Нам – 80!

(Працяг. Пачатак ў №№44, 45, 47, 58, 59, 86, 96)

Сучасны выгляд Магілеўскай раённай газеты "Прыдняпроўская ніва"

1969 год і пачатак 70-ых. Раённая газета “За камуністычную працу” па-ранейшаму аддае перавагу партыйнай дзейнасці, камсамольскаму руху і перадавому вопыту. Шмат матэрыялаў друкуюцца пад рубрыкай “Твой абавязак, дэпутат!”. Тут жа – вялікая колькасць публікацый аб падрыхтоўцы і правядзенні ІІІ Усесаюзнага з’езда калгаснікаў. Цэлыя старонкі газеты прысвячаюцца выступленням “Па слядах Пленума РК КП Беларусі”. Да прыкладу, матэрыял “З даклада першага сакратара райкома КПБ таварыша Шабулды К.Р. “Ісці далей, дабівацца большага”.

Пад рубрыкай “Пісьмы камуністаў” свае меркаванні выказваюць перадавікі вытворчасці, члены КПСС. Так матэрыял “Аб тым, што хвалюе” падпісаны У.Кірычэнкам, брыгадзірам калгаса Імя Заслонава. Падобныя выступленні рэгулярна з’яўляюцца на старонках газеты. Таксама сістэматычна вы-ходзяць матэрыялы аб перадавіках сельскай гаспадаркі пад рубрыкай “Каляндар працоўнай славы”.

У цэлым раённая газета 1969 года характэрна мноствам выступленняў дзеячаў кампартыі, спецыялістаў розных галін народнай гаспадаркі і працаўнікоў, якія дзеляцца сваім вопытам.

1970 год. Накірунак не змяняецца. Друкуюцца сацыялістычныя абавязацельствы, матэрыялы пад рубрыкай “Насустрач ХХІV з’езду КПСС”. Выходзяць публікацыі, аб’яднаныя адной тэматыкай “Пяцігодкі год чацвёрты”.

Да 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна раённая газета ўпершыню выходзіць двухкаляровая – першая і чацвёртая старонкі ярка-чырвоныя.
У той жа час павялічваецца колькасць цікавых матэрыялаў і фотаздымкаў пад рубрыкай “Чалавек і прырода”, маюць месца абмеркаванні на антырэлігійныя тэмы.

1971 год. Дэвіз года: “Толькі ўперад!” Адпаведныя і публікацыі. Некалькі нумароў газеты прысвечаны ХХІV з’езду КПСС. Пад рубрыкай “На вахце ўдарнай” з’яўляюцца матэрыялы аб першых чатырохтысячніках у жывёлагадоўлі. Вялікія партрэтныя здымкі перадавікоў друкуюцца на першых старонках газеты.

Надаецца ўвага падзеям, якія адбываюцца ў краіне і за яе межамі. Матэрыялы: “V з’езд пісьменнікаў СССР”, “Апарат савецкай аўтаматычнай станцыі “Марс-3” ажыццявіў мяккую пасадку на Марс”, “А што за мяжой?” і інш.

У 1971 годзе тыраж раённай газеты дасягае 7 тысяч экзэмпляраў.

Падрыхтавала Святлана ДЗЯДУШКА.
(Працяг будзе).

Добавить комментарий