Шчасце – птушка пералётная?

Фото: http://via-midgard.info/uploads/posts/2011-08/1313039288_image021.jpg

Салігорскі цягнік прыбываў у Магілёў звычайна вечарам апалове сёмага. Але сёння ён чамусьці спазняўся. Ірыну непакоілі ўласныя думкі настолькі, што нават і не пачула паведамлення дзяжурнай аб затрымцы цягніка. Яна нетаропкімі крокамі прахаджвалася па пероне, раз-пораз паглядваючы на гадзіннік.
— Няўжо не прыедзе, — неспакойная думка то адыходзіла ад яе, то вярталася зноў з нейкім шчымлівым, не-падуладным хваляваннем.
…3 Андрэем яна пазнаёмілася, можна сказаць, выпадкова. Яму, вадзіцелю грузавіка, па камандзіроўках даводзілася бываць у розных гарадах. Але той студзеньскі вечар запамятаўся асабліва. А справа была так. Вяртаючыся з камандзіроўкі праз наш горад, Андрэй з сябрам вырашыў зазірнуць у адзін з магазінаў, каб купіць тое-сёе перакусіць. Усё б добра, ды здарылася адна непрыемнасць. Выходзячы з магазіна, Андрэй паслізнуўся і моцна вывіхнуў нагу. 3 цяжкасцю падняўся, але ісці да машыны ўжо не змог. Папрасіў сябра, каб выклікаў хуткую дапамогу. Так і апынуўся ў бальніцы. У тую ноч у аддзяленні дзяжурыла Ірына.
— У палатах месцаў няма. Так што вам, малады чалавек, пакуль прыйдзецца паставіць ложак у калідоры, — адразу папярэдзіла яна новага хворага.
Так, можна сказаць, і пазнаёміліся. Крыху пазней яна прынесла здымкі, сказала, што пералому няма, а на ўсялякі выпадак зрабіла абязбольваючы ўкол.
—У вас такія цёплыя рукі, — схлусіў Андрэй, але Ірыне гэта спадабалася.
Пост медсястры быў непадалёк ад яго ложка, таму амаль да поўначы яны размаўлялі. Андрэй расказаў, што дома яго чакаюць жонка з маленькай дачкой Насцечкай: а таму ім патрэбна патэлефанаваць. Ірына запісала нумар тэлефона і паабяцала папярэдзіць родных назаўтра раніцай, калі скончыцца дзяжурства. Аднак нумар той, чаму нават — не ведае сама, так і не набрала. А назаўтра вечарам спяшалася на дзяжурства, чакаючы сустрэць Андрэя. Хуценька зрабіўшы ўрачэбныя назначэнні, яна прысела на край ложка.
— Як сябе адчуваеш? — неяк няёмка запыталася, спахапіўшыся, што перайшла на “ты”.
— Добра, — адказаў Андрэй.
— Я вось табе вітамінаў прынесла. Яна дастала з кішэні халата дзве жоўтыя таблеткі і падала Андрэю. Нечакана для сябе ён спытаў: “А ты не замужам?”
— Не, — адказала ірына.
На хвіліну-другую паміж імі ўсталявалася цішыня. Ірына першай парушыла яе:
— Ведаеш, я так зайздрошчу табе, дома ж цябе чакае сям’я, дзеці. — Яна не хацела чамусьці называць слова “жонка”. Сям’я — больш нейтральнае. — А я вось так: работа, дом і больш нічога. Апошні раз у тэатр з сяброўкай хадзіла аж восенню, хаця тэатр люблю, — шчабятала Ірына.
Дні ляцелі непрыкметна. Блізіўся тэрмін выпіскі Андрэя. Сказаць, што гэтага дня Ірына чакала, было б несправядліва. Наадварот, яна хвалява-лася за тое, што не зможа больш вось так пагаварыць “па душах”. I хто ведае, можа, гэтае “па душах” перарасло ў нешта большае. Нездарма ж хтосьці з вялікіх сказаў: за вялікай дружбай хаваецца каханне.
…Дзяжурства ў той вечар было неспакойнае. Увесь час Ірына бегала з адной палаты ў другую, прывозілі экстранных хворых. Адным словам, работы хапала. Бліжэй да поўначы, калі ў калідоры і палатах заціхлі галасы, яна прысела за стол, перакладваючы карткі з гісторыямі хваробы. Ад лёгкага дотыку да пляча яна павярнулася і заўважыла Андрэя.
— А табе не спіцца чаму?
— За вітамінамі прыйшоў, — скеміў Андрэй, нахіліўшыся над сталом.
Ірына маўчала, слухаючы яго роўны прыцішаны голас.
— Доктар сказаў, што мяне заўтра выпішуць, — прамовіў Андрэй.
Жаночае сэрца забілася неяк неспакойна, але яна выгляду не падала.
— А ў мяне заўтра выхадны, — з жалем сказала Ірына.
— Ну дык будзе развітальны выхадны, — дадаў Андрэй.
— Я буду чакаць цябе, — Ірына працягнула Андрэю запіску з адрасам і хуценька ўстала з-за стала.
Больш ні аб чым не размаўлялі.
Скончыўшы дзяжурства, Ірына першай справай накіравалася да знаёмай у цырульню зрабіць сабе прычоску.
— З чаго б гэта? — жартавала сяброўка Вера, — няўжо новага доктара завяла?
— Не доктара, а пацыента, — смехам мовіла Ірына.
…Званок у дзверы раздаўся, калі Ірына сядзела, што называецца, пры ўсіх “рэгаліях”, за тзлевізарам. Нават не пытаючы “хто”, адчыніла адразу. Андрэй стаяў з кветкамі, тут жа ў прыхожай дастаў бутэльку шампанскага.
— Ты праходзь, не стой, — хвалявалася Ірына. — Харомаў тут у мяне вялікіх няма, але для адной хапае.
— I для дваіх таксама, — жартаваў Андрэй, праходзячы ў пакой.
— Ну што, адразу за стол, па-дамашнім пірагу засумаваў? — запытала Ірына, несучы духмяны пірог.
Андрэй з уважлівасцю сачыў за яе рухамі.
У стракатым дамашнім халаціку яна здавалася яму зусім не падобнай на тую сур’ёзную медсястру, якую бачыў у аддзяленні бальніцы. Пасмы залацістых валасоў былі рассыпаны па хударлявых плячах. Вочы, акаймаваныя пушыстымі вейкамі, нібы блакіт нябёсаў былі нейкімі блізкімі, што, здавалася, дзесьці іх бачыў раней, да сустрэчы, толькі вось дзе, ніяк уцяміць не мог.
Яны сядзелі за сталом, размаўлялі. Андрэй сыпаў жарты, Ірына звонка смяялася. На душы была непадробная асалода ад сустрэчы з чалавекам, якога яна па-сапраўднаму пакахала. Трэба было дажыць да трыццаці гадоў, схадзіць замуж, паспытаць адзіноцтва і выпадковых знаёмстваў, каб зразумець, што патрэбна ёй ад мужчын. Аказваецца, зусім мала: разумення і шчырага кахання.
За размовай час ляцеў непрыкметна. Ірына інтуітыўна падазравала, што хутка прыйдзецца расставацца, а таму гаварыла больш сама.
За білетам Андрэй прапанаваў пайсці разам. Да адпраўлення дызеля заставалася паўтары гадзіны, а таму вырашылі яшчэ зайсці ў кафэ.
…У той вечар ён не паехаў дамоў. Застаўся ў Ірыны. Раніцай развіталіся, Андрэй абяцаў патэлефанаваць адразу, як прыедзе. I абяцанне сваё выканаў. Па тэлефоне гаварыў Ірыне, што і зараз не можа забыць іх сустрэчы, кахае яе. Жаночае сэрца разрывалася ад болю. “Божачкі, — думала яна, — як пабудаваны свет: марым, кахаем, спадзяемся. I далёка не ў кожнага гэтыя мары і спадзяванні даходзяць да ўзаемнага шчасця”.

Фото: http://img-fotki.yandex.ru/get/3909/kyrtallam.93/0_377fb_ba59a890_XL

…Усё часцей тэлефонны нумар Андрэя Ірына набірала сама, і завязвалася канспірыраваная размова.
Аднойчы Андрэй паведаміў, што прыедзе да яе. Яна па-сапраўднаму чакала гэтага дня, рыхтавалася да яго, нават сяброўку папрасіла, каб на дзяжурстве падмяніла.
…У паветры кружыла вясна, напоў-неная водарам чаромхі, які прыдаваў прыемную свежаць і рамантычны настрой. У чаканні цягніка Ірына не заў-важала гэтага. Яна разгубілася яшчэ больш, калі глядзела ўслед адыходзячаму цягніку. Андрэя не было. Прыйшоўшы дамоў, нават не здымаючы туфляў, прылягла на канапу. Галаву свідравала думка: чаму не прыехаў Андрэй, ён заўсёды быў пунктуальны? Мог бы патэлефанаваць, папярэдзіць.
…Даведаўшыся пра здраду, жонка Андрэя напачатку ўспрыняла гэта як моцны ўдар лёсу. Але не скарылася яму. Маўляў, нам, жанчынам, не трэба забываць пра тое, што можам значна больш, чым нават прынята лічыць самім. Толькі думаць трэба, думаць! Ключыкі падбіраць… А падабраўшы, насіць іх на грудзях і не пакідаць у замку “запальвання” для шустрых угоншчыц. А з тым, што шчасце — птушка пералётная, ніколькі не пагаджалася. Праз знаёмых яна адшукала бабулю, якая тое-сёе ведала ў сэнсе прысушак каханых. Заплаціла старой. I далей неадступна выконвала яе парады.
Нават не пабаялася схадзіць на могілкі, каб прынесці жменю зямлі для здзяйснення задуманага, у знак помсты саперніцы.
Невядома, якія замовы гаварыла бабуля над гэтэй зямлёй. Аднак параіла ёй, адпраўляючы мужа ў чарговую камандзіроўку, высыпаць гэтую зямлю на скрыжаванні чатырох дарог. Маўляў, саперніца павінна захварэць, а каму хворая патрэбна?
…Вестка аб трагічнай гібелі Андрэя ў аўтамабільнай катастрофе абляцела невялікі Салігорск літаральна на другі дзень пасля той злашчанай камандзіроўкі. Кажуць, Бог не карае грахі двойчы. Толькі ў каго іх больш, меркаваць цяжка.

Алег ДЗЯТЛАЎ.

Добавить комментарий