Віктар Кунцэвіч “У Брэсцкай крэпасці”

9mayВіктар Кунцэвіч
У БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ
Я ў Брэсцкай крэпасці —
На ранах
Тваіх, радзімая зямля.
Па цішыні зачараванай
Сышоў кудысьці шэры ранак,
I тут адны мы — склеп ды я.
Я ў Брэсцкай крэпасці —
На ранах.
Бруіць па іх нябачны ток
Жывых і мёртвых ветэранаў.
Чакана так і нечакана
У склепе чуць: “Прывет,
браток!”
Я ў Брэсцкай крэпасці —
На ранах.
Зрабіў сцяну халодны склеп
Святым ажыўленым экранам,
Каб памяць бачыць
нестаптанай,
Каб я душою не аслеп.

ЗОРКА БАГДАНОВІЧА
Зорка Венера над Мінскам,
Зорка Венера над Ялтай.
Сэрцу аднолькава блізкая.
Самая-самая яркая.
Зорка Венера, бы песня.
Зорка Венера, што смутак.
Зорка, як і прадвесне,
Скутая чуйнай пакутай.
Зорка… Спавітае з ёю
(Што гэта — існасць ці мроіцца?
“…Помніш, калі я спаткаўся з табою…”),
Сэрца пяе Багдановіча.

Добавить комментарий