Микола Леаненка “Сіманава поле”

Микола Леаненка
Сіманава поле

Hatin01Трывогай ліпень палымяны
Тут сорак першы год сустрэў.
Заходні фронт. Камдзіў Раманаў.
А за плячыма — Магілеў.

Ланцуг фашыстаў справа, злева.
Як стрэл загад:
— Не адступаць!
Грымяць баі пад Магілевам,
На полі Буйніцкім грымяць.
І рэхам Брэста — раз за разам:
— Не пройдзеш, вораг,
згінеш, гад!
Браню і сталь нямецкіх касак
Рве перуновы гром гранат…

Даўно ўжо тракі Гудэр’яна
Іржой раз’едзены ў зямлі.
Акопаў звіліны дзірванам
Усцяж чыгункі зараслі.

Глядзяць рамонкі прагна ў неба,
На варце цішыня стаіць,
І попел Сіманава ў глебе
Скрыжаллю праведнай ляжыць,
І поле Буйніцкае спіць.

А ў яго росах — жалю слёзы
І шэпты сціплыя вятроў.
Цяжар усіх ахвяр і лёсу
На хвалях гойдае Дняпро.

Добавить комментарий