Здрада (апавяданне)

Сёння самы жудасны дзень у яе жыцці. А як добра ён пачынаўся! Раніцай патэлефанавала дачка і паведаміла радасную навіну: зараз яна з мужам і маленькай Дарынкай едзе ў цягніку, а ўвечары ўся сям’я ўжо будзе ў роднай хаце. Гэта вестка так усхвалявала, што першыя хвіліны жанчына нават не магла сказаць і слова. Сэрца шалёна калацілася ў грудзях, слёзы шчасця навярнуліся на вочы. Трэба хутчэй рыхтавацца да сустрэчы: сабраць на стол, купіць падарунак унучцы. Амаль два гады яны не бачыліся. Ведама, жыве іх Кацярына не блізка, аж на іншым канцы свету — у Амерыцы! Вось і не часта даводзіцца ім бываць разам.
Жанчына накіравалася ў пакой да мужа, каб парадаваць і яго. Але выслухаўшы жонку, той толькі развёў рукамі і сказаў: «Не жадаў я зараз пра гэта гаварыць, але бачу прыйдзецца. Можа так і лепш, хай і дачка ведае, думаю, яна мяне зразумее і прабачыць».
— Што прабачыць, — незразумела жонка.
— Я пакахаў другую жанчыну. Ужо пяць гадоў, як мы сустракаемся, думаю, для цябе гэта не навіна.
— Як другую?.. Як пяць год? — ад нечаканасці ногі падкасіліся і стала цяжка дыхаць, сэрца так моцна стукала ў грудзях, што здавалася, зараз яно не здолее справіцца са сваёй хуткасцю і проста разарвецца на дробныя кавалачкі.
— Валянціна, ты — разумная жанчына і павінна мяне выслухаць. Дзеці нашы дарослыя, нам не трэба больш аб іх клапаціцца, як раней. Цяпер і мы маем права пажыць так, як нам гэтага хочацца.
— Каму хочацца? Пра што ты гаворыш? — нарэшце да кабеты вярнулася мова. — Яна маладая? Колькі ёй гадоў? — спрабавала яна дапытацца.
— Ну, маладзей цябе на дваццаць год, але не ў гэтым справа. Яна кахае мяне па-сапраўднаму. А з табой нас ужо даўно злучае толькі бацькоўскі абавязак перад дзецьмі. Мы не павінны марнаваць адзін аднаго. Давай абый-дземся без слёз і дакораў. Прызнайся сабе, ты ўжо таксама мяне не кахаеш — гэта проста звычка. Сёння я павінен ехаць да яе. Раіса мяне будзе чакаць.
— А як жа наша дачка? Што ўвечары я ёй скажу? — насілу змагла вымавіць жанчына. Слёзы засцілалі вочы і перашкаджалі гаварыць.
— Яна ўжо не маленькая! Скажы як ёсць! Не разводзь вільгаць, а то я адчуваю сябе сапраўдным здраднікам! Мы ж з табой дарослыя людзі. Я зрабіў свой выбар. Прабач! — ён трохі памаўчаў, а потым дадаў: — У маёй каханай сёння дзень нараджэння, і вечарам да нас прыйдуць госці. Не магу я інакш. Прабач, што так здарылася!
— Я вельмі цябе прашу, — узмалілася жанчына. — Толькі не сёння. Дзеці паедуць, тады можаш і да сваёй Раісы накіроўвацца. Толькі адзін тыдзень падаруй мне. Не трэба хваляваць дачку, яна зараз цяжарная, і ў хуткім часе ў нас з’явіцца яшчэ адзін унучак, — з роспаччу дадала Валянціна.
Мужчына на імгненне змоўк і аб нечым задумаўся, на твары з’явілася ўсмешка.
— Не ведаю, не ведаю, — паў-тарыў ён некалькі разоў. — Я ўжо абяцаў і мяне будуць чакаць, — прамармытаў ён сабе пад нос. А потым рашуча сказаў:
— Добра, толькі тыдзень. А тады я адразу цябе пакіну. Цяпер пайду крыху прылягу — не турбуй мяне да вечара.
Жанчына доўга сядзела ля вакна, назіраючы за прахожымі. Слёзы каціліся па яе маршчыністым твары і крапалі на сухія, шурпатыя ад цяжкай працы рукі, але Валянціна не адчувала іх цяпло. Боль роспачы скаваў яе сэрца, і яна нават не магла крануцца з месца. Так і сядзела нерухома амаль да цемры. Толькі калі на вуліцы запаліліся ліхтары, апамяталася і хуценька пачала збірацца: цягнік вось-вось прыбудзе на вакзал.
Валянціна наблізілася да дзвярэй. Выцерла мокры ад слёз твар. Набрала паветра і ўздыхнула — не гожа паказваць мужу сваю слабасць. Трэба вытрымаць гэты суровы ўдар лёсу. Яна павінна быць дужай і не толькі дзеля сябе.
Жанчына ўвайшла ў пакой — ціха. Нават нячутна, як ён спіць. Валянціна не спяшалася запальваць святло, яшчэ некалькі хвілін яна нерухома стаяла ў парозе. Вось ён зусім побач, такі блізкі і вельмі каханы, але ў той жа час такі далёкі і зусім чужы. Хацелася абняць і прытуліцца да яго, як заўсёды. Яшчэ імгненне — і яна не вытрымае, падойдзе і паказытае яго за вухам, бо ён вельмі смешна тады трэцца аб яе руку. Не, яна не будзе гэтага рабіць — не асмеліцца паказаць сваю кволасць і каханне.
Валянціна пстрыкнула выклю-чальнікам і падыйшла да ложка. Мужчына ляжаў тварам да сцяны. Яна дакранулася да яго пляча і адчула, як нешта нядобрае кальнула ў сэрца. Праз тонкую тканіну вопраткі яе рукі адчулі холад, вечны, люты холад, які назаўсёды скаваў цела самага дарагога чалавека — яе каханага. Ногі падкасіліся і сталі нейкімі ватнымі, рукі апусціліся. Здалося, вось-вось яна страціць прытомнасць. Жанчына павярнула мужа да сябе, застылы позірк блакітных вачэй быў нейкі чужы і незнаёмы. У руках мужчына трымаў мабільны тэлефон. Валянціна асцярожна выцягнула яго і паглядзела на экран: «Калі ты выбраў сваю старую кабету, дык з ёй і заставайся! Вы добрая пара. Бывай!»
Жанчына знясілена села побач: «Мабыць цяжкі быў гэты выбар для яго, раз сэрца не вытрымала. Ах, ты — праклятая маладуха! Вось як бывае, ні табе, ні мне ён ужо не дастанецца! Забрала смерць яго ў нас з табой назаўсёды!»
Валянціна прыхінула мужа да сябе і расплакалася.

Галіна ПЯРУН.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.