Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ірына Сырамалотава мае 23 гады педагагічнага вопыту

«Ты ўзышла на ганак роднай школы, ты гэтым дзецям блізкая, свая…» – радкі з верша Сяргея Грахоўскага “Настаўніца” з першых дзён працы трывожылі душу выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Сырамалотавай. Маладой настаўніцы вельмі хацелася, каб гэтыя словы мелі дачыненне і да яе. Сёння, калі за плячыма ўжо 23 гады педагагічнага вопыту, яна спадзяецца, што хоць на некалькі крокаў наблізілася да сваёй мэты, і вучні адчуваюць яе клопат аб іх і гатоўнасць заўсёды дапамагчы. Толькі прыродная сціпласць не дазваляе Ірыне Міхайлаўне прызнаць, што сумненняў на гэты конт даўно не павінна застацца: яна сапраўды навучылася знаходзіць ключ да дзіцячых сэрцаў, не толькі даваць добрыя веды, але быць для вучняў дарадчыцай. Таму і не шкадуюць цёплых слоў аб гэтым чалавеку ні навучэнцы, ні педагогі Хонаўскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа, а кажуць, што гэта той самы выпадак, калі трэба ўжываць выраз “настаўніца ад Бога”._MG_2960

Свой прафесійны шлях Ірына Міхайлаўна абрала яшчэ ў чатырнаццацігадовым узросце. Дзяўчынка цвёрда вырашыла для сябе кім будзе, калі вырасце. “Цяпер, азіраючыся на гады свайго настаўніцтва, разумею, што не памылілася, – з усмешкай на твары распавядае жанчына, – я люблю тое, што раблю, і ў кожную справу ўкладваю душу”.

Заняткі Ірыны Сырамалотавай заўсёды займальныя і прадуктыўныя: да сваёй працы настаўніца падыходзіць творча. Яна выкарыстоўвае розныя нетрадыцыйныя формы работы і новыя метадычныя распрацоўкі, каб не толькі навучыць дзяцей правільна пісаць, але выклікаць у іх цікавасць і любоў да роднай мовы, Бацькаўшчыны, яе мінулага. Шмат увагі педагог надае выхаванню ў вучняў сапраўдных чалавечых якасцей: сумленнасці, дабрыні, спагады. З гадамі прыйшло разуменне важнасці не толькі адукаванасці, але і выхавання Чалавека, сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны.

Моцную падтрымку на шляху свайго станаўлення, як настаўніцы, Ірына Міхайлаўна адчула з боку маці свайго мужа, таксама выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры. Яна і зараз застаецца для яе прыкладам добрага педагога, прафесійнага, справядлівага, ідэйнага. Прызнанне педагагічных поспехаў гэтым чалавекам для Ірыны Сырамалотавай значыць больш, чым усе ўзнагароды і ганаровыя граматы. А іх у настаўніцы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і цікавымі творчымі задумамі назбіралася шмат. У мінулым годзе Ірына Міхайлаўна стала фіналісткай раённага этапа конкурсу “Настаўнік года”. З пачатку новага навучальнага — яна займае пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Аб прафесійнай сталасці Ірыны Сырамалотавай кажуць і надрукаваныя ў рэспубліканскім часопісе “Беларуская мова і літаратура” уласна распрацаваныя ўрокі._MG_2952

Сапраўдным выпрабаваннем для настаўніцы стала тое, што старэйшая дачка Алёна, таксама педагог, прыйшла працаваць у Хонаўскую школу. Жанчына хвалявалася, што будзе бачыць усе недахопы ў выкладанні маладога спецыяліста і, робячы пастаянныя заўвагі, сапсуе адносіны з родным чалавекам. Але адбылося ўсё наадварот. Мацярынскаму сэрцу было наканавана ўзрадавацца, і асабліва тады, калі да Ірыны Міхайлаўны пачалі падыходзіць бацькі вучняў Алёны, каб падзякаваць за такую дачку, добрую настаўніцу, у якой атрымалася прывіць дзецям цікавасць да замежнай мовы. Вось яна, пераемнасць настаўніцкіх пакаленняў!

Юлія ІВАНЧЫКАВА

Фото Натальи ГРУЗД

Добавить комментарий