Па ініцыятыве ЮНЕСКА 21 лютага штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У Беларусі да гэтай даты прымяркоўваюцца канцэрты, грамадскія акцыі і іншыя цікавыя мерапрыемствы, у тым ліку традыцыйная агульнанацыянальная дыктоўка. У Магілёве яна праходзіла ўжо ў дзявяты раз і ладзілася Палацам культуры вобласці сумесна з Магілёўскай гарадской арганізацыяй “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, пры падтрымцы бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна.
Па завяршэнні дыктанта удзельнікаў мерапрыемства чакаў святочны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі Палаца культуры вобласці і прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, які прысутнічаў на мерапрыемстве, падзякаваў Таварыству беларускай мовы за плённую працу і зазначыў, што ў рамках Года культуры пашырэнне выкарыстання роднай мовы з’яўляецца найважнейшай задачай для органаў улады, устаноў культуры і грамадскіх арганізацый. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі,” – працытаваў прадстаўнік улады словы славутага класіка Францішка Багушэвіча.
Тэкст і фота Вольгі СЕМЧАНКА.