Апавяданне Зінаіды ДУДЗЮК :”Вяртанне ў восеньскі сад”

Настрой быў сапсаваны. Паліна Пятроўна ледзьве дацягнулася да званка. Сёння ў знаёмым да апошняе драбязы будынку медінстытута яе ўсё раздражняла: застарэлы пах пылу ў калідорах, духата ў аўдыторыях, шумлівая і бесклапотная моладзь. Балела галава, хацелася хутчэй вылузнуцца з гэтага вэрхалу і застацца сам-насам з горадам, які трыццаць гадоў таму прыняў яе, Паўлінку Віславух, з глыбокай палескай вёскі.

Да паступлення ў інстытут Паўлінка два гады адпрацавала санітаркаю ў сухотнай бальніцы, што была побач з яе вёскаю ў былым панскім маёнтку. Тады загадчыкам бальніцы быў старэнькі і паважаны ўсім вясковым людам доктар Князеў, які служыў тут яшчэ з польскага часу. На ім усё трымалася: і бальніца, і стары парк на беразе Чорнага возера. А пасля смерці Князева разбурылася каменная брама, упрыгожаная лепкаю, здзічэў парк, дажывае апошнія гады і будынак бальніцы. Ды і сама Паўлінка вельмі змянілася з цягам часу, ператварылася ў горадзе ў Паліну Пятроўну. I выбіцца ў людзі дапамаглі ёй сялянская ўпартасць і стараннасць. Яна дзень і ноч зубрыла медыцынскія тэрміны, ламала язык, выгаворваючы лацінскія назвы. Зрэдку бегала з сяброўкамі на танцы, а найчасцей сядзела адна ў інтэрнацкім пакоі, бо часам не мела нават капронавых панчох. А таму трывала сваё часовае жабрацтва і жыла адною мараю — скончыць інстытут, стаць, як казала маці, дахтуркаю, займець добры аклад, выйсці замуж і зажыць нарэшце па-чалавечы.
Пакуль сяброўкі бегалі па танцах, шукаючы сваіх нарачоных, раптам знайшоўся і ў Паўлінкі жаніх, які прыходзіў да яе ў пакой якраз тады, калі сяброўкі выходзілі на пагулянку. Чамусьці ён ніколі і нікуды не запрашаў Паўлінку. Цяпер Паліна Пятроўна разумее, што хлопец саромеўся куды-небудзь з ёю хадзіць, занадта сціпла яна апраналася. Гэтае паспешлівае, палахлівае каханне (каб хто не заспеў) вельмі сумна скончылася для Паўлінкі. Калі яна зацяжарала і сказала пра гэта свайму каханаму, ён вельмі спалохаўся, пачаў яе лаяць, маўляў, як гэта яна, будучы медык, не прасачыла за сабою! А ён ужо жанаты з другою, яна жыве з ягонымі бацькамі. Дзеля Паўлінкі ён не будзе разбураць сваю сям’ю…
Паплакала тады Паўлінка, пабедавала, але ўрэшце прыслухалася да сябровак,— зрабіла аборт, узненавідзела ўсіх хлопцаў і апантана аддалася вучобе. А калі ёй, выдатніцы, пасля заканчэння інстытута раптам прывабна засвяціла аспірантура, яна кінулася туды безразважна, зубамі ўхапілася за сексалогію і маладжавага прафесара, кіраўніка абранае тэмы.
Прафесару Лебядзе Рыгору Савічу было тады пад шэсцьдзесят, але выглядаў ён значна маладзей свайго ўзросту,— высокі, жылісты, з мудрымі іранічнымі вачамі, у венчыку сіваватых натапыраных валасоў вакол лысіны. Хіба яна магла тады ведаць, што менавіта гэты чалавек стане для яе ўсім у жыцці?..
У аўтобус садзіцца не хацелася, і Паліна Пятроўна пайшла дамоў пешкі па цёплай кастрычніцкай вуліцы, засланай апалым лісцем, сагрэтай познім бабіным летам. Прайшла некалькі кварталаў, ажно стамілася, пакуль дадыбала да сваёй вялікай кватэры з кнігамі, мэбляю, іншаю надобаю, што засталася ёй ад мужа, прафесара Лебяды. Адзенне і шмат якія рэчы ягонай жонкі-нябожчыцы Паліна Пятроўна павыкідала яшчэ пры яго жыцці, але ўсё роўна кватэра дыхала колішнім існаваннем, а пасля смерці гаспадара пачала зарастаць нябачным тленам, нібы таксама марудна памірала.
Першы раз Паўлінка трапіла сюды яшчэ аспіранткаю. Прынесла сваю кандыдацкую дысертацыю паказаць Рыгору Савічу, хвалявалася, націскаючы кнопку званка, нешта лекацела ў сярэдзіне, яна паважала і пабойвалася свайго настаўніка са студэнцкіх гадоў. Ён быў вялікі аўтарытэт, вядомы псіхіятр, меў шмат цікавых прац, але раскідаўся, як здавалася ёй тады, захапляўся то адною, то другою тэмаю.
Дзверы перад Паўлінкаю расчыніла прафесарава жонка Ангеліна Львоўна, няўклюдная, на азызлых хворых нагах, з кульбачкаю. Яна ўжо тады не выходзіла сама з кватэры. Але твар у Лебядзіхі быў вельмі прыемны, з шырокаю ўсмешкаю паўнаватых вуснаў, цёмнымі, непрагляд-нымі вачамі. Яна ветліва запрасіла разгубленую аспірантку:
— Заходзьце, калі ласка! Рыгор Савіч дома!
Паўлінка ўвайшла, трапяткая і наструненая ад хвалявання, удыхнула пах іхняга жытла і нібы прырасла душою. Сам гаспадар ужо спяшаўся насустрач, такі хатні, у выцвілай байкавай сарочцы, з паперамі ў руках, нібы з радасцю адарваўся ад працы, каб убачыць сваю вучаніцу.
Пасля яна часта прыходзіла сюды па патрэбе і без патрэбы, і яе прымалі як дачку, як блізкага чалавека. Дысертацыя была абаронена паспяхова, і прафесар Лебяда запрасіў Паўлінку працаваць на сваю кафедру. Пачалося яе самастойнае жыццё, але, як і раней, кожным яе крокам кіраваў Рыгор Савіч. Гэта па ягонай рэкамендацыі яе ўключылі ў творчы калектыў, які ствараў «Даведнік па сексапаталогіі». Праца была не надта складаная, але патрабавала сціслага і дакладнага тэксту. У склад творчай групы ўвайшлі сталыя людзі, вядомыя вучоныя, яна адна сярод іх была маладая і незамужняя. Ёй дастаўся артыкул пра жаночы аргазм, яна падрыхтавала матэрыял, але не спяшалася здаваць, адцягвала час, была няўпэўненая ў сабе. Аднойчы Рыгор Савіч пасміхнуўся куточкамі вуснаў і спытаў:
— Як справы, калега? Мо замяніць тэму?
— У мяне ўсё гатова, ніяк не збяруся перадрукаваць,— адказала Паўлінка, але сумненне зноў варухнулася, бо для артыкула дзяўчына выкарыстала даўно вядомыя звесткі, ніякіх сваіх адкрыццяў не мела.
— Добра, тады паспяшайцеся, трэба здаваць рукапіс…
— Зраблю.
— А мая Ангеліна Львоўна перадавала вам прывітанне, збіраліся мы сёння з ёю на дачу, каб закансерваваць хату на зіму, але нешта яна расхварэлася. Мо вы мне дапаможаце?
— Канечне, з задавальненнем,— згадзілася Паўлінка,— усё роўна заўтра выхадны.
Яны ўжо шмат разоў ездзілі ўтраіх у старую хату, якую купіў Рыгор Савіч у недалёкай ад горада вёсачцы. Але Паўлінцы даўно хацелася пабыць з Рыгорам Савічам удваіх, пагаварыць пра працу, пра жыццё…
Рыгор Савіч загнаў машыну ў двор і пайшоў у сад, падпілоўваў там сухія галіны, зграбаў лісце, збіраў ламачча, а яна сядзела на прызбе, глядзела ў пахмурнае неба, думала, што трэба памагчы яму ў садзе альбо памыць падлогу ў хаце, але не рухалася з месца, нібы хацела прыспаць душу, каб тая здрадліва не выявіла яе пачуццяў да гэтага немаладога ўжо чалавека. Напэўна, яна падабаецца яму, але як вучаніца, як дачка, не болей…
— Паўлінка,— паклікаў Рыгор Савіч з саду.— Хадзіце сюды!
Паўлінка паднялася і павольна пайшла ў сад, здалёку прыглядаючыся да Рыгора Савіча, зноў адчула замілаванне і радасць проста таму, што можа бачыць яго, чуць ягоны голас.
Рыгор Савіч падвёў яе да яблыні, на якой зусім не засталося лісця, толькі на адной галіне красаваўся вялізны, залаты, амаль празрысты яблык. Рыгор Савіч падхапіў Паўлінку на рукі, падняў, як малую. Яна дацягнулася рукою і сарвала крамяны плод. Ён асцярожна паставіў яе на зямлю, не выпускаючы з рук, нахіліўся… Паўлінка адчувала яго гарачае дыханне. I, ахутаная ягонаю цеплынёю і пяшчотаю, зажмурыла вочы, забылася на ўсё, толькі яблык прыемна студзіў далонь і вяртаў да рэальнасці.
Пасля яны прыбіралі ў хаце, палілі ў печы, варылі вячэру. Рыгор Савіч увесь час быў побач, нават калі ён не да-кранаўся да яе, яна адчувала ягонае святло і сама цягнулася да яго, трапяткая і зацятая ў нявер’і і закаханасці.
Яны заначавалі на ласкавай сялянскай печы, шырокай і высокай, як гара, блізка да Бога, шчаслівыя ўзаемнасцю і любасцю. Яна абудзілася першая, з бязважкім целам, яснаю душою, незахмараным настроем, нібы не адну ноч, а ўсё жыццё пражыла з гэтым чалавекам, які здатны прадчуваць кожную тваю думку, папярэдзіць кожнае тваё жаданне.
За сняданкам ён зноў усміхнуўся куточкамі вуснаў і спытаў:
— Якія планы ў нас на сёння?
— Мне трэба вяртацца дамоў і перапісаць артыкул пра жаночы аргазм.
Ён толькі весела і задаволена засмяяўся ў адказ.
Так, у тую ноч ёй здалося, што яна нешта адчула, нешта зразумела глыбока таемнае, жаночае, што дапаможа ёй напісаць артыкул па-новаму.
Паліна Пятроўна адчыніла дзверы кватэры, павесіла на вешалку плашч, увайшла ў вялікі пакой, застаўлены кніжнымі шафамі, прылегла на канапе. Кватэра прыгнятала яе сваім мінулым, нібы рэчы адмаўляліся прызнаваць яе гаспадыняю. Не, гэтая спадчына не прынесла ёй шчасця. Іншы раз ёй хацелася павыкідаць усю гэтую старызну, паставіць новую светлую мэблю.
…Калі Ангеліна Львоўна зусім злегла, Паўлінка перасялілася сюды, каб не цурацца ніякай працы і даглядаць хворую жонку Рыгора Савіча. Жанчына прымала Паўлінчыну дабрыню, не забывалася дзякаваць за кожную дробязь, але вочы яе пазіралі з сумам і дакорам, нібы Паўлінка была ў нечым вінаватая. Ангеліна Львоўна адчувала нейкую тайну, імкнулася яе разгадаць і баялася гэтае разгадкі. Тайна сапраўды была. Яна мясцілася скрозь, акрамя таго пакоя, дзе ляжала Лебядзіха. За межамі гэтага пакоя жыло шчасце Паўлінчына і Рыгора Савіча, там яны разам парадкавалі бібліятэку, разбіралі архіў, даводзілі да ладу рукапіс…
Аднойчы Паўлінка застала Ангеліну Львоўну за чытаннем Бібліі, усміхнулася:
— Ахвота вам чытаць гэтае нудоцце?
— Тут шмат цікавага. Столькі міфаў, нібы з нашага жыцця спісаных. Хаця б гэты пра Аўраама, Сару і іхнюю служанку Агар… — яна адклала кнігу, рукі яе дрыжэлі.— Пагартайце калі-небудзь…
— Добра,— згодна кіўнула Паўлінка і падалася ў кухню, хаваючы зачырванелыя шчокі.
Паўлінка зразумела намёк Ангеліны Львоўны, але ў адначассе гэта быў знак, што хворая добра ўсведамляе сваё безвыходнае становішча, таму бунтаваць не будзе, усё стрывае і адыдзе з годнасцю. Гэтак яно і было.
Пасля смерці жонкі Рыгор Савіч прыгорбіўся, змізарнеў, схаваў ад Паўлінкі разгубленыя, вінаватыя вочы, нібыта адзінае, што звязвала іх на гэтым свеце, гэта кволае жыццё Ангеліны Львоўны. Калі маладзіца паспрабавала разважыць яго, супакоіць, ён сказаў глухім голасам:
— Разам з Лінаю пахаваў я палавіну свайго жыцця. Прабач. Тваёй віны ў гэтым няма. Прыйшла мая старасць…
Паўлінка нібы толькі зараз убачыла, які ў яго жоўты і маршчыністы твар, як слязяцца пачырванелыя вочы. Яна заплакала, прыпала вуснамі да ягонае рукі. I адчула, што вяртае яго з іншага, чужога ёй свету.
Рыгор Савіч перажыў сваю жонку ўсяго на трынаццаць гадоў. Памёр раптам, седзячы за пісьмовым сталом. Пасля ягонай смерці Паліна Пятроўна асірацела, разгубілася. Паступова адышлі мужавы сябры і знаёмыя, якіх прыцягваў гэты чалавек сваім характарам і талентам. Дом апусцеў, ссамотнеў. Сваё прызначэнне Паліна Пятроўна цяпер бачыла ў тым, каб сабраць кнігу мужавых артыкулаў, раскіданых па розных навуковых выдан-нях. Добра было б напісаць успаміны, але ўсё не даходзілі рукі, каб зрабіць гэта, Ды і складана… Рыгор Савіч пры сваёй дабрыні ўсё ж быў чалавек жорсткі. Жорсткі ў першую чаргу да сябе, а заадно і да яе. Ён не дазволіў ёй нарадзіць дзіця, спасылаўся на тое, што не паспее выгадаваць, не хоча пасля сябе пакідаць сірату. Ды і сорамна, маючы ўнукаў, заводзіць новых дзяцей…
За акном сцямнела, пакой запоўніўся змрокам. Паліна Пятроўна ляжала з заплюшчанымі вачамі і думала пра тое, што заўтра зноў будуць лекцыі… Цяпер ёй трэба жыць адной, змагацца за сваё законнае месца, бо з’явяцца аднойчы маладыя геніі і адправяць старую выкладчыцу на пенсію. I будзе яна сядзець адна ў чужой кватэры і ціха вар’яцець ад самоты.
Паліна Пятроўна без ахвоты павячэрала ўчарашняю аўсянкаю, запіла чаем, паслала сабе на канапе. У спальні не начавала пасля смерці мужа.
Некалькі разоў прачыналася ад таго, што ёй здавалася, нібы яна правальваецца ў яму, але зноў засынала хваравітым сном. А сёмай гадзіне падскочыла, як звычайна, пачала збірацца ў інстытут.
«Эмоцыі эмоцыямі, а кожны павінен рабіць сваю справу: студэнты вучацца, а выкладчыкі іх вучаць, — думала Паліна Пятроўна, падводзячы вусны бэзаваю памадаю пад колер тонкай блузкі, якую надзела сёння пад шэры касцюм, што так пасаваў да яе натуральнай, яшчэ не вельмі густой сівізны.— Я не дзяўчынка, каб кіравацца настроем, мне трэба зарабіць прыстойную пенсію. I я яе зараблю… Трэба рыхтаваць сваіх вучняў…» — гэтымі думкамі Паліна Пятроўна зусім супакоіла сябе. Нездарма ж кажуць, што ранне мудрэйшае…

Зінаіда ДУДЗЮК.

Добавить комментарий