Цана шчасця

Тэма Вялікай Айчыннай вайны – незвычайная тэма. Незвычайная таму, што памяць і гісторыя ў ёй зліліся разам. Дзявятага мая гэтага года наш народ адзначыць вялікае свята – 70 гадоў з дня Перамогі над фашысцкай Германіяй. Гэтая дата напаўняе сэрца гонарам за подзвіг шматнацыянальнага савецкага народа, які выйграў бітву з фашызмам: мільёны сыноў і дачок Айчыны назаўжды засталіся ляжаць у сваёй і чужой зямлі. Тэма вайны ніколі не перастане хваляваць людзей, верадзіць старыя раны і душу болем сэрца.

Фотаздымак зроблены ў нямецкім горадзе Брандэнбург у чэрвені 1945 года. На ім мой прадзядуля, Якубенка С.К., у цэнтры, разам з таварышамі Сагурам Сцяпанам і Парфёнавым Іванам.

На жаль, зараз у жывых засталося мала тых, хто са зброяй у руках змагаўся з ворагам. Да іх я з гонарам адношу і сваіх прадзядуль: Якубенка Сяргея Карпавіча, бацьку бабулі, якога я, на жаль, ніколі не бачыў, бо ён памёр задоўга да майго нараджэння, а таксама Адзінца Міхаіла Герасімавіча, роднага брата маёй прабабулі, Якубенка Валянціны Герасімаўны, якога таксама даўно ўжо няма з намі. Пра іх мне з хваляваннем і болем часта расказвае мая бабуля, Ісаева Ларыса Сяргееўна, былая настаўніца маёй роднай школы. На фронце мужчыны былі ад першага дня вайны і да Перамогі. Дзядуля, Сяргей Карпавіч Якубенка, апрануў ваенны шынель у 1940 годзе, калі яго прызвалі на тэрміновую службу, вярнуўся ж да мірнага жыцця ён толькі пасля 9 Мая, атрымаўшы шмат узнагарод, сярод якіх медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна” і іншыя. Ён з гонарам любіў успамінаць, што дайшоў з баямі да Берліна і пакінуў свой подпіс на сцяне рэйхстага.Успамінала мая прабабуля і пра брата, Адзінца Міхаіла Герасімавіча, які без разваг у першыя дні вайны разам з іншымі хлопцамі-дабравольцамі пешшу пайшоў на прызыўны пункт, які знаходзіўся ў суседнім Акцябрскім раёне ў вёсцы Азарычы. Яго бацька, Адзінец Герасім Макаравіч, выпраўляючы сына на вайну, наказваў: ”Ідзі, сын, і служы з чэсцю, каб нам не было сорамна за цябе, абараняй нашу Радзіму. Інакш не справіцца з гэтай страшэннай навалай”. І юнак выканаў свой грамадзянскі абавязак з гонарам. За гады вайны ён пабываў у самым яе пекле: ён быў сувязістам, удзельнічаў у бітве пад Курскам, быў паранены, пасля шпіталя зноў вярнуўся ў строй. За мужнасць і гераізм ён узнагароджаны ордэнам Славы, шматлікімі медалямі.

Любімы дзядзька маёй бабулі пасля вайны стаў настаўнікам – выкладаў дзецям гісторыю, быў незвычайна цікавым апавядальнікам. Як кажа бабуля: “Здавалася, што ён ведаў пра ўсё на свеце, мог даць адказ на любое пытанне, якое б яму не задалі. А калі ў яго пыталіся, адкуль ён столькі ведае, дзядзька гаварыў: чытаць трэба, кніжка ўсяму навучыць. Самай жа любімай тэмай для аповедаў была, канечне, тэма вайны. Да канца жыцця былыя франтавікі, збіраючыся разам, нагадвалі самыя разнастайныя ваенныя гісторыі, а мы, малыя , седзячы на печы, раскрыўшы раты слухалі, парой ужо каторы раз, адно і тое ж. Але заўсёды было цікава”.

Прадзядуля Якубенка С.К., на тэрміновай службе.

Як і ўсе мае равеснікі, я не ведаю вайны. Не ведаю, таму што Беларусь жыве пад мірным небам вось ужо 70 гадоў. На жаль, гэтага нельга сказаць пра нашу суседку Украіну, дзе, як усім зараз вядома, ужо не першы месяц палае пажарышча. Вельмі балюча, што кожны дзень гінуць мірныя жыхары Данецкай і Луганскай абласцей. Кожны дзень я гляджу навіны са спадзяваннем пачуць, што наступіў мір. Мне асабліва хочацца, каб закончылася гэтая братазабойчая вайна, бо там жыве шмат маіх родных: цёткі, стрыечныя сёстры і іх малыя дзеці, якія кожную раніцу ўстаюць з трывогай у сэрцы: што прынясе сённяшні дзень? У такім жаху жылі і тыя, каго зараз называюць “дзеці вайны”.

Шмат іх ужо пайшло з жыцця. Вайна пазбавіла дзяцей дзяцінства, абрынулася на іх навалай. На іх далікатныя плечы лёг цяжар нягод, гора ваенных гадоў. Мая прабабуля, Адзінец Валянціна Герасімаўна, па мужу Якубенка, уражэнка Глускага раёна Магілёўскай вобласці, нарадзілася ў 1929 годзе, і вайну яна сустрэла падлеткам. Шмат пакут, болю і жаху давялося ёй перажыць за гэты страшны час. Бабулі няма разам з намі вось ужо дзесяць гадоў, але да апошніх дзён яна не магла забыць перажытага.

Сам я дрэнна помню прабабулю, бо быў малы, калі яе не стала, а вось мае родныя: бабуля і яе сястра, калі даводзіцца сабрацца разам, расказваюць, колькі гора ёй прыйшлося зведаць.

Вось што расказвала мая прабабуля Якубенка В.Г.:

“Калі пачалася вайна, мне споўнілася толькі дзесяць гадоў. Незадоўга памерла мая маці, Адзінец Марыя, і я жыла з бацькам і яго новай жонкай. Немцы хутка занялі родную вёску Замасточча, але кватаравалі ў суседніх Касарычах. Там жа былі і паліцаі. Вельмі страшна было ноччу, бо наведваліся нязваныя “госці”, паліцаі, і займаліся марадзёрствам. Было і такое, што яны абвінавачвалі каго-небудзь з аднасяльчан за сувязь з партызанамі, якія абсталяваліся ў тутэйшых лясах. І арыштаваных немінуча чакала пакаранне. Іх расстрэльвалі. Ніхто ні ў чым разбірацца не хацеў. Бывала, што жыццём плацілі дзясяткі сяльчан толькі за тое , што мелі такое ж прозвішча, як у арыштаванага. Ну, а ў нашых вёсках, як вядома, многія насілі аднолькавыя прозвішчы”.

Яшчэ большыя пакуты пачаліся для прабабулі ў 1942 годзе, калі яна засталася круглай сіратой. Фашысты расстралялі бацьку, палічыўшы яго яўрэем, бо ён быў коратка падстрыжаны. Застаўшыся без бацькоў у такім узросце, маці шукала прытулак у цётак, якіх пасля вайны ўспамінала з вялікай удзячнасцю. Адна з іх – Бандарэнка Марына, родная сястра памерлай матулі, замяніла ёй маці. Уражлівыя дзіцячыя вочы на ўсё жыццё запомнілі эпізоды жудасных падзей. Вось толькі некаторыя з іх.

”Вясна 1943 года. Вялікае гора чакала Замасточча: у адзін з дней вёску аблажылі з усіх бакоў немцы і паліцаі і пачалі выганяць усіх яе жыхароў на вуліцу. Схавацца давялося нямногім. Некаторыя дабравольна выходзілі з дому, разважаўшы так: калі ўсе выйдзем, то нічога з намі не зробяць. Але яны дарэмна разлічвалі на чалавечнасць фашыстаў. Усіх вяскоўцаў сагналі ў адно месца і падзялілі на дзве групы. У адну адабралі мужчын ад 16 гадоў і старэйшых, а жанчын, дзяцей і старых сагналі ў адрыну.

А потым пачуліся адзіночныя стрэлы. Дарослыя жанчыны загаласілі: ведалі, што там робіцца. Выпусцілі нас праз некалькі гадзін. Усе кінуліся туды, дзе стралялі. Жудасная карціна паўстала перад намі: вясна толькі пачыналася, снег яшчэ не растаў і ўвесь быў у крыві, а паўсюль ляжалі распластаныя целы. Расстралялі ў той дзень 73 мужчын. У памяць іх і стаіць помнік у пачатку вёскі. Хавалі нябожчыкаў некалькі сутак: не было каму, засталіся адны старыя, малыя і жанчыны”.

З гэтага часу аблавы сталі “прывычнымі”. Аднаго разу ў вёску прыехаў нямецкі афіцэр з перакладчыкам. Зноў сагналі ўсіх, каго не забілі, і пачалі дзяліць на дзве групы. У адну адбіралі маладых здаровых дзяўчат, якіх потым пагрузілі ў грузавікі і адправілі ў Нямеччыну…

У гэтым грузавіку была і мая прабабуля. Яна па ўзросце магла б застацца, але пабаялася разлучацца з цёткай, якую пагналі на працу ў Германію. Працавалі на ваенным заводзе.

“Нацярпелася ў Нямеччыне, – успамінала бабуля. – Помню, як хацелася есці. Цётка разам з другімі жанчынамі ноччу хадзіла на пошукі ежы: прыносіла гнілую бульбу, падмарожаныя буракі ці капусту, якія знаходзіла ў харчовых адходах. Але страшней за ўсё было пераносіць бамбёжкі: у канцы вайны Германію бамбілі рускія і амерыканцы.

Вызвалілі нас амерыканцы. Помню, як нас пераправілі на самалётах у Бельгію. Там мы, дзеці, знаходзіліся пад асаблівым наглядам: было добра, кармілі так як трэба. Ніяк не маглі наесціся хлеба. Там жа ўпершыню пакаштавала шакалад. Але, нягледзячы на такія станоўчыя да нас адносіны, вельмі хацелася дадому, у роднае Замасточча“.

Нават цяпер, праз 70 гадоў, не ўдалося загаіць раны, што пакінула вайна. Яна карэнным чынам змяніла людскія лёсы, разбурыла светлыя мары не толькі дарослых, але і дзяцей, прымусіла іх дачасна пасталець і пастарэць. Ветэраны, якія дагэтуль знаходзяцца ў страі, не перастаюць нам, маладым, яшчэ і яшчэ раз нагадваць: беражыце мір, рабіце ўсё, каб не дапусціць вайны. Помніце словы Ю.Фучэка: “Людзі свету, памятайце, якой цаной заваявана шчасце, калі ласка, заўсёды памятайце!”

Аляксей Юхімец,
вучань 11 класа
ДУА “Кадзінская” СШ.

Добавить комментарий