Куда ездит рыбачить Алексей Германович из Романович, который не расстается с удочкой больше 40 лет

Рыбалка, напэўна, адно з самых папулярных хобі жыхароў Магілёўшчыны. Пазнаўшы аднойчы ў дзяцінстве ўсе яе прывабнасці, прырастаеш душой на ўсё жыццё. Так адбылося і з Аляксеем Германовічам з аграгарадка Раманавічы. Адчуўшы незабыўны драйв у чатырохгадовым узросце, не развітваецца з вудай ужо на працягу 43-х гадоў.

– Аляксей, вашаму хобі пайшоў пяты дзясятак! А колькі часу Вы яму ўдзяляеце?

– Амаль увесь свой вольны час! Часцяком езджу на рыбалку пяць разоў на тыдзень. Неяк вырашыў вылічыць, колькі дзён атрымліваецца за год. Дык вось, выйшла болей за паўгода!

– А сям’я не супраць, што Вас няма дома столькі часу?

– Сын у мяне ўжо дарослы, жыве асобна. А жонка з гадамі звыклася, зразумела, што рыбалка сапраўды для мяне больш, чым проста захапленне. Апроч таго, я не толькі лаўлю рыбу, але і радую жонку смачнымі рыбнымі стравамі. Нашы самыя любімыя – фаршаваны шчупак, вэнджаныя лешч і акунь.

– А куды ездзіце рыбачыць?

– Усім сэрцам люблю краявіды роднай Магілёўшчыны. На яе вадаёмах і праводжу большую частку свайго вольнага часу. Часцей за ўсё рыбачу на Басі, Расце, Проні, Друці, Дняпры, Рудзеі, Чыгірынскім вадасховішчы.

– Пахваліцеся самым вялікім уловам?

– З задавальненнем! Гэта шчупак вагой 11500 г, жэрах – 5200 г, язь – 2100 г. Спадзяюся, што ў хуткім часе паб’ю ўласныя рэкорды. Абавязкова раскажу аб сваіх дасягненнях на сваёй старонцы ў Instagram.

– У Вас ёсць Instagram?

– Канешне. Там падрабязна расказваю пра сваё хобі, яго асаблівасці, дзялюся вопытам, эмоцыямі, даю рэкамендацыі пачынаючым аматарам рыбнай лоўлі, знаёмлюся з рыбакамі з другіх гарадоў і краін. І абавязкова выкладваю фотаздымкі, каб перадаць падпісчыкам усю прыгажосць гэтага клёвага хобі.

– А што для Вас галоўнае ў рыбалцы? Мабыць, улоў?

– Улоў – у апошнюю чаргу. Для мяне важныя сам працэс, эмоцыі, азарт, зарад энергіі, бадзёрасці, пазітыўнага настрою. Тут і прыгажосць наваколля, і свежае паветра, і незабыўныя ўражанні. Своеасаблівая «тэрапія» на прыродзе.

Дзіяна БЫЧКОВА.
Фота з уласнага архіва
Аляксея ГЕРМАНОВІЧА.

Читайте также:
[su_posts posts_per_page=”10″ order=”desc”]