Репортерские заметки сменила на уроки белорусского языка. История Натальи Чабан – педагога из Могилевского района

Репортерские заметки сменила на уроки белорусского языка. История Натальи Чабан – педагога из Могилевского района

Ад рэпарцёрскіх нататак да ўрокаў беларускай мовы, ад артыкулаў пра землякоў да стварэння школьнага музея – гэта гісторыя пра тое, як лёс вяртае нас да каранёў. І нагадвае: сапраўднае прызванне – гэта калі любоў да роднага слова, культуры і дзяцей перарастае ў спосаб жыцця.

Нашым самым верным чытачам добра знаёмае імя Наталлі ЧАБАН. Наталля Ігараўна 13 гадоў працавала ў рэдакцыі раённай газеты, дзе была сапраўдным універсалам у журналісцкай прафесіі. У гэты час яна стала не толькі настаўнікам, але і добрым сябрам для многіх маладых журналістаў. Я сама прыслухоўвалася да кожнай яе парады, вучылася ў яе пісаць, працаваць з героямі публікацый, рабіць здымкі. Яна правіла сваёй рукой не адзін мой тэкст і навучыла мяне любіць прафесію.

Слова, якое вучыць

Усё пачынаецца з дарогі. Адной з тых, што здаюцца прамымі, але насамрэч звіваюцца спіралямі лёсу, калі нечакана вяртаюць нас да крыніц – да таго, што закладзена ў душу. Наталля Чабан нарадзілася ў сям’і, дзе педагагічная стыхія бурліла ў жылах некалькіх пакаленняў. Яе бабулі – ліквідатары непісьменнасці, настаўнікі прадваенных гадоў. Бацькі – Тамара і Ігар Кулаковы – аддалі школе не адзін дзясятак год, выхоўваючы ў дачцэ любоў да беларускага слова.

Скончыўшы педінстытут, Наталля Ігараўна ў 1992 годзе прыйшла ў Аўсянкаўскую школу Горацкага раёна, але лёс рыхтаваў ёй іншы шлях. У 2001-м яна ўзяла ў рукі рэпарцёрскі блакнот газеты «Прыдняпроўская ніва». Яе артыкулы пра вясковых старажылаў, народных майстроў, маладых гаспадароў і штодзённыя подзвігі звычайных людзей захоўваюць старонкі нашай газеты.

– Журналістыка навучыла мяне бачыць свет праз гісторыі іншых. Але з гадамі я ўсведамляла: маё месца там, дзе гісторыі ствараюцца, а не запісваюцца, – прызнаецца Наталля Чабан.

Вяртанне: ад рэдакцыі да класа

У 2012 годзе яна зрабіла крок, які шмат хто назваў бы нечаканым: пакінула газету і вярнулася ў школу. Не таму, што здрадзіла справе, а таму, што зразумела: педагогіка – гэта паветра, якім яна дыхае.

Сёння Наталля Ігараўна – настаўнік беларускай мовы ў школе аграгарадка Княжыцы. Яе ўрокі – гэта падарожжы: ад старажытных паэм да сучасных вершаў, ад гукаў роднай мовы да традыцый.

Але прызванне выйшла за межы класа. У 2019 годзе Наталля Чабан стварыла ў школе музейны пакой «Куток беларускіх рамёстваў і традыцый». Сёння гэта не проста збор экспанатаў, але прастора, дзе кожны прадмет мае душу, кожная рэч распавядае гісторыі людзей, якія знайшлі свой шлях і пакінулі след.

Дзе мінулае ажывае

Цэнтрам музейнага пакоя з’яўляецца макет традыцыйнай печы з ухватам і чапялой.

Печ – гэта не толькі сімвал цяпла і адзінства, але і сэрца сялянскай хаты. Тут і хлеб пяклі, і казкі казалі, і гісторыі перадавалі з пакалення ў пакаленне. Вакол печы сабраны прадметы хатняга ўжытку: драўляны посуд, маслабойка, рэшата, лыжкі, вышытыя ручнікі. Кожны з іх – сведка мінулага, які распавядае пра жыццё і працу нашых продкаў, – кажа Наталля Чабан.

Асаблівае месца ў музейным пакоі займае «Сямейны куток». Тут можна ўбачыць ложак, упрыгожаны посцілкамі і падушкамі, а таксама калыску, падвешаную да столі. Чырвоны кут з абразом Божай Маці, выкананым з бісера, і вышытымі ручнікамі нагадвае пра духоўныя карані беларускага народа. Раздзел «Ткацтва» багаты на саматканыя і вышываныя ручнікі, якія захоўваюць цеплыню рук нашых прабабуляў. Тут таксама прадстаўлены інструменты для ткацтва: кудзеля, часала, матавіла, верацёны і бёрды. У раздзеле «Земляробства» сабраны сельскагаспадарчыя прылады працы – плуг, барана, граблі, сярпы. Яны дазваляюць зразумець, наколькі цяжкім і важным быў працоўны шлях нашых продкаў.

Асаблівае значэнне мае «Куток жыцця беларускай інтэлігенцыі». Тут сабраны прадметы, якія распавядаюць пра культурнае і духоўнае жыццё беларусаў. Прадметы побыту сям’і Наталлі Ігараўны, якія захоўваюць гісторыю яе продкаў, сталі асновай гэтай экспазіцыі.

Музейны куток жыве: тут праводзяцца ўрокі, майстар-класы па вышыўцы, святы.

– Стварэнне і развіццё музея не магло б ажыццявіцца без падтрымкі кіраўніцтва школы і маіх калег. Дырэктар школы, настаўнікі і вучні сталі сапраўднымі паплечнікамі ў гэтай справе. Сюды часта прыносяць новыя рэчы – то куфар з вёскі, то старую фатаграфію. Людзі дораць іх, бо ведаюць: тут іх гісторыя будзе жыць, – кажа заснавальніца музейнага пакоя.

Дынастыя. Мова і лёс

Прызванне Наталлі Чабан – частка больш глыбокай гісторыі. Яе сям’я – гэта ланцуг з чатырох пакаленняў педагогаў. Бабулі і дзядуля, бацькі, цётка, сястра і дачка, якія працягваюць справу.

Здаецца, не мы выбіралі прафесію – яна выбірала нас, – смяецца Наталля Ігараўна.

Яе сям’я – гэта ўвасабленне сапраўднай вясковай інтэлігенцыі, якая быццам сышла са старонак кніг класічнай літаратуры. Нягледзячы на сціпласць вясковага побыту, яны заўсёды неслі ў сабе той асаблівы светач, які ператварае адукацыю не ў прафесію, а ў спосаб жыцця.

Наперад – да каранёў

Гісторыя Наталлі Чабан, гісторыя жанчыны, якая знайшла свой шлях праз журналістыку, педагогіку і адданасць роднай мове. Яе жыццё – доказ таго, што прызванне не выбіраюць. Яно нараджаецца з каранёў, пераплятаецца з лёсам продкаў і квітнее там, дзе чалавек адважваецца быць сабой.

Прызванне – гэта не прафесія, а стан душы, – кажа мая субяседніца.

Яе шлях – гэта спіраль, дзе мінулае і сучаснае зліваюцца. Сёння яна – настаўнік, сапраўдны музейны стваральнік, захавальнік традыцый. Але галоўнае – яна чалавек, чые словы і справы нагадваюць: калі ідзеш да сябе, дарога рана ці позна прыводзіць да дома.

Калі робіш тое, што любіш, праца перастае быць працай. Яна становіцца творчасцю. Споведдзю, – кажа Наталля Ігараўна. – І гэтая споведзь – лепшы ўрок для тых, хто шукае свой шлях. Бо ўрэшце, усе дарогі сапраўды вядуць да сябе.

Юлія ЛУНЁВА.
Фота аўтара.

Последние новости

Могилевский РОЧС

Ограничения на посещение лесов введены во всех районах Могилевской области

3 июня 2026
Читать новость
Общество

Такси без чека: в каких случаях пассажир может отказаться платить

3 июня 2026
Читать новость
Могилевский РОВД

Отвечает участковый инспектор милиции: безопасные каникулы для школьников

3 июня 2026
Читать новость
Общество

Нина Макаровна Вергей ушла на 91-м году жизни

3 июня 2026
Читать новость
Общество

Месячник безопасного труда на строительных площадках проходит в Могилевском районе

3 июня 2026
Читать новость
К сведению граждан

Горячая линия для абитуриентов и их законных представителей работает в КГК Могилевской области во время проведения ЦТ

3 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем