«Гартаючы мінулага старонкі»

Сяргей Ягоравіч Лугавы з’яўляецца дырэктарам нашай школы з 1986 года. Нарадзіўся ён у Быхаўскім раёне ў сям’і настаўніка. Яго бацька прайшоў вайну, быў цяжка паранены. Пасля вайны закончыў Крычаўскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці: «Настаўнік пачатковых класаў» і працаваў у адной са школ Быхаўскага раёна. Кожны дзень ён прыносіў сшыткі на праверку дамоў, і маленькі сын садзіўся побач. Сяргей Ягоравіч быў вельмі дапытлівым хлопчыкам. Назіраў, як бацька выпраўляе ў сшытках памылкі, ставіць адзнакі. Кожны сшытак пасля праверкі бацькам хлопчык пераглядаў і сам.

Хутчэй навучыцца чытаць – была галоўная яго мара. У той час не было ні тэлебачання, ні інтэрнэту. Кожны вечар яго сям’я збіралася дома, каб пачытаць кнігі ўслых, і ён з захапленнем, раскрыўшы рот, слухаў кожнае апавяданне. Гэта былі не толькі казкі, байкі, але і сур’ёзныя творы.

У 5 год здзейснілася яго мара. Літары пачалі складацца ў склады, склады ў словы – ён навучыўся чытаць. Чытаў шмат. Перачытаў усе кнігі, якія былі дома. Калі пайшоў у школу, адначасова запісаўся ў школьную і сельскую бібліятэкі. Ён вельмі захапляўся творамі Я.Маўра, П.Пестрака і іншымі. Любімымі прадметамі ў школе былі гісторыя і літаратура. Сяргей Ягоравіч заўсёды ведаў, што ён будзе настаўнікам, як яго бацька, але не мог выбраць паміж гэтымі дзвюма навукамі. Гісторыя перамагае літаратуру, і ў 1972 годзе ён паступае на гістарычны факультэт МДУ імя Куляшова. Сяргей-студэнт працягвае шмат чытаць. Запісаўся ў гарадскую бібліятэку, а потым — і ў бібліятэку імя Леніна.

Восенню 1973 года, знаходзячыся ў бібліятэцы імя Леніна, малады студэнт убачыў аб’яву, што прыязджае на сустрэчу з чытачамі вядомы беларускі пісьменнік Іван Шамякін. Сустрэча адбудзецца вечарам. Ён адразу зацікавіўся гэтай аб’явай і вырашыў пайсці. Прыйшоў загадзя, да сустрэчы заставалася яшчэ адна гадзіна, і ён вырашыў наведаць кніжны магазін, пазнаёміцца з кнігамі пісьменніка і купіць адну з іх. Кнігі ў магазіне былі дарагія, а ў яго было толькі 50 капеек. Зразумела, грошаў на кнігу не хапала, і ён адважыўся купіць кніжную латарэю. У той час такія латарэі былі ў кожным кніжным магазіне і каштавалі па 25 капеек. Калі выцягнуў латарэю – выйграў 1 рубель. За яго купіў сабе кнігу Івана Шамякіна “Сэрца на далоні” і пайшоў на сустрэчу. Там Шамякін расказваў аб сваім творчым шляху, аб складанні кніг, а пасля падпісваў кнігі чытачам. Падпісаў ён кнігу і Сяргею Ягоравічу, набытую ў магазіне, напісаў: “Іван Шамякін”.

Наш дырэктар вельмі ганарыцца тым, што не ўпусціў такі шанс сустрэцца з пісьменнікам і вельмі даражыць гэтай кгігай.

Апісанне кнігі: аўтар – Іван Шамякін “Сэрца на далоні”, 1969, выдавецтва “Беларусь”.

Знешняе апісанне кнігі: кніга складаецца з 495 старонак, у цвёрдым пераплёце, памер кнігі 13х17, стан – здавальняючы.

Ірына ЛЫСЯНКОВА,
бібліятэкар
ДУА “Дашкаўская СШ”.

Добавить комментарий