27 сакавіка адбылося закрыццё міжнароднага тэатральнага маладзёжнага форума “М@rt.контакт-2016”

У Магілёў прыйшла сапраўдная вясна, сагрэўшы нашы сэрцы цеплынёй творчасці. З 21 па 27 сакавіка праходзіў XІ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@rt.контакт-2016”, які прывабіў у абласны цэнтр вядомых рэжысёраў, акцёраў і тэатральных крытыкаў, згуртаваў вакол сябе творчую моладзь і ўсіх, каго паланіў чароўны свет тэатра.

Дзякуючы штогадоваму фестывалю, які арганізуе мясцовы драматычны тэатр і абласны выканаўчы камітэт, наш горад за апошнія 11 год ператварыўся ў значную кропку на тэатральнай карце не толькі Беларусі, але і Еўропы. Энергія маладосці, максімальная дэмакратычнасць і радасць творчых стасункаў – усім гэтым вызначаецца “М@rt.контакт”.

Творцы атрымалі цудоўную магчымасць раскрыць свой талент, а гледачы – дакрануцца да Прыгожага і пазнаёміцца з сучаснай драматургіяй.

Пра форум – аўтарытэтна

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў:

– Вельмі радуе, што “М@rt.контакт” з года ў год умацоўвае свае пазіцыі галоўнай пляцоўкі для маладых таленавітых дзеячаў тэатра Беларусі і замежжа, дзе можна ўбачыць самыя сучасныя і арыгінальныя спектаклі, а таксама абмеркаваць вострыя і актуальныя для тэатральнай моладзі пытанні.

Намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка:

– Мы жадаем, каб кожны, хто прыязджае на наш форум, знайшоў кропку творчага росту, і магілёўскія тэатры таксама. Кіраўніцтва вобласці падтрымлівае гэты праект, нягледзячы ні на якія крызісы. Форум атрымаў папулярнасць: гледачы прагаласавалі купленнымі білетамі. Сёлета касы прадалі іх каля 4,5 тысячы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч:

– Фестываль сёння надзвычай запатрабаваны. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць тэатраў-удзельнікаў, высокае прадстаўніцтва крытыкаў, ажыятаж сярод публікі. За 11 год існавання “М@rt.контакта” яго наведала больш за 50 тысяч гледачоў, было паказана звыш 100 спектакляў.

Музычны і тэатральны крытык Надзея Бунцэвіч (газета “Культура”, Беларусь):

– Існуе формула ідэальнага фестывалю, у якой мінімум чатыры складнікі. Першы з іх – фестываль як свята, і я лічу, што гэтае свята адбылося. Другі момант – фестываль як падстава для роздуму. Сапраўды, у праграме было шмат спектакляў, над якімі варта паразважаць. Трэцяе – імпульс для развіцця рэгіёна. “М@rt.контакт” дапамог Магілёву атрымаць статус аднаго з самых тэатральных гарадоў Беларусі. Чацвёртая складаючая – гэта камерцыйны поспех. У гэтым плане мы бачым пазітыўныя зрухі, сёння аргкамітэтам шмат робіцца дзеля таго, каб прывабіць гледача ў тэатр”.

 Дырэктар абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў:

В маленькой усадьбе 2_

«У маленькай сядзібе». Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

– “М@rt.контакт” стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей у тэатральнай прасторы Беларусі. Ён з’яўляецца пляцоўкай для пошуку новай мастацкай мовы і прыступкай на шляху да вялікай сцэны для многіх таленавітых акцёраў і рэжысёраў.

Паміж класікай і эксперыментам

Геаграфія форуму пастаянна пашыраецца. У праграме гэтага года значыліся 20 спектакляў з 9 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Польшчы, Літвы, Германіі і інш. Былі прадстаўлены розныя школы і стылі рэжысуры, разнастайныя светапогляды і філасофіі, шырокая палітра жанраў: камедыя, драма, клаўнада, мюзікл, монаспектакль, балет. Свае праекты прэзентавалі маладыя рэжысёры і акцёры, у пастаноўках распавядалася як аб актуальных праблемах грамадства, так і пра вечнае – каханне і нянавісць, жыццё і смерць, праўду і хлусню.

Женитьба Бальзаминова-2_

«Мроі кахання, або Жаніцьба Бальзамінава». Санкт-Пецярбургскі тэатр «Майстэрня».

Як зазначылі арганізатары фестывалю, сёлета быў зроблены крок насустрач публіцы – у праграме стала болей спектакляў, зразумелых і цікавых не толькі мастацтвазнаўцам, але і шэраговым гледачам. Акцэнт рабіўся на класіку, на якасны і правераны часам літаратурна-драматургічны матэрыял. Гэтая канцэпцыя знайшла жывы водгук сярод гледачоў, якія з ахвотай набывалі білеты на пастаноўкі “Майстар і Маргарыта” паводле аднайменнага рамана М.Булгакава, “На дне” і “Васа” па творах М.Горкага, “Шынель” і “Гульцы” – М.Гогаля, “Раскас” – В.Шукшына.У афішы знайшлося месца не толькі класіцы, але і сучаснай драматургіі. Гучны рэзананс выклікалі спецыфічная камедыя “Бракаваныя людзі” ў пастаноўцы маладога ўкраінскага рэжысёра Стаса Жыркова, чорная камедыя “Інтэрв’ю з ведзьмамі” (рэжысёр Яўген Карняг, Беларусь), камедыя абсурду “Лысая спявачка” (рэжысёр Слава Самбрыш, Малдова). Аматары балету і мюзікла атрымалі сапраўдную асалоду ад прагляду спектакляў “Застылы смех” у выкананні тэатра “Балет Масква”, “Гісторыя чаравікаў” Клайпедскага маладзёжнага тэатра, а таксама “Сабакі-Якудза” акадэмічнага маладзёжнага тэатра з Растова-на-Доне.

Самым маленькім гледачам адрасавала поўную пяшчоты і зачаравання сюрэалістычную казку “Тры разы кароль” рэжысёр Кацярына Аверкава ў супрацоўніцтве з тэатрам “Зялёны соўс” (г. Франкфурт-на-Майне). Дарослым пастаноўка таксама прыйшлася даспадобы, бо немудрагелістай і зразумелай мовай расказвала пра такія складаныя рэчы, як палітыка, вайна, барацьба за ўладу.

Шчыльны эмацыйны кантакт з публікай наладзіў армянскі рэжысёр і акцёр Ара Геваргян, зачытаўшы з малай сцэны драмтэатра… лекцыю пра курэнне.

“Аб шкодзе тытуню” – так называўся яго інтэрактыўны монаспектакль, заснаваны на сцэне-маналогу А.Чэхава. Абаяльнасць артыста і яго майстэрская імправізацыя знаходзілі жывы водгук сярод гледачоў.
Магіляўчане выглядалі на форуме больш чым годна, прадставіўшы дзве выдатныя рэжысёрскія працы: “У маленькай сядзібе” (абласны драматычны тэатр) і “На дне” (абласны тэатр лялек). Яны былі надзвычай высока ацэнены крытыкамі Беларусі і замежжа. Абаяльнасць артыста і яго майстэрская імправізацыя знаходзілі жывы водгук сярод гледачоў.

Магіляўчане выглядалі на форуме больш чым годна, прадставіўшы дзве выдатныя рэжысёрскія працы: “У маленькай сядзібе” (абласны драматычны тэатр) і “На дне” (абласны тэатр лялек). Яны былі надзвычай высока ацэнены крытыкамі Беларусі і замежжа.

Школа для творчай моладзі

Шинель-1_

«Шынель». Тэатр «Крэда», Сафія, Балгарыя.

На працягу фестывальнага тыдня традыцыйна ладзіліся майстар-класы для маладых акцёраў. Заняткі праводзілі рэжысёр, тэатральны педагог і мастацкі кіраўнік Санкт-Пецярбургскага тэатра “Майстэрня” Грыгорый Казлоў, а таксама папулярны акцёр, радыёвядучы, музыкант і выкладчык Андрэй Бібікаў. У драматычным тэатры працавала творчая лабараторыя маладых рэжысёраў і тэатральных крытыкаў. Праходзіла выстава мастакоў-сцэнографаў. У рамках майстэрні маладой рэжысуры ўдзельнікі форуму падрыхтавалі эскіз да спектакля “Даты” беларускага рэжысёра і драматурга Сяргея Анцалевіча. Таксама быў арганізаваны круглы стол, дзе вялася дыскусія пра феномен маладой драматургіі ў сучасным тэатры.

Не менш цікавымі, чым самі пастаноўкі, былі штодзённыя абмеркаванні спектакляў з удзелам экспертаў. Сёлета сярод ганаровых гасцей былі тэатральны крытык, педагог і прафесар БДУ Таццяна Арлова, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін, член Міжнароднай асацыяцыі тэатральных крытыкаў (ЮНЕСКА) Ніна Мазур і іншыя. Маладыя творцы прыслухоўваліся да парадаў мэтраў, пераймалі вопыт у калег і абменьваліся творчымі ідэямі.

МАГІЛЁЎСКІ ТЭАТР – У ЛІКУ ЛІДАРАЎ

Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў спектакль “Раскас” па матывах твораў В.Шукшына (Маскоўскі драматычны тэатр “Сфера”).

Сёлета пераможцаў вызначала не прафесійнае журы, а маладыя крытыкі. На іх думку, лепшым спектаклем стала “Жыццё за цара” (“Тэатра Ды Капуа”, Санкт-Пецярбург). Лепшым маладым рэжысёрам назвалі Ігара Казакова (Магілёўскі абласны тэатр лялек), яго ж спектакль “На дне” вызначыўся лепшай сцэнаграфіяй. Лепшы малады акцёр форуму – Максім Студзяноўскі (Санкт-Пецярбургскі тэатр “Майстэрня”), а лепшая маладая актрыса – Ірына Ткачэнка (тэатр “Залатыя вароты”, Кіеў). Лепшым музычным афармленнем, на думку моладзі, вылучыўся спектакль “Інтэрв’ю з ведзьмамі” (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Мінск), а лепшым акцёрскім ансамблем – “Васа” (“Ведагонь-тэатр”, Масква).

Матэрыялы падрыхтавала Вольга СЕМЧАНКА. Фота Юліі Пеплер.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.