Якую мову жыхары Магілёўскага раёна лічаць роднай і як ставяцца да двухмоўя?

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць ва ўсім свеце 21 лютага. Свята было заснавана ў лістападзе 1999-га рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА, а адзначаецца з 2000 года. Галоўная мэта гэтага дня – падтрымліванне нацыянальных моў і культурных разнастайнасцей у свеце, а таксама забеспячэнне права грамадзян карыстацца роднай мовай.

Мы пагутарылі з жыхарамі Магілёўскага раёна і пацікавіліся, якую мову яны лічаць роднай і як ставяцца да двухмоўя.

Іван ХРУШЧОЎ (аг. Кадзіна):

– Усё ж такі руская мова мне бліжэй. Апошні раз размаўляў па-беларуску ў інстытуце. Напэўна, гэта звязана з тым, што руская пераважае ўсюды: у крамах, кафэ, транспарце, размовах. Добра, што ў нашай краіне дзве мовы дзяржаўныя і мы маем права самі выбіраць, на якой размаўляць.

Варвара КАЗАКОВА (аг. Раманавічы):

– У школе нас вучаць цаніць, шанаваць, паважаць родную мову. І я цалкам згодна з такім стаўленнем да яе. Я вельмі люблю ўрокі беларускай літаратуры, люблю творы нашых аўтараў, айчынных пісьменнікаў. Я – беларуска, і мая родная мова – беларуская!

Ангеліна ДЗЯМЕШКА (в. Вялікая Бароўка):

– Мае бацькі і браты родам з Азербайджана. А я нарадзілася ў Беларусі. Таму ў нашай сям’і часцяком гучыць адразу тры мовы. Роднай лічу беларускую, мілагучную, пяшчотную, гучную. Аднак у паўсядзённым жыцці болей выкарыстоўваю рускую. І на гэта ёсць свае абставіны. Дакументы на працы трэба запаўняць гэтай мовай, не ўсе кліенты разумеюць шматлікія прафесійныя тэрміны па-беларуску, ды і большасць маіх знаёмых і блізкіх размаўляюць па-руску. Таму дзве дзяржаўныя мовы – найлепшы варыянт.

Маргарыта САЎЧАНКА (аг. Кадзіна):

– Вельмі люблю беларускую мову і лічу яе роднай. Але не хапае практыкі, каб размаўляць на ёй больш упэўнена. Зараз усё часцей задумваюся аб тым, каб сур’ёзна заняцца гэтым пытаннем. Бо мова – гэта не проста словы, гэта тое, што вызначае нашу самабытнасць і аб’ядноўвае нас як нацыю. І, безумоўна, мова – гэта стылёва!

Апытанне правяла Дзіяна БЫЧКОВА.

Читайте также:
[su_posts posts_per_page=”10″ order=”desc”]

 

Добавить комментарий