“Чырвоны чаравік” (апавяданне Галіны Пярун)

“Чырвоны чаравік”

g1447 (1)Аднойчы на Каляды паехала я ў вёску да знаёмай сяброўкі. Доўга мы сядзелі за чашкай гарбаты, успамінаючы школьныя гады. Старая бабуля Алена ўважліва слухала нашу размову, а потым заявіла: «Дзяўчаты, вы маладыя і зусім не ведаеце, як раней цікава было варажыць на багатую Каляду. Цяпер моладзь на гэта час не марнуе, ў іх іншае на розуме,» — і палезла на печ грэцца на чарэні. Праз некалькі хвілін пачулася сапенне. Зрабілася зусім сумна. А што калі і сапраўды паспрабаваць зазірнуць у будучыню?
Паклікалі суседку Валянціну. Пачалі ўспамінаць, хто, што ведае пра варажбу? Сяброўка Каця адразу прапанавала паглядзець на суджанага ў люстэрку. Апрануўшыся, мы пайшлі ў лазню. Першай села на лаўку Кацярына. Прымацавала люстэркі, каб атрымаўся лабірынт і стала пільна сачыць, калі з’явіцца наканаваны. Цішыня, толькі чуваць як на вуліцы вые завіруха. Мы са страху нават не маглі паварушыцца. Напружана чакаем, калі скончыцца сеанс. За сцяной у прылазніку шапацяць мышы. Ад скразняку міргае агеньчык свечкі. Валянціна бліжэй ціснецца да мяне. Па сценах бегаюць дзіўныя, доўгія цені. Вуха ловіць кожны незнаёмы гук. 3-за бясконцага чакання здаецца, што на гарышчы, нехта, ледзьве чутна, ступае. Я шапчу Валянціне, каб тая ціха падгледзела ў люстэрку, ці не бачна там каго. Сяброўка непрыкметна падыходзіць да Каці і зазірнуўшы праз плячо ў лабірынт, кранае яе за руку. Ад нечаканасці Кацярына падхопліваецца і нешта перакульвае. Раздаецца звон, тухнуць свечкі. Мы з крыкам выбягаем на двор. Здаецца, за намі нехта гоніцца. Сэрца спалохана б’ецца ў грудзях. На вуліцы ціха, толькі недзе ў другім канцы вёскі залівіста брэшуць сабакі.
3-за чорных снежных хмар паказаўся ясны серп месяца. Я ўспамінаю пра гаспадарскага сабаку — можна варажыць на аладках! Хуценька замясілі цеста і спяклі тры аладкі. Паклікалі Шарыка. Кацярына кінула іх дварняку, той адным разам праглынуў усе. Мы нават не паспелі заўважыць, чыю першую ён ухапіў. Рабіць няма чаго. Вярнуліся ў хату і напяклі яшчэ. На ўсякі выпадак, аж цэлую міску. Вырашылі адразу пакарміць небараку, каб нашы аладкі потым еў не спяшаючыся. Мы з задавальненнем назіралі, як галодны сабака ўмінаў пачастунак. I вось калі засталося толькі тры, мы вылажылі іх перад носам Шарыка. Той удзячна аблізнуўся і нават не стаў іх нюхаць. Тады я памазала кожную слоем тлушчу, але ён вінавата вільнуў хвастом і нырнуў у падваротню. Толькі мы яго і бачылі…
За гэты час бабка Алена выспалася і злезла з печы. Пажартавала над намі, а потым параіла паспрабаваць кінуць чаравікі за вароты. Мы павесялелі. Гэтая справа нам па плячы, нічога цяжкага тут няма. Узялі кожная свой бот і выбеглі на двор. Сталі спіной да вуліцы і па камандзе кінулі абутак. Праз хвіліну глядзелі, ў які бок паказвае нос чаравіка. Дзяўчаты адразу знайшлі свой абутак. Як не шукалі мой, чырвоны чаравік на высокім абцасе, так і не знайшлі. Раніцай пералапацілі ўвесь снег на вуліцы, а «бот» мой знік невядома куды. Вярнулася я да хаты ў бурках бабы Алены. Ох! I патрапіла мне тады ад матулі за новыя чаравікі!
Праз тры гады выйшла я замуж. I вось сабраліся мы з мужам пад Новы год наведаць маіх сябровак у вёсцы. Весела ўспаміналі студэнцкія гады. Кацярына завяла гаворку пра варажбу на Каляды. Адразу на ўспамін прыйшоў мой чырвоны чаравік, які так і не знайшоўся. Увесь час мой муж зацікаўлена слухаў, а потым рассмяяўся. Некалькі хвілін ён не мог супакоіцца, а затым распавёў нам даўнюю гісторыю:
— Аднойчы на Каляды папрасіў мяне сябар прывезці з магазіна новую шафу да яго бацькоў, у вёску. Справа была к вечару і каб не ехаць прыцемкамі ў горад, прапанаваў застацца на ноч. Галалёд тады і сапраўды быў незвычайны. Мусіў я паставіць свой грузавік каля суседскага двара і лёг адпачываць. Якое ж было маё здіўленне, калі на заўтра ў прычэпе маёй машыны я знайшоў новенькі чаравік, ды яшчэ чырвонага колеру! Мой знаёмы, тады яшчэ пажартаваў, што цяпер прыйдзецца шукаць сваю Папялушку! А чаравік гэты я збярог, ён у мяне на гарышчы прыхаваны.
Мае сяброўкі так і ахнулі! Вось і не вер пасля гэтага ў варажбу Каляднай ночы!

Галiна ПЯРУН.

Добавить комментарий