары, спявае і запісаў з музычнай групай “Каскад” песні, прысвечаныя вайне ў Аўганістане, што і прадэманстраваў прысутным.
Пра “высокае” — у вершах
“Жыццё кароткае, мастацтва вечнае”, — сказаў Гіпакрат. У той жа час, як падкрэсліла вядучая, жыццё – цудоўнае. Яно напоўнена радасцю, шчасцем, любоўю да сваіх родных і блізкіх, сяброў, да любімай Беларусі. І ва ўсім гэтым вялікі сэнс надаецца каханню, якое робіць чалавека ўзнёслым і здольным на праяўленне самых высокіх учынкаў.
Менавіта напярэдадні Дня Святога Валянціна вершы аб вечным прачытаў Аляксандр Казека, паэт, які свой першы твор надрукаваў у літаратурнай старонцы “Узлёт” нашай газеты. Вершы Аляксандра Мікалаевіча сталі цудоўным гімнам вясне і ўсяму таму, што мы называем радасцю жыцця.
* * *
Першы дэбютны вечар “Узлёту” завяршыўся выкананнем аўтарскай песні Святланы Дзядушка “Мая Беларусь”, якую падхапілі прысутныя.
Напрыканцы імпрэзы госці разам праспявалі ўсім знаёмы “Стары клён” і пакінулі на памяць “Лісты пажаданняў”, у якіх выказалі свае ўраджанні і парады на перспектыву. У ліку пажаданняў натхнення, палёту думак, пашырэння жанраў, аўдыторыі, — сімвалічным нам падалося меркаванне паэта Віктара Кунцэвіча, які заўважыў містычнасць лічбы 13, што двойчы прысутнічае ў даце адкрыцця (13 лютага 2013 года). Віктар Іванавіч лічыць, што гэта лічба стане шчаслівай і паспрыяе развіццю гасцёўні.
У перспектыве плануецца запрашаць на пасяджэнні творчай “майстэрні” дзеячаў мастацтва, артыстаў, якія наведаюцца ў Магілёў, і проста цікавых людзей.
Першы акорд “Узлёту” прагучаў і, думаецца, што ён стане пачаткам прыгожай мелодыі…
Тэкст и фота Алены САВИЦКАЙ.