Падарунак для самых маленькіх: спектакль-казка “Не Вожык”

У маі абласны драматычны тэатр прэзентаваў новую пастаноўку для маленькіх гледачоў – спектакль “Не Вожык” паводле аднайменнай п’есы Ганны Багачовай. Упершыню казку ўбачылі навучэнцы Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі, затым – выхаванцы дзіцячых садкоў аграгарадка Палыкавічы і Магілёва. А праз некалькі дзён, 22 мая, адбылася прэм’ера на малой сцэне драматычнага тэатра. Яна прайшла з аншлагам – зала была поўная дзетак і іх бацькоў, якія кожны жарт сустракалі смехам, кожную песеньку – воплескамі. Гледачы шчыра апладзіравалі акцёрам: Данілу Самкнулаву, Марыі Рудаковай, Аляксандру Куляшову, Кацярыне Кондалевай, Дзмітрыю Дудкевічу, Анжаліцы Барчан.Нікога не пакінула абыякавым гісторыя пра добрага, але наіўнага Вожыка, які так хацеў спадабацца сваім таварышам, што здрадзіў самому сабе. Ён змяніў свае калючкі на мяккую поўсць і ператварыўся ў недарэчнага Цуда-звера, якога не пазнала нават родная маці… Але ўрэшце-рэшт Вожык зразумеў, што ўсім адразу спадабацца немагчыма, а лепш слухаць сваё сэрца – самага надзейнага дарадцу.

«Галоўнае – заставацца самім сабой, а сапраўдным сябрам няважна, як ты выглядаеш!» – дзяліліся ўражаннямі дзеці пасля прагляду казкі.Над пастаноўкай таксама працавалі начальнік вытворчых майстэрняў Ганна Якушава, мастакі Генадзь Кутовіч і Ларыса Далжанкова – гэта яны стварылі прыгожыя, яркія дэкарацыі і касцюмы. А пазітыўную музыку і песні напісаў загадчык музычнай часткі тэатра Аляксандр Баль.

Рэжысёр-пастаноўшчык Віктар Куржалаў актыўна папулярызуе свой новы спектакль праз сацыяльную сетку УКантакце, нават стварыў там адмысловую групу “НЕ ЁЖИК”, дзе можна ўбачыць відэа і фота са спектакля і рэпетыцый, прачытаць навіны і пакінуць водгук.

Між тым, у бліжэйшы час гэты спектакль змогуць убачыць выхаванцы дзіцячых садкоў і дзеці, якія праходзяць аздараўленне ў школьных і стацыянарных лагерах адпачынку вобласці.

Вольга СЕМЧАНКА,
літаратурны рэдактар абласнога драматычнага тэатра.
Фота з суполкі “НЕ ЁЖИК” УКантакце.