Знакаміты земляк в.Кадзіна Магілёўскага раёна — Якуб Кірылавіч Усікаў

3434Рыхтуюцца да выдання апошнія старонкі нарыса жыцця і творчасці “Сцежкамі мінулых гадоў” знакамітага земляка, ураджэнца в.Кадзіна Магілёўскага раёна Якуба Кірылавіча Усікава, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдатнага выкладчыка, вучонага, першага кандыдата навук у гісторыі кафедры беларускай літаратуры інстытута (зараз універсітэта) імя А.А.Куляшова, якую ён узначальваў 20 гадоў, можна сказаць, сфарміраваўшы яе, аддаўшы 47 гадоў свайго жыцця ніве пісьменства, аўтара шматлікіх літаратурна-крытычных нарысаў, артыкулаў, успамінаў, дапаможнікаў; чалавека, імем якога па праву названа адна з вуліц г. Магілёва, піянерская дружына ДУА “Кадзінская СШ”. Лічу, што кожнаму сапраўднаму беларусу будзе цікава пазнаёміцца з адным з урыўкаў успамін.

…”Набліжаўся канец навучальнага года. Я паспяхова здаў кандыдацкія экзамены за першы курс аспірантуры. Вось-вось і наступяць летнія канікулы. І раптам … вайна! 22 чэрвеня 1941 года у Акадэміі навук планаваліся вайсковыя вучэнні супрацоўнікаў і аспірантаў. Раніцай, яшчэ нічога не ведаючы, накіроўваюся з Падлеснага завулка, дзе жыў на прыватнай кватэры, у Акадэмію (гэта зусім блізка, не болей кіламетра), каб прыняць удзел у вайсковых вучэннях. Але тут было ўжо не да вучэнняў. Гітлераўская Германія вераломна, як тады гаварылася, напала на Савецкі Саюз.

Калектыўна слухалі ўрадавы зварот Молатава да народа. Засмучаны, ашаломлены жахлівай весткай, я думаў: “Што ж будзе?” і прыходзіў да пераканання, што хутка вораг будзе разбіты, верыў у нашу несумненную перамогу. У першы ж дзень вайны нямецкія самалёты пачалі бамбіць Мінск, на другі і трэці дзень бамбёжка ўзмацнілася, стала несупыннай, сталіца рэспублікі захлыналася ў агні, дыме, пажарышчах. Гаспадары драўлянага дома, у якім мы з Ігнатам Гарэцкім здымалі пакой, паўцякалі ў вёску Слабада, дзе жылі сваякі. А мы ўсё спадзяваліся на спыненне бамбёжкі, хаваючыся ў падвале нашай хаты, асабліва, калі бомбы рваліся побач з ёю. І вось убягае ў хату дзяўчына – кватарантка і, убачыўшы нас, трывожна–распачлівым голасам крычыць: “Дакуль вы будзеце сядзець тут? Немцы бамбяць апошнюю частку горада. Уцякайце!” І сама знікае. Толькі пад вечар трэцяга дня вайны мы з сябрам пакідаем Мінск. Уцякаем у накірунку парка Чалюскінцаў, каб выйсці на маскоўскую шашу. Схіляючыся да заходу, усё яшчэ ярка свеціць летняе сонца. Душна. Льецца пот. Бясконцай плынню людзі бягуць з горада. А ўверсе, на невялікай вышыні, іх суправаджае самалёт са знакам свастыкі, строчыць з кулямёта, наводзячы страх, паніку.

Начавалі ў хмызняку, на абочыне маскоўскай шашы. А назаўтра з раніцы працягвалі шлях зноў-такі па абочынах шашы, магістраль абстрэльвалася самалётамі. Дайшлі да Слабады (яна размешчана кіламетрах у дваццаці ад Мінска). Тут мы развіталіся з Ігнатам: ён пайшоў далей на ўсход па шашы, кіруючыся на Барысаў, а я застаўся ў Слабадзе, спадзяючыся вярнуцца ў Мінск, у ваенкамат для адпраўкі на фронт: я не дапускаў і думкі, што гітлераўскія наземныя войскі могуць заняць Мінск. Аднак здарылася нечаканае: недзе на пяты дзень вайны нямецкія танкі з’явіліся ў Слабадзе. Цяпер ужо было не да Мінска.

Не магу не адзначыць, што жыхары вёскі не ўтойвалі радасці, калі па вуліцы праходзіла калона нямецкіх танкаў, некаторыя нават сустракалі іх. Тым, хто не выходзіў з хаты, дзе на падлозе сядзеў і я,— адна жанчына ўзбуджана, з адценнем захаплення апавядала, што на першым танку ў адкрытым люку знаходзіўся нямецкі афіцэр, які звярнуўся да сялян па-руску: “Здравствуйте, батраки!” “І праўда, — абуралася кабета, — мы, калгаснікі, — самыя сапраўдныя батракі!” Далей яна ўжо абгрунтоўвала гэту думку: людзей пазбавілі ўласнасці, адхапілі зямлю, забралі каня, прымусілі працаваць за “палачку”, за пусты працадзень. “Ды мы ж горш батракоў, — дадала жанчына. — Батрак мог штосьці зарабіць, а мы – фігу.”689

Мне, выхаванцу савецкай школы, не падабаліся такія разважанні, хоць яны і адпавядалі рэальным фактам. Вось чаму жанчына, якая пра ўсё гэта гаварыла, не выклікала абурэння ў маёй душы. “ Ну і брыдота!’’ – на нейкі міг падумаў я. Але тут жа мною авалодалі зусім іншыя, куды больш важныя думкі. Што мне цяпер рабіць? Нямецкія танкі ўжо зніклі недзе за вёскай. Ці не адрэзаны шлях на ўсход? Прымаю рашэнне – прабівацца на Магілёў. Так пачалося маё пакутлівае падарожжа прасёлачнымі дарогамі з мэтай выйсці на вольную ад гітлераўцаў зямлю, далучыцца да воінаў-абаронцаў Радзімы. Начаваў пад адкрытым небам, часам – у лазні, харчаваўся як жабрак, за кошт міластыні, папрашайніцтва. Хто бульбіну якую дасць, хто налье малака шклянку, хлеба ж і ў вочы не бачыў. Я ж не адзін такі быў. Шляхам ваеннага ліхалецця ішлі многія-многія і ўсе — на ўсход. Людзі розных узростаў, полаў, нацыянальнасцей. Была нават адна маладая татарка, якая накіроўвалася ў сваю Татарыю. Ішлі па аднаму, ішлі невялікімі групамі па два – тры чалавекі. Недзе ў сярэдзіне шляху, у адной з вёсак пазнаў мяне адзін малады чалавек, апрануты ў рызманы, з зашмальцаванай кепкай на галаве. Гэта быў мой аднасяльчанін, сябар дзяцінства Лазар Дзенісенка. Лейтэнант па вайсковаму званню, ён працаваў у Высакоўскім райваенкамаце на Брэстчыне і трапіў пад лютую бамбёжку нямецкіх самалётаў раніцай першага дня вайны. Неяк уратаваўшыся ад смерці, Лазар імкнуўся далучыцца да хоць якой воінскай часці, але ўсюды панавалі паніка, разброд, анархія; усе беглі, уцякалі, выратоўваліся хто як мог. Такім быў і Лазар. Цяпер ужо мы з ім разам, не разлучаючыся, адольвалі выпрабаванні лёсу. Не аднойчы мы набліжаліся да франтавой лініі, але немцы нас адганялі “цурук’’, назад, сцвярджаючы, што Магілёў яшчэ абараняецца савецкімі вайскамі. Калі мы знянацку натыкаліся на немцаў, яны прыдзірліва ўсклікалі: “Золдат?’’, “Дакумэнт!’’ і, пераканаўшыся, што мы цывільныя, адпускалі “цурук’’. У нас былі пашпарты, пасведчанні асобы з фотаздымкам і нястрыжаныя галовы. Каля месяца дабіраліся да свайго Кадзіна не з Магілёўскага, са Шклоўскага боку, праз вёскі Качурына, Зылі, Брылі. Хату і хлеў маіх бацькоў немцы спалілі. Прывязанай да дрэўца стаяла карова. Прытулкам служыў акопчык. Лазарава ж хата захавалася. Ў яго я і пасяліўся. Нямецкія ўлады заводзілі ў вёсцы свае парадкі: быў выбраны стараста, два паліцаі. Старастам стаў наш сусед Грамыка. Ён прыхільна ставіўся да мяне і маіх братоў Хведзькі і Пятра. Не раз выратоўваў ад адпраўкі ў Германію. Пазней з ім устанавілі сувязь партызаны. Лазар Дзенісенка арганізаваў невялікую падпольную партызанскую групу, куды ўваходзіў і я разам са сваімі братамі. Займаліся пераважна зборам зброі. Неўзабаве гэта група ўлілася ў партызанскі атрад (15 полк) Дзямідава.

Пра партызанства не хочацца ўспамінаць: вельмі ж многа выпрабаванняў давялося пазнаць у тыя дні, асабліва пад час блакад, акружэнняў, начных пераходаў з аднаго месца на другое, праз балоты, рэчкі, нярэдка па шыю ў ледзяной вадзе, суткамі не еўшы, у дрэнным абутку, а то і без яго. Бывала нярэдка, калі вёўся мінамётна – кулямётны абстрэл пры спробах прарвацца да сваіх рэгулярных войск (партызаны неслі пры гэтым вялікія страты), думалася, каб хутчэй загінуць ад варожай кулі, чым так жыць. Вось чаму шчасцем для мяне з’явілася ўступленне ў шэрагі дзеючай Чырвонай Арміі, удзел у вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Другім Беларускім фронце. На фронце мне шанцавала. Так, пры спробах фарсіраваць балотную рэчку на тэрыторыі Польшчы асколак варожай міны трапіў мне ў рукаў шынеля, зусім не зачапіўшы руку; гарачанькі асколак я хуценька дастаў з рукава і выкінуў у балотную твань. У той жа час побач са мною параніла камандзіра аддзялення і мне загадалі суправаджаць яго ў медсанбат.

Іншым разам, калі я знаходзіўся ў складзе гарматнай батарэі, мне даручылі аднесці тэрмас з гарачым супам на НП ( назіральны пункт), які быў размешчаны на пярэдняй лініі. Адкрытае поле, па якому давялося мне ісці кіламетры тры, досыць інтэнсіўна прастрэльвалася мінамётным агнём. І вось ідучы, я раптам адчуў на маёй спіне цяплынь, зняў тэрмас, які трымаўся на плячах з дапамогай шлеек, глянуў, аж з яго ў дзірку, прабітую ў бакавой частцы, выцякала цёплая вадкасць. Аказваецца, у тэрмас трапіў асколак міны і асеў там, унутры. Недзе каля паловы тэрмаса я ўсе ж данёс яе да НП, і, наліўшы ў кацялкі суп, воіны выявілі невялікі асколак міны. Выходзіць, тэрмас адыграў выратавальную ролю.

56Нарэшце, вясною 1945 года, за якіх тыдні тры-чатыры да Перамогі, на ўскрайку лесу (на нямецкай тэрыторыі) група салдат і афіцэраў развяла касцёр, каб пагрэцца, крыху прасушыцца (ранак быў халаднаваты). Раптам – выбух. Вогнішча разнясло ў бакі. Мне, яшчэ аднаму салдату і ст. лейтэнанту абпаліла твары. Найболей дасталося на маю долю. Срашэнна смылялі шчокі. У медсанчасці мне бясконца мянялі марлевыя салфеткі, змочаныя растворам марганцоўкі. На момант палягчэе, а потым зноў і зноў нясцерпны боль. Мяне і ст. лейтэнанта накіравалі ў армейскі шпіталь. Там уся скура твару пакрылася чорна-карычневай коркай, якая праз некалькі дзён аблупілася і на яе месцы з`явілася ружовенькая скурачка. Так што твар мой абноўлены, амалоджаны. На верхняй частцы ілба, справа, пад самымі валасамі, захаваўся бугарок з гарошыну: там, мусіць, сядзіць невялічкі асколачак. Паколькі ён мне не перашкаджаў, я палічыў непатрэбным яго аперыраваць… Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі”.

Вельмі сціпла аб сваіх узнагародах піша ва ўспамінах Якуб Кірылавіч. Выкарастаўшы дадаткова інтэрнэт-магчымасці, знаходжу агульнадаступны электронны банк дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», — узнагародны ліст на імя Якава Кірылавіча Усікава.” У баях па прарыву вельмі ўмацаванай абароны немцаў на рацэ Нараў чырвонаармеец Усікаў праявіў выключную мужнасць і адвагу. Прайшоўшы баявы шлях ад ракі Нараў да сустрэчы з саюзнікамі, чырвонаармеец сумленна і самааддана працаваў каля гарматы, кожным стрэлам спрыяючы разгрому ворага. У баях пры фарсіраванні ракі Одэр і далейшым праследаванні праціўніка, нягледзячы на тое, што побач рвуцца снарады і міны, заўважыўшы выбыўшага з ладу салдата, які зараджаў гармату, замяніў яго і з яшчэ большай упартасцю змагаўся, спрыяючы выкананню агульнай баявой задачы.»

Л.І.Петрусёва (Усікава),
загадчык ДУА “Яслі-сад аг.Кадзіна”.
На фотаздымках: Я.К.Усікаў, 1970г.; Я.К.Усікаў за працай, 1963г.; Я.К.Усікаў, франтавы фотаздымак (Усікаў Якуб Кірылавіч пасярэдзіне).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.