Святлана ДЗЯДУШКА – Не губляйся… (Мядовы месяц)

Не губляйся…
(Мядовы месяц)

Уцеха кахання цягнецца толькі імгненне.
Смутак кахання цягнецца ўсё жыццё.
М.А.Кузьмін
(да апавядання С.Аўслендэра
“Вечар у пана дэ Севіраж”

“Калі ты падрасла, бярозка? Нядаўна, здаецца, да вакна не краналася, а вось ужо вышэй хаты паднялася. Як бяжыць час!” Алёна прытулілася да дрэва і раптам заплакала. “I чаго нюні распусціла? Дурніца. Усё ж добра. Вось і замуж, нарэшце, выйшла”, — супакойвала сама сябе, але непаслухмяныя слёзы прадаўжалі пракладваць дарожкі на твары — колькі дзён яны перапаўнялі дзяўчыну і, нарэшце, знайшлі выйсце.

Раней, калі здаралася быць на вяселлі, Алёна зайздросціла маладым, бо лічыла, што яны знайшлі самае дарагое — каханне. Дзень вяселля здаваўся ёй цудоўным днём у жыцці. Ды на справе ў Алёны ўсё атрымалася вельмі проста. Без аніякага там цуду. 3 Лёнем яна сябравала даўно, яшчэ са школы. Ён катаў яе на санках, насіў партфель, выконваў маленькія і вялікія даручэнні. Наогул, заўсёды быў пад рукой. У клубе яна танцавала з іншымі хлопцамі, і дамоў яе яны праводзілі. Аднак прысутнасць Лёні яна заўсёды адчувала. Бо варта было ёй на хвіліну застацца адной, як ён з’яўляўся, нібыта з-пад зямлі.

Так здарылася, што не сустрэла яна тое каханне, аб якім марыла, а гады ішлі. I калі Лёня (у каторы раз) прыслаў сватоў да Алёны, маці яе не вытрымала, коршунам наляцела на дзяўчыну: «Колькі ты ўжо хлопцу адмаўляць будзеш? Ці, мо, прынца заморскага чакаеш? Дык глядзі, дачакаешся да старых гадоў! Усе твае сяброўкі даўно замуж павыходзілі, а ты ўсё фанабэрышся! 23 гадкі ўжо стукнула. Колькі можна дзявахай ся-дзець!? Сорам людзям у вочы глянуць! Чым жа табе Лёня дрэнны? Прыгожы, працавіты, добра зарабляе і бацькоў паважае. А цябе, дурніцу, як кахае! Гэта ж трэба такім цярплівым быць! Іншы на яго месцы даўно плюнуў бы на цябе ды на другой жаніўся, а ён усё чакае, што згоду дасі!”

Маці заплакала, падыйшла да дачкі, якая сядзела на канапе, апусціўшы галаву, пагладзіла яе па валасах. “Ты ж у мяне самая родная, самая дарагая, я ж табе шчасця хачу. — Крыху памаўчаўшы, дадала: — Ды ўнукаў хочацца панянчыць, а то магу і не дачакацца, зусім хворая стала. Падумай, дачушка…”

Размова з маці вырашыла ўсё. Праз месяц згулялі вяселле.

I вось цяпер, калі ўся гэта валтузня адыйшла, Алёна, нарэшце, задумалася аб тым, што здарылася.

“Ну, што ж, — угаворвала сябе, — многія жывуць без кахання, і я звыкнуся, тым больш, што Лёня нядрэнны хлопец. Вось і на заводзе яго паважаюць, падарылі пуцёўку на дваіх, каб маладыя змаглі паехаць у вясельнае падарожжа…”

Алёна любіла падарожнічаць, хаця не заўсёды атрымлівалася: то грошай не хапала, то маці хварэла, але ўсё такі дзе-нідзе яна пабывала. А цяпер вось пуцёўка на поўдзень — даўнішняя яе мара. Можа, там, як у казцы, яны з Лёнем знойдуць штосьці большае, чым сяброўства.

“Усё! Хопіць румзаць, — загадала сабе, выціраючы слёзы. — Не забывай, што ты замужняя жанчына, пара гатаваць вячэру мужу!”

Да ад’езду на поўдзень заставалася некалькі дзён.Ужо былі куплены білеты на цягнік, спакаваны чамаданы, калі раптам непрадбачаныя абставіны перамянілі ўсе планы маладажонаў. Лёня прыйшоў з працы хмуры і з вінаватым выглядам паведаміў, што да іх на завод паступіў тэрміновы заказ, таму ён не зможа зараз паехаць: трэба застацца, каб выканаць адказную работу. Прыйшлося склікаць вялікую сямейную нараду з удзелам бацькоў, на якой было вырашана, што Алёна павінна ехаць зараз, а Лёня, як толькі вызваліцца, прыедзе да яе, і астатак водпуску яны прабудуць разам.

Праводзілі яе родныя шумлівым гуртам, давалі жартаўлівыя наказы. Спрабаваў падтрымліваць агульную весялосць і Лёня, але Алёна бачыла, што яму гэта не вельмі ўдавалася. Шчымлівая трывога запоўніла сэрца дзяўчыны, але не ад таго, што яна на нейкі час пакідала мужа, а ад нечага большага, незразумелага.

Алёне пашанцавала: у купэ пазнаёмілася з дзяўчынай, якая ехала ў той жа санаторый, што і яна. Іра была на год маладзей за Алёну, замуж не збіралася (па яе словах) яшчэ добрую пяцігодку, таму што больш за ўсё цаніла свабоду. Непасрэдная, смяшлівая, яна вельмі спадабалася Алёне, і хутка яны пасябравалі. Расказамі пра свае прыгоды Іра, як ніхто іншы, умела праганяць смутак. Дзяўчаты вырашылі жыць разам у адным пакоі. А калі прыедзе муж Алёны, то Іра пяройдзе ў свой нумар.

Паўднёвы рай з экзатычнай расліннасцю, водарам паветра і шумам марскіх хваляў захапіў сябровак у палон. Але больш за ўсё Алёну цягнулі да сябе горы. Раніцай яна выходзіла на балкон і доўга глядзела туды, дзе стаялі магутныя веліканы ў палоне воблакаў і туману. 3 узыходам сонца яны скідвалі з сябе шэрую імглу, як непатрэбную старую скуру, і вось ужо ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці ўзвышаліся над зямлёю, пабліскваючы беласнежнымі вяршынямі, прыцягваючы нейкай таямнічай сілай і напаўняючы сэрца салодкім пачуццём чагосьці незвычайнага… Гэта зямная веліч абуджала ў ёй радасць жыцця, надзею на будучае шчасце. У такі момант хацелася абняць неабсяжную гэту прыгажосць, увесь гэты свет!

Ішлі дні, а з імі ўсё далей і далей адплывалі думкі пра яе замужжа. Здавалася, што гэта далёкі, нейкі не надта прыемны сон, у які не хацелася вяртацца. Ды раптам тэлеграма ад Лёні вярнула Алёну ў рэальнасць.

“Прыехаць не магу. Адпачывай. Кахаю”, — прачытала яна ўслых Іры.

” Ну вось, такі ў нас з мужам мядовы месяц, — усміхнулася дзяўчына, — дзіўна, але я адчувала, што ўсё іменна так і будзе”.

” Нешта не разумею — ты смуткуеш ці радуешся, — Іра запытальна паглядзела на сяброўку. — Прабач, Алёна, але ты мне нічога не расказваеш пра свайго мужа. Гэта я ўвесь час балбачу, цяпер твая чарга. Ну, дык дзе ты адкапала свайго каханага? Прызнавайся!”

” Нічым я цябе, Ірка, не здзіўлю і не парадую – таму і не гаварыла нічога. Замуж я неяк так, без кахання выйшла”.

I Алёна расказала пра ўсё, што так балела ў душы, што камянём ляжала на сэрцы, пра тое, чаго не сказала б нават маці сваёй.

— Не разумею, — Іра не магла апамятацца ад пачутага, — як ты магла? Не маці ж тваёй з ім жыць, а табе! Замуж ніколі не позна выйсці. Ты што, зломак які ці каракаціца, што ў дзевах баялася застацца? I прыгожая, і разумная, а цярпення не хапіла кахання дачакацца! Ты ж сама сябе шчасця пазбавіла!”

Іра падыйшла да сяброўкі, убачыла, што па шчаках у той цякуць слёзы, і нечакана сама расплакалася. Так сядзелі яны колькі хвілін, топячы набалелае ў слязах. Нарэшце, Іра ўстрапянулася і загадала камандзірскім тонам: “Усё! Хопіць насы вешаць! Зараз зробім каву, а потым пойдзем дыхаць паветрам — трэба назапашваць, а то хутка дамоў вяртацца”. Іра дурэла, спрабуючы ўзняць сяброўцы настрой. I Алёна падумала: як добра, што яна сустрэла гэту дзяўчыну, якая за кароткі час стала для яе вельмі блізкай і роднай.

“Сёння, мадам, мы пойдзем з Вамі на танцпляцоўку, — прадаўжала гаварыць Іра дзеля сяброўкі. — Вы прынясеце ў ахвяру свой сон. Ды і падрыгаць нагамі нам будзе карысна, а то засядзеліся тут!”

“Клоун ты, Ірка, — засмяялася Алёна, — выратавальніца мая”, — і закружыла Іру па пакоі.

На танцпляцоўцы было многа людзей немаладога ўзросту. Алёну гэта здзівіла, бо яна прывыкла бачыць на танцах толькі моладзь. Яшчэ болей здзіўляла тое, што да яе адзін за другім падыходзілі хлопцы, настойліва запрашалі патанцаваць, хаця яна ў чарговы раз адмаўляла. “Нашы хлопцы, дома, даўно ўжо адчапіліся б, а гэтыя такія настырныя! Няўжо тут дзяўчат прыгажэйшых няма?” — спрабавала яна злаваць. Але адчувала, што ёй даволі прыемна быць жанчынай, на якую звяртаюць увагу…

“Алёна, я цябе зараз адлуплю, — падбегла да яе пасля чарговага танца Іра. — Думаеш, я цябе сюды прывяла для таго, каб ты ўвесь час паўтарала: прабачце, я не танцую? Не, даражэнькая, так справы не пойдуць!”

Іра расчырванелася, румянец быў ёй вельмі да твару, вочы свяціліся гарэзлівым бляскам – такой яе Алёна бачыла ўпершыню.

“Ну і прыгажуня ж ты, Ірка…” — “Незагаворвай мне зубы, лепей на сябе паглядзі! — адпарыравала тая. — Цябе ж самыя лепшыя хлопцы запрашаюць, нават зайздрасць бярэ, а ты сядзіш, нос павесіўшы! Брыдка глядзець! Усё. Хопіць. Бяруся за тваё выхаванне, зараз жа!” Праз хвіліну Іра зноў падышла да яе, на гэты раз з двума хлопцамі. “Знаёмся, Алёна: Міша, Дзіма. Зараз мы ўсе пойдзем танцаваць!” – сцвярджальна паглядзела на сяброўку.

Дзіма, як надакучлівая муха, віўся каля Алёны, расказваў, што яму падабаюцца сарамлівыя дзяўчаты, што вельмі не любіць, калі дзяўчына курыць або п’е гарэлку, выхваляўся, што зарабіў ужо грошы на машыну і кватэру і што будучая яго жонка будзе матэрыяльна забяспечана. Нарэшце Алёне так надакучыў яго нудны, непрыемна голас, што не вытрымала, сказала, каб хлопец адчапіўся ад яе. Дзіма пакрыўдзіўся і са словамі: “Ну што ж, знойдзем не такіх ганарлівых”, — нарэшце пакінуў яе.

Настрой Алёны сапсаваўся канчаткова. Трэба ж было згадзіцца на Ірыны ўгаворы і прыйсці сюды. Чаго яна тут не бачыла?

“Ну і відок у цябе, нібы лімон без цукру з’ела!” — прысела Іра.

“Ды не звяртай на мяне ўвагі, Іра, весяліся. А я на людзей пагляджу. Не бойся, не ўцяку, дамоў разам пойдзем”, — супакоіла сяброўку, здагадваючыся, што тая баялася застацца адна сярод чужых людзей.

“Чаму я не магу быць вясёлай, шчаслівай, як Іра? — пыталася яна сама ў сябе. — Няўжо так і будзе праходзіць жыццё, змрочнае, без ніякага сэнсу?..

Марыла пра каханне, а дзе яно? Ці ёсць яно навогул? Можа, гэта прыдумка, каб людзі ў штосьці верылі, каб весялей жылося! А мо, прыходзіць яно толькі да выбраных?!”

Раптам гукі музыкі перапынілі яе разважанні, прымусілі ўстрапянуцца, сэрца забілася мацней, гарачыня прыліла да твару… Але, гэта была тая мелодыя, любімая яе мелодыя, ад якой шчымела ў грудзях, якая ахутвала воблакам светлага суму, уцягвала ў вір спадзяванняў, слухаючы якую, хацелася і плакаць, і смяяцца — усё разам.

“Можна запрасіць Вас на танец?” — прагучала дзесці ў яе над галавой.

“Можна,” — здавалася, не яна — нехта чужы вымавіў заяе.

Лілася музыка, цяплом запаўняючы сэрца, ад водару кветак кружылася галава. Алёна не адчувала сваіх ног, яна плыла, як лёгкая пярынка. Нават паветра ў гэты момант было насычана прадчуваннем шчасця.

Толькі калі скончыўся танец, дзяўчына са здзіўленнем адзначыла, што юнак, з якім танцавала, не вымавіў ніводнага слова, нават не спрабаваў пазнаёміцца, як іншыя. У яго было рэдкае імя — Руслан. Пазнаёміліся яны, калі ён запрасіў Алёну на хуткі танец, апраўдваючыся, што не вельмі добра танцуе, але не можа дапусціць, каб яе запрасіў хто-небудзь іншы. Адразу ж высветлілася і загадка яго маўчання. Аказалася, што ён не хацеў перашкаджаць ёй упівацца любімай мелодыяй, таму знаёмства вырашыў адкласці да наступнага танца. На пытанне, як ён зразумеў, што гэта была яе любімая мелодыя, Руслан неяк задумліва вымавіў: “У нас, аказваецца, аднолькавы густ”.

Алёна не памятала тую хвіліну, калі змяніўся яе настрой: хацелася смяяцца, спяваць, жартаваць, яна нібы свяцілася ўся. Іра заўважыла гэту перамену і раз-пораз кідала здзіўленыя погляды, якія толькі смяшылі Алёну.

Дзяўчына ведала адно — наступіў той момант, калі ўсё наваколле было для яе: і чароўныя гукі музыкі, і цёплы ветрык з пахам кветак, і святочнае зіхаценне зорак у небе. Усё гэта прынёс з сабою ён — гэты хлопец, які трымаў яе зараз за талію, нібы штосьці каштоўнае, што ні ў якім разе нельга было ўпусціць. Здавалася, яны ведалі адзін аднаго вельмі даўно, так лёгка і проста было ім разам.

Але казка хутка скончылася — з гукамі апошняга танца. Алёна нібы апусцілася з другой планеты. Адчуванне віны варухнулася ў грудзях. Што ж яна робіць? Не, не для яе гэта шчасце. Позна. Вельмі позна. I калі Руслан прапанаваў яе праводзіць, рэзка адказала: “Я замужам! Не трэба больш нічога! Патанцавалі і хопіць!”

імгненне яна думала, што перакрэсліла гэтымі словамі ўсё, што здарылася, але хутка зразумела, што змагаецца сама з сабою дарэмна, спрабуючы адагнаць хвалю ўзбуджэння.

Назаўтра Алёна ўвесь дзень праляжала ў ложку. Хацелася быць адной, каб зноў узнаўляць у памяці дробязі ўчарашняга вечара. Іра спрабавала расшавяліць сяброўку, але на гэты раз выдумкі яе не дапамаглі. Так прайшло яшчэ два дні. I нечакана, надзеўшы сваю лепшую сукенку і падфарбаваўшы вейкі, Алёна сустрэла Іру, толькі што закончыўшую прабежку па магазінах, словамі: “Ну што, пойдзем, прагуляемся!”

Не паспелі дзяўчаты зайсці на танцпляцоўку, як перад імі з’явіўся Руслан. Твар яго асунуўся. Праз застылы боль свяціліся праменьчыкі радасці:
“Я аббег усе танцпляцоўкі за гэтыя дні, шукаючы цябе, — звярнуўся ён да Алёны. — Не губляйся болей, вельмі цябе прашу!”

I зноў для яе пачалася казка. На гэты раз яна не думала ні аб чым, акрамя таго, што хоча быць з ім, з гэтым юнаком, які прыцягвае яе нейкай таемнай чароўнай сілай.

Выйшлі яны з танцпляцоўкі разам. Не згледзелі, як апынуліся непадалёк ад санаторыя ў зялёна-ружовай ад свету ліхтароў алеі.

“Можна я цябе пацалую?”

Дзяўчына не паспела нічога адказаць.

Гарачы дотык яго вуснаў растварыў яе ў асалодзе, кінуў у бязважкасць, дзе не было ні яе, ні яго, а нешта адно цэлае, самае найвялікшае ў гэты момант, стварэнне свету плыло ў прасторы.

Калі Алёна расплюшчыла вочы, закружылася галава, здалося, пацалунак забраў усю яе сілу, і каб не падтрымка Руслана, яна ўпала б.

Што гэта з ёю? Заўсёды такая стрыманая, на гэты раз яна не можа валодаць сабою. I што за гэта кароткае імгненне здарылася з прыродай? Як магла яна раней не бачыць гэтай прыгажосці? Матылькі танцавалі ў ружовым святле ліхтара, пераліваючыся рознакаляровымі крыльцамі, нібы бальнымі сукенкамі; весела смяяліся зоркі ў небе, падміргваючы жыхарам зямлі; аб чымсьці таямнічым шыпацела лісце — уся гэта карціна выпраменьвала шчасце, шчасце жыцця, якога дагэтуль Алёна не ведала. Нават паветра было насычана шчасцем.

“Ты такая пяшчотная, — Руслан глядзеў на яе з захапленнем, як на дзіва, — я ніколі не ўяўляў, што ў чалавеку можа быць столькі пяшчоты! Я кахаю цябе! Я знайшоў цябе, маю маленькую палавінку!

“Недарэчна ўсё гэта, — спрабуючы працівіцца нахлынуўшым пачуццям, шаптала дзяўчына,— я ж казала табе, што замужам, ёсць у мяне ўжо свая палавінка”. Дрыжачы голас Алёны выдаваў хваляванне, здавалася, яна хоча ўпэўніць сябе ў тым, чаму сама не верыць: “Не трэба, не гавары пра каханне. Ці ёсць яно наогул тое каханне?”

“Ты можаш мне не верыць, але я зразумеў, што каханне ёсць, калі ўбачыў цябе, і ведаю адно: ніколі ні з кім мне не было так добра, як з табою. I не будзе — я ў гэтым упэўнены. А замужжа — яно нічога не значыць, шлюб не можа зрабіць двух чалавек шчаслівымі без кахання. Дзве палавінкі, калі яны розныя, ніколі не будць адным цэлым, як іх ні ляпі…”

Усю ноч Алёна не магла заснуць, успамінала яго пяшчотныя рукі, вусны, што так растрывожылі яе, сказаныя ім словы, якія прымушалі трапятаць сэрца. 3 дзяўчынаю тварылася нешта дзіўнае. Здавалася, вулкан прачнуўся ў яе целе, запаўняў кожную клетачку, забіваў дыханне, імкнучыся выплюхнуцца вонкі. Яна задыхалася ад шчасця і хацела толькі аднаго: быць побач з Русланам, чуць яго голас, бачыць яго вочы. “А калі ён не прыйдзе заўтра? А раптам я яго ніколі болей не ўбачу — страшэнная думка боллю паласнула па сэрцы. — Не, ён прыйдзе! Ён жа казаў, што кахае! Кахае…”

Так і заснула яна пад раніцу, змучаная шчасцем і трывогай.

Час цягнуўся вельмі марудна. Алёна не памятала ў сваім жыцці такога доўгага дня. Усё валілася ў яе з рук, не хацелася ні есці, ні спаць: хадзіла па пакоі, як вар’ятка, не зводзячы вачэй з гадзінніка. Іра разумела сяброўку, але нічым не магла ёй дапамагчы. Нарэшце, Алёна не вытрымала і за гадзіну да спаткання накіравала ў бок парка, дзе яе павінен быў чакаць Руслан. Не паспела звярнуць на цэнтральную алею, як убачыла знаёмую постаць. I не разумела ўжо: ці-то бегла, ці-то ляцела на крылах, спынілася толькі тады, калі зусім блізка ўбачыла твар хлопца, які свяціўся ад шчасця.

“Ты даўно чакаеш?” — прашаптала асьмяглымі вуснамі. — “Усё жыццё”, — адказаў юнак і прытуліў яе да сябе.

Толькі цяпер Алёна зразумела, як памылялася, калі думала, што можна пражыць без кахання. За некалькі дзён яна адчула ўсю паўнату жыцця, наваколле афарбавалася для яе ў самыя яркія, самыя небывалыя колеры. Румянец на твары, бляск вачэй, вясёлы смех — усё гэтабыло сцвярджэннем таго, што чалавека робіць шчаслівым каханне. Як малое дзіця, якому падарылі цікавую цацку, яна радавалася свету ў яго новым абліччы.

Радавалася неспадзяванаму шчасцю сяброўкі і Іра. Але, калі Алёна паведаміла, што яны з Русланам прынялі рашэнне быць разам на ўсё жыццё і што яна развядзецца з Лёнем, Іра не паверыла ёй. Яна разумела, што ў дадзены момант Алёна хоча гэта зрабіць, хаця, з другога боку, адчувала, што ў сяброўкі наўрад ці знойдуцца сілы на такі важны крок. “Але няхай у яе ўсё будзе добра. Дай Бог, каб памылілася!”

Дзень ад’езду выдаўся хмурым. Накрапваў дождж, яшчэ больш псуючы і так ужо дрэнны настрой.

“Вось бачыш, Алёна, як прырода плача, развітваючыся з намі, спадабаліся мы ёй, — пажартавала Іра, расчыняючы балкон. — А вунь і твой ужо чакае. Давай хутчэй збірацца, а то змокне бедны хлопец! I чаго ты не дазволiла яму ехаць разам з намі? Весялей было б, ды і табе лягчэй!”

“Глупства ты гаворыш, Іра! Ну, скажы, як гэта будзе выглядаць, калі я з адпачынку прыеду з другім мужам? А Лёня? Ён жа не вытрымае! Не! Мне лягчэй будзе ўладзіць усё самой”.

“Ды ты, дурніца, не пра Лёню думай, а пра сябе! Здаецца мне, лепш было б, калі б Руслан з табой паехаў. Спакайней неяк”.

“Не трэба, Іра. Можа, яшчэ…”

“Што яшчэ? Ці ўжо прайшло каханне?”

“Я вельмі кахаю Руслана і буду кахаць усё жыццё. Але мне страшна. Гэта ўсё адбылося так імгненна, каханне спаралізавала мой розум. А што, калі я для Руслана проста маленькі эпізод паўднёвага адпачынку? Што я буду рабіць далей? Як гляну ў вочы маці? Што са мной будзе?”

“Але ж Руслан цябе кахае, гэта не адна ты бачыш”.

“А ці магу я быць упэўнена ў ім? Знаёмы ўсяго некалькі дзён, а людзі кажуць: каб пазнаць чалавека — трэба разам з ім пуд солі з’есці. 3 Лёнем мы гэты “пуд солі” ўжо з’елі.”

“Што ты пляцеш? — Іра страсянула яе за плечы. — Хочаш затаптаць каханне, не паспеўшы ім намілавацца? Тапчы! Але вось што я табе скажу: калі кахаюць – кідаюцца ў вір з галавой, ні аб чым не думаючы. Значыць, паказалася табе, што ты кахала!”.

“Няпраўда! Я кахаю яго! Я жыць без яго не магу! Але я баюся. Мне страшна, Ірка!”

“Ну добра, пойдзем ужо, а то на цягнік спознімся”.

А хлопец у гэтым момант думаў аб ёй, такой роднай і даволі блізкай, цяжка было ўявіць, як ён дагэтуль жыў без яе. Трывожная думка не давала спакою: “Ці хопіць Алёне сілы пакінуць мужа, ці пераможа каханне тое бязладдзе, тыя выпрабаванні, праз якія яна мусіць прайсці? Не! Трэба было настаяць і паехаць з ёю разам. А калі яна перадумае? — жахам пракацілася ўнутры гарачая хваля. – Хопіць глупства думаць! Усё будзе добра!” — упэўніў сам сябе, але трывога так і не пакінула яго.

Падыйшлі да цягніка, калі ўжо было аб’яўлена адпраўленне, развітваліся наспех.

“Я цябе буду чакаць праз тыдзень”. Ці то Руслану здалося, ці, сапраўды, Алёна не пачула яго слоў.

Адплываў вагон. У вакне Руслан убачыў твар Алёны, мокры ад слёз, з вялікімі сумнымі вачыма, якія назаўсёды (але, назаўсёды — гэта ён зразумеў у адзін момант) развітваліся з ім. Хлопец нутром адчуў, што бачыць каханую ў апошні раз. Маланкай у галаву ўразаліся адна за другой думкі: “Мне не жыць без яе! Я губляю яе. Трэба штосьці рабіць. Дагнаць!”

Руслан кінуўся бегчы з усёй сілы, але цягнік набіраў хуткасць, і вагоны адзін за другім абганялі хлопца.

“Не губляйся!” — нечалавечы крык падхапілі калёсы цягніка і, нібы забаўляючыся, пачалі адбіваць па рэйках: “Не губляйся, не губляйся…”

Святлана ДЗЯДУШКА.

Добавить комментарий