Ці расце ў Вішове «Дрэва вечнасці»?

122841_0df8d86b1Гаворачы пра багацце гісторыі нашай краіны, жартуюць: «Дзе ні станеш, абавязкова трапіш у гістарычнае месца». Але ў большасці выпадкаў падарожжы па знакавых месцах суправаджаюцца словамі: «Тут было… А там некалі стаяла…» Час не шкадуе ні пабудоў, ні мясцін, ні людзей… Але застаюцца маўклівыя сведкі — велізарныя дрэвы.

Знаёмая паведаміла, быццам у нас — у аграгарадку Вішоў (Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці) — расце міфалагічнае дрэва явар. Памятаеце песню?

Благаславі, маці, вясну сустракаці.

А зялёны явар кудравы.

Вясну сустракаці, зіму замыкаці,

А зялёны явар кудравы.

Народныя ўяўленні пра явар мелі на ўвазе некалькі дрэў — і асіну звычайную, і белы клён, і серабрыстую таполю. Дрэвы, пра якія мне нагадалі, ведаюць многія мясцовыя жыхары. Знешне і па форме лістоты яны нагадваюць асіну, але вышэйшыя. Увосень іх лісце ярка-жоўтага колеру і мае хвалістыя рабрынкі. А на маладых парастках яно ўвогуле нагадвае кляновае лісце, толькі маленькае па памеры.

Добра пакапаўшыся ў розных крыніцах і параіўшыся з біёлагамі, прыйшла да высновы, што вішоўскае «дрэва Вечнасці» — гэта серабрыстая таполя (Populus alba), якая з’яўляецца блізкім родзічам асіны. Дарэчы, лісты гэтага дрэва знізу маюць «замшавую» паверхню, таму пры моцным ветры адліваюць срэбрам. Яго белую драўніну раней выкарыстоўвалі для вырабу рэчаў хатняга ўжытку.

Вішоўскія таполі сапраўды вечныя, бо нават наўздагад ім можна даць 100-150 гадоў. Старажылы расказваюць, што на тым месцы, дзе яны зараз растуць, быў некалі вялізны парк з рэдкімі дрэвамі, закладзены ў ХІХ стагоддзі мясцовым памешчыкам, стацкім саветнікам Мікалаем Савіцкім, які, акрамя парку, загадаў пасадзіць вялікі пладовы сад і бэзавую алею даўжынёй больш як паўкіламетра. Адметнасцю пладовага саду былі вялікія плантацыі агрэсту і парэчак, якія захаваліся да другой паловы ХХ стагоддзя. Па ўспамінах вяскоўцаў, маёнтак Савіцкага быў двухпавярховы, з чырвонай цэглы. Да вайны ў ім знаходзілася МТС, а панскі двор і гаспадарчыя пабудовы былі заняты пад сельскагаспадарчыя машыны. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў маёнтку размяшчаўся нямецкі гарнізон. Адыходзячы, немцы разбамбілі будынак. Напрыканцы 50-х гадоў руіны маёнтка разабралі, а з яго цэглы пабудавалі памяшканні бальніцы. Ад пладовага саду, парку і бэзавай алеі нічога не засталося. На іх месцы зараз стаяць шматпавярховыя дамы і дзіцячы садок. Толькі некалькі серабрыстых таполяў, маўклівых сведак мінулых падзей, як і раней, буяюць зялёнай лістотай.

“Звязда”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.