Надзея нашай школы

Мікола_Вопытныя, умудроныя жыццёвымі і прафесійнымі навыкамі людзі – гэта аснова, падмурак любога грамадства. А імпульсіўная і дапытлівая моладзь у ім – гэта нязломныя крылы, перспектыва, якая рухае наперад нашы сем’і, калектывы і ў цэлым краіну. 

Я хачу расказаць пра майго аднакласніка. Гэта – Мікалай Гадун, вучань 9 класа ДУА «Сухарэўскі ВПК яслі-сад–сярэдняя школа імя Ю.М.Двужыльнага». Ён разумны і таленавіты чалавек, які ў свае 14 гадоў смела падымаецца па алімпіядных прыступках. Хочацца паведаміць людзям пра гэтага здольнага і шчырага хлопца, паказаць да чаго нам патрэбна імкнуцца і з каго на самай справе браць прыклад.

Дапытлівы юнак з ранняга ўзросту праяўляў цікавасць да новых ведаў, удумліва слухаў тлумачэнні настаўнікаў, грунтоўна рыхтаваў дамашнія заданні. Асабліва падабаецца хлопцу гісторыя і хімія. Многа часу пасля ўрокаў вучань адводзіць на спазнанне розных гістарычных крыніц і паведамленняў. Сябры, дарэчы, іншы раз і крыўдуюць на Міколу, што ў яго не дастае часу на футбол і іншыя гульні. Лічу вялікім плюсам тое, што Мікола мае сваю думку і адносіны да розных праяў нашага жыцця і не баіцца яе адстойваць з аднакласнікамі і настаўнікамі.

На працягу шэрагу гадоў Мікалай з’яўляецца нязменным удзельнікам школьных алімпіяд практычна па ўсіх прадметах. Удзельнічае і ў раённым этапе алімпіяд. Так у мінулым годзе Мікалай стаў уладальнікам дыпломаў трэцяй ступені раённай алімпіяды па гісторыі і хіміі. Летам 2015 года Мікола атрымаў накіраванне ў лагер «Алімпіец», дзе адначасова з аздараўленнем пашыраў свае веды па любімай гісторыі. У выніку сістэмнай падрыхтоўкі па прадметах, вывучэння матэрыялаў па за межамі школьнай праграмы, выканання творчых заданняў і ўменню сабрацца ў адказны момант, справіцца з хваляваннем Мікалай у гэтым годзе ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды атрымаў дыпломы другой ступені па гісторыі і хіміі.

Трэба адзначыць, што па гісторыі ён выступаў за дзясяты клас, хаця вучыцца ў дзявятым. Па выніках алімпіяды Мікалай увайшоў у зборную Магілёўскага раёна для ўдзелу ў абласной алімпіядзе. З гэтай мэтай ён наведвае дадатковыя заняткі па гісторыі для адоранай моладзі ў абласным ліцэі №1. За сваю працу і дасягненні ў алімпіядным руху Мікалай Гадун атрымаў віншаванні і ўзнагароду ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага райвыканкама А.Б.Заблоцкага на ўрачыстым сходзе БРСМ з нагоды заканчэння Года моладзі.

Веды – гэта бясцэнны багаж, які чалавек нясе праз усё жыццё, прымнажаючы і ўдасканальваючы. І чым большым будзе гэты запас у нашых дзяцей, тым больш будзе ў іх магчымасцяў заняць годнае месца ў прафесіі і ў грамадстве. І напрыканцы хачу пажадаць Мікалаю здароўя, поспехаў у вучобе, веры ў будучыню і пакарэння новых гарызонтаў.

Валерыя Кандраценка,
вучаніца 9 класа
ДУА «Сухарэўскі ВПК ЯС–СШ імя Ю.М.Двужыльнага».

Добавить комментарий