Дакрануцца сэрцам да вытокаў

У жыцці заўсёды ёсць месца для творчасці, цікавых сустрэч і шчырай радасці – гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз чарговае пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Узлёт”, якая не першы год дзейнічае пры рэдакцыі газеты і стала сапраўднай духоўнай пляцоўкай для творчых людзей раёна і горада. Па-сяброўску цёплая атмасфера і творчасць без межаў – дзве адметныя рысы мерапрыемстваў, якія ладзіць “Прыдняпроўская ніва”, своеасаблівая візітная картка гасцёўні.  Традыцыйна вечарыну распачала галоўны рэдактар газеты Святлана Дзядушка, якая на сінтэзатары выканала аўтарскую музыку “Да Радзімы”. Гэтая прыгожая мелодыя была напісана спецыяльна да адкрыцця гасцёўні і цяпер ужо ўспрымаецца як гімн. Вітаючы гасцей, вядучая нагадала, што сустрэчы ладзяцца для таго, каб творчыя людзі мелі магчымасць адкрыць свой талент, і нібы тая муза з эмблемы гасцёўні, узняцца ў вышыню да мастацтва, а таму кожны атрымае тут слова і абавязкова знойдзе разуменне і цікавасць.Адной з мэт гасцёўні з’яўляецца папулярызацыя роднай мовы і культуры, з чаго звычайна і пачынаецца першы блок. Для ўдзельнікаў мерапрыемства ў гэты раз быў арганізаваны майстар-клас Марыны Ляшчовай па творчаму майстэрству нашых продкаў – ткацтву. Яна пазнаёміла з экспанатамі выставы, сярод якіх былі пралка, старадаўні прас і надзвычайнай прыгажосці даматканыя ручнікі. Расказваючы пра рамяство прабабулі, Марына Ляшчова прадэманстравала ручнік 120-гадовай даўнасці, які выглядаў быццам новы. У яе сям’і ён перадаецца з пакалення ў пакаленне, і, па меркаваннях родных, прыносіць яго ўладальнікам даўгалецце, здароўе і шчасце. Госці дакрануліся да гэтай цудадзейнай вышыванай тканіны, каб падзарадзіцца яе магутнай пазітыўнай энергіяй. Цікавымі былі і прыведзеныя факты. Аказалася, удаўніну, каб лічыцца багатай нявестай, дзяўчына павінна была падрыхтаваць у пасаг сорак ручнікоў – яскравы прыклад вялікай працавітасці для цяперашняга пакалення.Гэты год выдаўся багатым на юбілейныя даты з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры. Шмат шчырых выказванняў на пасяджэнні прагучала ў адрас выбітных майстроў слова: Івана Шамякіна, Івана Мележа, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча. Успомнілі і пра апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, чый шматгранны талент яркай зоркай асвяціў небасхіл беларускай культуры. Адзін з яго вершаў, прасякнутых любоўю да Радзімы, прачытала загадчык аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі Вольга Семчанка. Здавалася, паэтычныя радкі дакрануліся да самага сэрца…Ад паэзіі перайшлі да музыкі, звярнуўшыся да творчасці таленавітага спевака, стваральніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна, якому ў студзені споўнілася б 75 год. Сваім адметным мастацтвам і асаблівым стылем ён змог дапоўніць і ўзбагаціць народную песенную творчасць і эстрадную музыку, праславіць Беларусь на ўвесь свет. Яго цудоўную песню “Явар і Каліна” выканалі Святлана Дзядушка разам з культработнікам Святланай Зайцавай. Цікава пачаўся другі блок гасцёўні. Нядаўна газета падвяла вынікі конкурсу “Прыгажуня–Прыдняпровачка”, і сапраўдным сюрпрызам стала выступленне Наталлі Сікорынай – “Міс Натхненне”. Мастацкі кіраўнік Дашкаўскага СДК мае шмат захапленняў, кіруе ансамблем, а сваім голасам вельмі ўразіла, праспяваўшы песню “Цвіце чаромха”. Свет жыцця, вельмі яскравы, эмацыянальны, напоўнены любоўю і дабрынёй, падараваў жыхар вёскі Цішоўка Яўген Дзесятнікаў. З яго паэтычнымі творамі можна было пазнаёміцца на старонках нашай газеты. Паэт прачытаў уласны верш пра майстра надзвычайнай велічыні ў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, рассказаў аб тым, што значыць для яго любоў да Радзімы.Тэму кахання і вясны падтрымала вядомы ў паэтычных кругах аўтар – Рымма Сорына, чые вершы адрозніваюцца філасофскай глыбінёй і меткасцю слова. Паэтка падзялілася сваімі назіраннямі за прыродай і шчырымі жаночымі пачуццямі, заставіла задумацца пра сэнс жыцця. Сяргей Рынкевіч – доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык кафедры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, не толькі добра піша вершы, але і выдатна іграе на гітары. Удзельнікі гасцёўні з задавальненнем павіншавалі яго з уступленнем у Саюз пісьменнікаў Беларусі, разам з тым выкарысталі магчымасць і праспявалі разам не адну песню. Адзінства поглядаў і інтарэсаў, узаемапавага і захапленне творчасцю зліліся ў многагалосае выкананне любімых хітоў розных гадоў. Вечарына мастацтва і радасці працягвалася яшчэ доўга. У пачатку толькі знаёмыя, а напрыканцы – добрыя сябры – не хацелі развітвацца, расказваючы адно аднаму пра выпадкі з жыцця і творчыя пошукі… А на лістках пажаданняў гасцёўні з’явіўся надпіс, які перадаў думкі і пачуцці кожнага: “Жадаю, каб калі-небудзь усё гэта паўтарылася зноў”…

Юлія ІВАНЧЫКАВА.

Фота Юліі МАРКОВІЧ.