“Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”

Урачыстае мерапрыемства з такой назвай, прымеркаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбылося на мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама. У святочных абставінах лепшыя вучні школ раёна атрымалі свой галоўны дакумент – пашпарт. Гэта падзея ў Год моладзі – своеасаблівы сімвал пачатку новага этапа ў жыцці юнакоў і дзяўчат. Цяпер яны – сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны і могуць уплываць на лёс роднай зямлі, бо ад спраў кожнага з нас, і ад актыўнай пазіцыі моладзі ў першую чаргу залежыць сённяшні дзень і, канешне, наша будучыня. На свяце таксама былі ўручаны білеты членаў БРСМ, а вучні пачатковых класаў урачыста ўступілі ў рады піянераў.Павіншаваць юнакоў і дзяўчат са знамянальнай падзеяй прыйшлі старшыня райвыканкама Анатоль Дуцько, старшыня райсавета дэпутатаў Валянцін Салавей, намеснік старшыні райвыканкама Валерый Яленскі, начальнік аддзела ідэялагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Пруднікаў, начальнік аддзела па грамадзянству і міграцыі РАУС Пётр Пушкароў, старшыня райсавета ветэранаў Аляксандр Цароў, в.а. першага сакратара райкома ГА “БРСМ” Наталля Балацько, намеснік старшыні райсавета ГА “БРПА” Крысціна Банадысева.

Са словамі прывітання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Анатоль Дуцько. Старшыня райвыканкама адзначыў,што пашпарт не толькі пацвярджае правы грамадзяніна, але і вызначае грамадзянскія абавязкі, а гэта значыць, што юнакі і дзяўчаты павінны выконваць законы, а таксама добрасумленна вучыцца, паважліва ставіцца да старэйшага пакалення, любіць Айчыну і сваю малую радзіму. “Жыццё чалавека вымяраецца не пражытымі гадамі, а добрымі справамі”, – падкрэсліў кіраўнік раёна, прызваўшы моладзь быць сумленнымі, мэтанакіраванымі, працавітымі.Атрымаць свой галоўны дакумент з рук старшыні райвыканкама – высокі гонар! Гэтага права ўдастоіліся пераможцы прадметных алімпіяд, удзельнікі розных конкурсаў і спаборніцтваў, лепшыя спартсмены, валанцёры і актывісты раёна. Большасць з іх вельмi хвалявалася, бо столькі слоў гучала аб тым, што быць грамадзянінам – адказная місія.

Ад імя ўсіх, хто атрымаў пашпарт, вучаніца ДУА “Мастокскі ВПК ДС – СШ” Анастасія Карпека дала абяцанне, што маладое пакаленне беларусаў зробіць сваю зямлю яшчэ больш чыстай і прыгожай, будзе цаніць і памнажаць багацце роднай краіны.

Павіншавалі моладзь з важным момантам у іх жыцці і родныя людзі. Бацькоўскія думкі, надзеі і пажаданні выказала Таццяна Голахава, прызваўшы юнакоў і дзяўчат любіць Радзіму і клапаціцца аб яе росквіце, быць годнымі памяці дзядоў і прадзедаў. Малодшыя сябры школьнікаў парадавалі добрымі вершамі.Разам з пашпартамі моладзь атрымала падарункі – кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

У святочных абставінах адбылася і цырымонія ўручэння білетаў членаў БРСМ. Гэта самая масавая грамадская арганізацыя краіны адной з важнейшых сваіх задач лічыць выхаванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Наталля Балацько пажадала юнакам і дзяўчатам праз ўсё жыццё пранесці пачуццё гонару за сваю краіну. Разам з Аляксандрам Царовым яна ўручыла моладзі членскія білеты. Старшыня райсавета ветэранаў прыгадаў слаўныя справы камсамола і выказаў надзею, што сённяшняе маладое пакаленне будзе такім жа ініцыятыўным, клапатлівым і актыўным.

Расчуліў усіх прыём у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Рабяты, якім споўнілася 10 год, далі ўрачыстае абяцанне і запэўнілі, што заўсёды будуць гатовы да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці. Шаноўныя госці павязалі школьнікам піянерскія гальштукі.

Шмат добрых слоў і шчырых песен прагучала пра Радзіму. Няхай жа збудуцца ўсе пажаданні, і яе сыны сапраўды будуць рабіць ўсё, каб яна заўсёды квітнела!

 

Юлія ІВАНЧЫКАВА
Фота Юлii МАРКОВIЧ