У Марыі і Мікіты – срэбнае вяселле

У Марыі і Мікіты – срэбнае вяселле,
Чвэрць стагоддзя ўжо пражыта – крыху й пастарэлі.
У сяле іх кожны знае — шчыра працавалі,
Збудавалі дом цагляны, дзетак падымалі.
Што казаць, а дату гэту грэх ім забываці,
Трэба ўсё зрабіць па-людску і адсвяткаваці.
Закупілі шмат закускі і пітва нямала,
Ды кабанчыка забілі, што ўвесь год трымалі.
А Маруся – гаспадыня, якіх пашукаці, –
Наварыла, насаліла, шык зрабіла ў хаце.
На вяселле запрасіла ўсю сваю радзіну,
І вяскоўцаў, і сяброў, і сваю дзяціну.
Панаехала гасцей – не хапае месца,
Размясцілі, два сталы вынеслі ў сенцы.
Дзядзькі, цёткі, сваякі, свацця ўсёй сям’ёю,
Два таварышы па працы; брыгадзір з жаною,
Кум з кумою, брат з сваёю, сын з сталічнай краляй,
Дочка з зяцем, цётка з Оршы і суседка Рая. Падарылі ім камбайн, дранікі што церці,
А сервізаў, а бялля – хопіць аж да смерці.
Тут Марыі і Мікіту «Горка!» закрычалі,
Пілі, елі і спявалі, потым танцавалі
Брат з сваёю, кум з кумою, сын з сталічнай краляй, Дочка з зяцем, цётка з сватам, а Мікіта?
…Ён з суседкай Раяй.
А Марусі не да танцаў – бегае з закускай:
І салаты, і каўбасы, й мяса па-французску.
Захмялелі, загудзелі: песні, гоман, танцы,
«Горка ўсім”, – тут закрычалі, сталі цалавацца
Брат з сваёю, кум з кумою, сын з сталічнай краляй,
Дочка з зяцем, цётка з сватам, а Мікіта – з Раяй.
Ну а Маня ўсё гатуе, сёмгу запякае,
А хто там каго цалуе – і не заўважае…
А другой гадзіне ночы сталі расхадзіцца,
Хоць ты спічкі стаў у вочы – спаць пара лажыцца. Кум дык проста, дзе сядзеў – там і прымасціўся, Галавой у халадзец, ды пад стол зваліўся.
Валакла яго кума ды ў каршэнь мясіла,
Але рады не дала – не хапіла сілы.
Маня ўсіх уладкавала, паўкладала спаці,
А сама дык ледзве-ледзве дайшла да краваці,
За дзень гэтак утамілась – ужо не да гулянкі,
Толькі голаў прытуліла – бух, і спіць да ранку.
І гарэлкі, і закускі было ўсім даволі,
Госці спяць, насамі свішчуць, нагуляўшысь уволю.
Брат з сваёю, кум з кумою, сын з сталічнай краляй,
Дочка з зяцем, цётка з кошкай, а Мікіта – з Раяй. Ранкам госці пахмялілісь – ды й дамоў пара ім.
Нехта й ляпнуў, што Мікіта начаваў у Раі.
Ён стаяў, як пень, нямы, ды вачыма лупаў…
Ох, Мікіта, дзе той бес, што цябе папутаў?
Людцы, што ў іх пачалося, вам не перадаці: Гвалт, абразы ды праклёны – вушы затыкайце.
Тыдзень ўсё сяло гудзела, каб ім пазаймала.
Гаварылі, што Марыя на развод падала.
Плешчуць злыя языкі, ім жа гора мала.
Зноў сабралася радня і савет трымала:
Брат з сваёю, кум з кумою, сын з сталічнай краляй,
Дочка з зяцем, цётка з Оршы, толькі ўжо без Раі.
Угаворвалі Марыю дараваць Мікіце,
Крыўдна ёй, але ж мужчыны сёння ў дэфіцыце.
Зноў сядзелі, выпівалі, доўга гаварылі,
У Мікіты клятву ўзялі – ледзве памірылі.
Можа, будзе ў вас вяселле, то я вам параю:
Каб не страціць мужыка, не завіце Раю.

Любоў ВЯРЭНІЧ.

Добавить комментарий